Силланпяя Франс Эмиль - Праведная галеча стр 8.

Шрифт
Фон

Стары Пеньямі заўсёды гнаў прэч жабракоў. Але той каляднай ноччу яны ўпершыню ўступілі ў хату на хутары Нікіля. Толькі ўсе сабраліся спаць, як у хату ўлезла старая бабуля з двума дзецьмі. Яна расказала, што іхняя маці памерла ў дарозе. Паколькі стары Пеньямі моцна спаў, ім дазволілі пераначаваць на смярдзючай саломе. Іхні прыход разбудзіў Юсі, і ў ягонай напалову соннай душы вобразы гэтых вандроўнікаў засталіся назаўсёды. Хлопчыку падалося, што ён праспаў Каляды.

Уранні Пеньямі раздражнёна бурчаў, але сілы ў яго не хапала на сапраўдную сварку, таму ён толькі млява лаяўся са старою жабрачкай. Тая не саступала. Яна займалася сваімі дзецьмі і амаль гвалтам здабыла крыху малака з невялікіх прыпасаў, што меліся ў доме. Яна засталася яшчэ на адну ноч, старанна аплятала хлеб з мякінай, які пяклі ў Нікілі. Не менш старанна яна нахвальвала гэты грубы хлеб, з вялікай дасведчанасцю распавядала аб становішчы ў свеце, пра тое, што будуецца чыгунка недзе пад Рыйхімякі, пералічвала назвы мясцовасцей, дзе былі прытулкі для жабракоў, сыпала парадамі, як лепей выпякаць хлеб; наогул, паказала сябе мудрым чалавекам. Ад яе струменіўся нейкі незвычайна рэзкі і вільготны дух жабрацтва, які змешваўся з заўсёдным пахам дома Нікілі – пахам тытуню і земляной падлогі. Ранкам Стэфанавага дня яна з дзецьмі і ўсім сваім рыззём падалася далей на Тамперэ.

Так пачаўся заключны этап жыцця гэтай сям’і на хутары Нікіля. Цяпер жабракі часцяком паварочвалі на хутар, і ніхто болей іх не праганяў, а яны, як толькі заўважалі, што гаспадары збяднелі і ў іх амаль няма чаго есці, дык паводзілі сябе накшталт тае старой: дарэмна нічога не просячы, размяшчаліся, як у сябе дома, на ноч або на ноч і на дзень. А потым зноў выпраўляліся ў дарогу. Некаторыя жабракі мелі жменьку кавы, варылі яе і пілі. Пеньямі спрабаваў бурчаць і лаяцца, але і ён выпіваў свой кубак.

Сталыя сямейныя адносіны, якія складваліся гадамі, цяпер аслаблі і нібы растварыліся ў водары жабрацкай галечы, які напаўняў усе будынкі на хутары Нікіля. Цяпер Юсі бачыў вялікае мноства сваіх аднагодкаў; цьмянае прадчуванне вялікага новага абсягу абуджалася ў хлапечай душы, і дзіўны спакуслівы водар невядомага сусвету вабіў да сябе. Юсі мог дасхочу бегаць па двары і па доме – ніхто за ім не сачыў. Ён бачыў зблізку, як паміраюць людзі. І праз пэўны час у яго зарадзілася жаданне далучыцца да якой-небудзь хеўры валацуг. Ён нібыта ведаў, што некалі пакіне гэты дом, але калі?

Душа старога Пеньямі штодзённа знемагала ў пакутах. Гарэлка, што была на Калядах, скончылася, а зноўку пайсці да таты Олілы і папрасіць яшчэ ён не наважваўся. Чаго ён баяўся? Адказу на гэтае пытанне ў старога Пеньямі не было – ён і сам не ведаў чаго. Пасля калядных свят Пеньямі адчуваў незвычайную слабасць, і, відаць, таму пакутлівыя думкі пачалі поўніць ягоную душу. Асабліва цяжкія думы апаноўвалі старога, калі ён заставаўся адзін. Часам у цішыні яму здавалася, што аднекуль чуецца голас святара, які чытае яму суровую мараль. Звычайна ўсё пачыналася здалёк, з маладых дзён; суровы голас упамінаў тыя ці іншыя падзеі і выпадкі, што здараліся з Пеньямі ў жыцці, калі ён быў поўным сілы, дужым гаспадаром, і заканчваліся апісаннем жыцця ў гады нястачы і бядоты. Часам голас пачынаў гучаць ласкава і нават пяшчотна, і тады Пеньямі не разумеў, аб чым ён кажа. Нічога такога не казаў гэты голас, але ўсё ж заставался пачуццё нечага нявыказанага, і нейкае дзіўнае адчуванне апаноўвала Пеньямі – адчуванне таго, што менавіта дзеля гэтага замоўчанага пастар і чытае яму сваю казань. І чулася яму прадказанне, што памрэ ён таму, што часы мяняюцца, а ён ужо страціў здольнасць мяняцца ў гэтым вірлівым патоку. Куды ён трапіць, у якую апраметную, у якое пекла? Пра тое Пеньямі ніколі не думаў, а што ж да царства нябеснага, дык яно ўяўлялася нечым прыкра-саладжавым і не надта вабіла яго. Калі ж часам думка пра тое і наведвала яго, дык заўсёды падавался, што ляжыць ён з цяжкаю хваробай у ложку і слязлівым бабскім голасам спавядаецца ў грахах. І гэта здавался яму самым паскудным становішчам, у якім толькі мог апынуцца мужчына сталага веку, назаўсёды прапахлы тытунём і самагонкаю.

Стасункі старога Пеньямі з царквою склаліся так, што часам ён наведваў набажэнствы, як і ўсе астатнія, а мог і пасмяяцца з пастара, калі быў у добрым гуморы. А калі той прамаўляў як сапраўдны мужчына, дык можна было і паслухаць. Да гаворак аб вечным памысным жыцці ён ставіўся, як да неразумных дзяцей, існаванне якіх на гэтым свеце даводзілася цярпець, нягледзячы на ўсю іхнюю мярзоту.

Але вось цяпер той нябачны святар чытае яму казань ды яшчэ і патрабуе, каб ён, Пеньямі, зноў ператварыўся ў бязгрэшнае ласкавае дзіця. Ён хутка памрэ, у яго ёсць пазыкі, ён зусім азыз і знясілеў аж да таго, што вось цяпер нейкі жабрак храпе на лаўцы каля печы. Ён прадчувае, што хутка на хутар прыедзе галоўны мясцовы паліцыянт – ленсман. Калі б хто з сапраўдных мужчын убачыў, што творыцца ў ягонай душы, дык ухапіў бы яго за каршэнь ды страсянуў як след, так, як гэта робяць з нягеглымі шчанюкамі. Немагчыма нават і ўявіць, што тата Оліла, гэты здзічэлы барадзень, апынуўся б у такім становішчы. Ён толькі вядзе сваё «я-а-а ж… ты-ы-ы ж…», цягнучы кожны гук на сваёй нетутэйшай гаворцы.

Раптам у галаве маланкаю ўспыхнула думка, ад якой старога Пеньямі закалаціла, нібы ў ліхаманцы. Жудасная трывога ахоплівае яго, трасуцца рукі і вусны, яму робіцца нясцерпна балюча. Ён дзейнічае бяздумна – хапае з шафы пустую біклагу, якую прынёс на Каляды ад таты Олілы, хапае сваю галоўную каштоўнасць – пасведчанне ўладальніка хутара – і, па-ранейшаму ліхаманкава калоцячыся, выбягае з хаты.

Юсі глядзіць, як аддаляецца бацька, адчувае, што зараз нешта здарыцца, і загадзя рыхтуецца да нечаканасцей. Напружана ён глядзіць на жабрака з поўначы, які храпе на лаўцы, потым узіраецца ў дарогу, ці не з’явяцца яшчэ валацугі. Вядома ж, во яны, тут як тут…

А тут прыходзіць і Пеньямі з біклажкаю пад пахай і прыносіць пяць ладных боханаў хлеба. Ніколі Оліла не даваў старому Пеньямі такога свежага, яшчэ цёплага хлеба, ды адразу так многа. Зноў пачырванелы твар Пеньямі высвечваецца ў дзвярах, і жабракі, якія толькі што прыйшлі на хутар, прагна глядзяць на такое багацце, спадзяваючыся, што падзеляцца і з імі. Аднак Пеньямі хавае хлеб і біклагу з гарэлкаю ў сваёй уласнай шафе. Гэта вялікая каштоўнасць, хоць гэтым разам і дасталася надзіва лёгка: хлеба ён зусім не прасіў. Аднак пасведчанне ўласніка засталося ў таты Олілы. Пеньямі нібы скінуў вялізны цяжар, халодная ліхаманка змянілася прыемнай цеплынёю. Можна і паляжаць у ложку.

– Няўжо гаспадар не падзеліцца з другім бедняком, калі сам здабыў сяго-таго? – пытаецца адзін з тых жабракоў, што атабарыліся на хутары яшчэ ўчора. Толькі тады Пеньямі заўважае, што ў хаце поўна пабірахаў з поўначы.

– Я во зараз вам пакажу беднякоў…

Пеньямі падымаецца, хісткімі крокамі выходзіць на сярэдзіну хаты і хапае першае, што трапляе ў рукі. Ліхаманка, самагонка і палёгка ад апошняга ўчынку абудзілі ў ім даўнюю задзірыстасць. Душа радуецца: у шафе ёсць гарэлка, зараз ён яшчэ можа вытурыць усіх з хаты і зноў залегчы ў ложак. Хутар, дом, зямля хай гараць гарам! Падумаеш, аснова жыцця! Сярод жабракоў ён заўважае Юсі, і недзе ў памяці мільгаюць далёкія карціны той часткі жыцця, што ён правёў з Маяй – доўгія, бязрадасныя, пакутліва змрочныя гады.

Але раптам у самы вырашальны момант перад варотамі пачуўся бразгат званочкаў, паказаўся засланы мядзведжай шкураю вазок, з якога вылез таўсматы цемнатвары чалавек. Ленсман прыехаў. Жабракі скаланаюцца, а Пеньямі забывае пра свае намеры. Ён так і застывае, сціснуўшы ў руках схоплены свярдзёлак.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3