Цела ў яе было яшчэ прыгожае i белае, але ўжо не такоё мякенькае: дзе ж знойдзеш у гаспадарцы жывёлу з такiм грубым мясам? Рабiць нiчога не заставалася, i каб уратаваць сваю шыю, кухар вырашыў каралеву такi зарэзаць i пайшоў да яе ў пакой, каб адным мехам з усiм пакончыць. Па дарозе ён знарок распаляў у сабе злосць i ў такiм настроi, з нажом у руцэ адчынiў дзверы ў спальню да маладой дзяўчыны. I ўсё ж кухару не хацелася забiваць каралеву знянацку, i спачатку ён сумленна ёй расказаў, якi загад дала яму старая людаедка.
- Дык рабiце ж свой абавязак, - адказала маладая каралева i падставiла шыю, - выконвайце дадзены вам загад. Цяпер я ўжо хутка ўбачу маiх бедных дзетак, якiх я так любiла!
А пасля таго, як яе дзеткi нечакана знiклi, каралева лiчыла, што яны ўжо нежывыя.
- Не-не, Васпанi, - адказаў зусiм расчулены небарака-кухар, - вы не памраце! I дзетак сваiх вы ўбачыце! Хадземце да мяне, я iх схаваў у сваёй каморцы. А старую каралеву я яшчэ раз ашукаю i замест вас дам ёй на вячэру маладзенькую касулю.
Ён зараз завёў каралеву ў сваю каморку i пакiнуў там мiлавацца ды плакаць з дзеткамi, а сам пайшоў гатаваць касулю. Людаедка з'ела яе з такiм смакам, быццам гэта была сапраўды маладая каралева. Яна вельмi радавалася свайму лютаму ўчынку, а каралю, калi ён прыйдзе з вайны, збiралася сказаць, што ягоную жонку з дзецьмi з'елi шалёныя ваўкi.
Аднойчы ўвечары, як звычайна, пайшла старая людаедка пагуляць. I пачала бадзяцца сюды-туды па маёнтку ды вынюхваць, цi не пахне дзе чалавечынаю. I раптам з нейкай каморкi пачуўся голас маленькага Дня - той плакаў, бо мацi хацела яго адлупцаваць за свавольства. А потым пачуўся i голас Заранкi, якая прасiла прабачэння за свайго брацiка. Пазнала людаедка галасы каралевы i яе дзетак i вельмi раззлавалася, што яе ашукалi. Страшным голасам, ад якога ўсе ажно здрыганулiся, яна загадала, каб заўтра ж ранiцай на сярэдзiну двара вынеслi вялiзную кадушку, напоўнiлi яе рапухамi, гадзюкамi, вужакамi i iншымi змеямi, а потым укiнулi туды каралеву з дзецьмi i кухара з яго жонкай i служкаю, звязаўшы iм за спiнаю рукi.
I вось падвялi iх ужо да кадушкi, i каты збiралiся ўжо iх кiнуць да змеяў, калi раптам на двор конна ўехаў кароль. Так рана яго зусiм не чакалi. Кароль быў вельмi здзiўлены, калi ўсё ўбачыў, i спытаўся, што азначае ўвесь гэты жах? Але нiхто не адважыўся сказаць яму праўду. I тут людаедка, ашалеўшы ад такой сваёй няўдачы, узяла раптам дый кiнулася сама потырч галавой у кадушку, дзе яе адразу закусалi брыдкiя гадзюкi, якiх яна загадала туды панакiдаць. Караля вельмi засмуцiла гэтае здарэнне, бо ўсё-такi яна была яго мацi. Але жонка i дзецi хутка яго супакоiлi.
Мараль
Перад вяселлем трошкi пачакаць,
Каб мужа добрага, прыгожага спаткаць,
У тым няма нiякае навiны.
Але чакаць сто год i спаць спакойным сном?!
Цяпер такой санлiвае дзяўчыны
Не знойдзем мы нiдзе i днём з агнём.
Яшчэ, здаецца, казка нам даводзiць,
Нiбыта повязi, што вяжа Гiменей,
Калi на час разлучаны, не робяцца слабей
I што чаканне тут нiкому не зашкодзiць.
Але прыгожы пол з такiм iмпэтам
Хутчэй iмкнецца свой вясельны справiць баль,
Што духу не стае аб гэтым
Такую вывесцi мараль.
ЧЫРВОНЫ КАПТУРОК
Жыла сабе ў адной вёсцы дзяўчынка, i была яна такая прыгожая, што ва ўсiм свеце другой такой не знайсцi. Мацi яе страх як любiла, а бабуля - дык наогул ледзь розум ад яе не трацiла. I купiла добрая бабуля сваёй унучцы чырвоны каптурок, якi так упасаваў дзяўчынцы, што пачалi яе з таго часу зваць паўсюль Чырвоным Каптурком. Неяк раз спякла мацi праснакi дый кажа дачушцы:
- Схадзi мо да бабулi, даведайся, як яна сябе пачувае. Бо нешта казалi мне, што яна хворая. Занясi ёй праснакоў ды гэты гарнушак масла.
Устала Чырвоны Каптурок i пайшла да бабулi, што жыла ў суседняе вёсцы. Iдзе яна лесам, так iдзе, аж раптам выходзiць насустрач ёй Воўк. Дужа захацелася Ваўку яе з'есцi, ды ён пабаяўся, бо недзе паблiзу працавалi дрывасекi.