Насмяяўшыся, мы пачалi барукацца, але смех у нас так i вырываўся. Качаючыся па траве, мы не заўважылi, як апынулiся ў рэчцы. Мне нават здалося, што з-за смеху мы можам утапiцца.
Але замест гэтага мы паплылi. Я нiколi не плаваў, хоць вельмi хацеў навучыцца. I вось я плыў... Я плыў так, як плаваюць многiя!
- Джанатан! Я ўмею плаваць! - закрычаў я.
- Ну, вядома, ты ўмееш плаваць, - адказаў ён.
Раптам мяне ўразiла адна думка.
- Джанатан, ты нiчога не заўважыў? Я перастаў кашляць.
- Вядома, перастаў... Ты ў Наджыяле...
Я крыху паплаваў, потым вылез на мост, стаў на яго, увесь мокры, вада сцякала з адзення. Штаны прылiплi да ног, i я мог выразна бачыць, што здарылася: ногi ў мяне былi такiя ж роўныя, як у Джанатана.
Потым падумалася, што, магчыма, я стаў такiм жа прыгожым, як мой брат. Я запытаўся ў яго пра гэта.
- Паглядзi ў люстра, - сказаў ён, паказваючы на ваду ў рэчцы.
Вада была чыстая, спакойная i празрыстая. Я лёг на жывот i прыгледзеўся да свайго адлюстравання, але нiчога асаблiвага, а тым больш прыгожага, там не заўважыў. Джанатан падышоў, лёг побач i таксама пачаў глядзець на наша адлюстраванне. Знiзу на нас глядзелi браты Львiнае Сэрца: прыгожы Джанатан са сваiмi залацiстымi валасамi, блакiтнымi вачыма i тонкiм тварам, i я са сваiм носам-шышачкай, калматай, распатланай грывай i ўсiм такiм iншым...
- Не, - сказаў я, паглядзеўшы на сябе крытычна, - я не стаў прыгажэйшы.
Але Джанатан лiчыў, што ўсё-такi ёсць вялiкая рознiца.
- Цяпер ты выглядаеш здаровым.
Пакуль мы ляжалi на мосце i глядзелi ў ваду, я адчуваў сябе сапраўды здаровым, што здаровая кожная клетачка майго цела, дык навошта мне быць прыгожым? Маё цела было такiм шчаслiвым, што ўсё ўва мне смяялася.
Мы яшчэ крыху паляжалi на мосце, сонца сагрэла i абсушыла нас. Джанатан сказаў, што нам пара iсцi. Шчыра кажучы, мне таксама не цярпелася паглядзець дом, дзе мне належала жыць.
Джанатан iшоў паперадзе, я - за iм на сваiх роўных нагах. Я iшоў i дзiвiўся, адчуваў, як гэта здорава iсцi на здаровых нагах. Калi мы паднялiся на строму, я павярнуў галаву i нарэшце ўбачыў Вiшнёвую Далiну. О, яна была ўся белая ад вiшнёвай квеценi, дакладней, белая i зялёная, бо цвет вiшнi - белы, а трава - зялёная. I праз усё гэта царства белага i зялёнага, быццам срэбная стужачка, цякла рэчка. Як жа я адразу ўсяго гэтага не заўважыў? Вiдаць, акрамя Джанатана, я не мог нiчога бачыць, але цяпер я стаяў i глядзеў, як усё перада мной прыгожа. Я сказаў Джанатану:
- Пэўна, гэта самая прыгожая на зямлi далiна!
- Твая праўда, - адказаў ён, - але не на зямлi.
I тут я ўспомнiў, што мы ў Наджыяле.
Вакол Вiшнёвай Далiны стаялi горы, яны таксама былi прыгожыя. Па iх схiлах цяклi ручаi i вадаспады: у Наджыяле была вясна.
Было штосьцi незвычайнае ў паветры. Я яго адчуваў такiм, што хацелася яго пiць. "Вось каб i дома было крыху такога паветра", - падумаў я, згадваючы, як я задыхаўся на сваёй канапцы на кухнi. А тут я дыхаў i не мог надыхацца. Джанатан пасмяяўся з мяне: "Пакiнь крышку i для мяне".
Дарожка, па якой мы iшлi, была белая ад пялёсткаў вiшнёвай квеценi, што асыпалася з дрэў, апускалася нам на валасы, i гэта мне вельмi падабалася.
У канцы дарожкi была Сядзiба Рыцараў з зялёнай шыльдачкай на браме.
- "Браты Львiнае Сэрца", - прачытаў я ўслых Джанатану. Я проста яшчэ раз падумаў пра тое, дзе мы будзем жыць.
- Добра, Сухарык. Цi ж тут не цудоўна?
Стары белы i невялiкi дом, з зялёным плотам i зялёнымi дзвярамi, ды i наогул, уся зямля навокал зялёная, у траве то там, то тут можна было ўбачыць маргарыткi. Побач, усыпаныя кветкамi, стаялi бэз i вiшнёвыя дрэвы. А вакол усяго гэтага была мураваная сцяна, невялiкая шэрая сцяна з ружовымi кветкамi на ёй. Вы маглi б лёгка пераскочыць яе, але ў сядзiбе вы адчуваеце, што знаходзiцеся пад аховай гэтай невысокай сцяны.