Шарль Перро - Чарадзейныя казки (на белорусском языке) стр 6.

Шрифт
Фон

Тады ён i пытаецца:

- Куды гэта ты iдзеш?

А маленькая дзяўчынка не ведала, што спыняцца ў лесе ды гаварыць з ваўкамi небяспечна, i адказвае яму:

- Я iду да бабулi i нясу ёй праснакi ды гарнушак масла, што паслала ёй мая мама.

- А цi далёка жыве твая бабуля? - пытаецца Воўк.

- О, далёка, - адказвае Чырвоны Каптурок. - Вунь аж па-за тым млынам, што ўдалечынi. Там ёсць вёска, а ў крайняй хатцы ў той вёсцы мая бабуля i жыве.

- Ну што ж, - кажа Воўк, - пайду i я да тваёй бабулi. Толькi давай я пайду гэтай вось сцежкай, а ты iдзi вунь тою: паглядзiм, хто з нас паспее першы.

I Воўк з усяго духу кiнуўся па сама кароткай сцежцы ў лесе, а дзяўчынка няспешна пайшла па сама доўгай. Па дарозе яна збiрала арэхi, ганялася за матылькамi, складала букеты з кветак.

А Воўк тым часам хутка прыбег да бабулiнай хаткi i пастукаўся ў дзверы: стук-стук!

- Хто там? - спыталася бабуля.

- Гэта я, вашая ўнучка, Чырвоны Каптурок, - сказаў Воўк падробленым голасам. - Я прынесла вам праснакоў i гарнушак масла ад матухны.

Добрая бабуля, якая ляжала ў ложку, таму што ёй трошкi нядужылася, крыкнула Воўку:

- Цiснi на клямку, слясак адскочыць!

Воўк нацiснуў на клямку, i дзверы адчынiлiся. Тады ён кiнуўся на бедную бабульку i ўраз праглынуў яе, бо не еў ужо цэлыя тры днi. Потым ён зачынiў дзверы, лёг на бабулiным ложку i пачаў чакаць, калi прыйдзе Чырвоны Каптурок. Тым часам дзяўчынка якраз падышла да дзвярэй i пастукалася: стук-стук!

- Хто там? - спытаў Воўк.

Але голас у Воўка быў грубы, i Чырвоны Каптурок, пачуўшы яго, спачатку спалохалася. Але потым падумала, што бабуля, напэўна, прастуджаная, i адказала:

- Гэта я, вашая ўнучка, Чырвоны Каптурок. Я прынесла вам праснакоў i гарнушак масла ад матухны.

Тады Воўк крыкнуў трошкi танчэйшым голасам:

- Цiснi на клямку, слясак адскочыць.

Чырвоны Каптурок нацiснула на клямку, i дзверы адчынiлiся.

Увайшла дзяўчынка ў хату, а Воўк схаваўся на ложку пад коўдру i кажа:

- Пакладзi, дзетка, праснакi ды гарнушак масла на дзежку, а сама хадзi прыляж побач са мною.

Чырвоны Каптурок распранулася i сабралася ўжо класцiся ў ложак, але яе ўразiла, што без адзежы ў бабулi нейкi надта ўжо дзiўны выгляд. Вось яна i кажа:

- Бабуля, якiя ў вас вялiкiя рукi!

- Гэта каб лепей цябе абдымаць, мая ўнучанька!

- Бабуля, якiя ў вас вялiкiя ногi!

- Гэта каб лепей бегаць, мая ўнучанька!

- Бабуля, якiя ў вас вялiкiя вушы!

- Гэта каб лепей чуць, мая ўнучанька!

- Бабуля, якiя ў вас вялiкiя вочы!

- Гэта каб лепей бачыць, мая ўнучанька!

- Бабуля, якiя ў вас вялiкiя зубы!

- Гэта каб цябе з'есцi!

I з гэтымi словамi злы Воўк кiнуўся на Чырвонага Каптурка i з'еў дзяўчынку.

Мараль

Нам гэта казка добра паказала,

Што можа быць, калi малыя дзеткi,

Галоўным чынам, панначкi-какеткi,

Гатовы слухаць ўсiх, каго папала.

Не дзiва, што ў такiм выпадку

Воўк iх з'ядае часта быццам курапатку

I ўсё ж заўважыць мушу асаблiва:

Не ўсе ваўкi да нашага падобны,

Такiя ёсць, што з выгляду лагодны,

I нораў маюць цiхi, незласлiвы,

Ды так паслужлiва i так добразычлiва

Плятуцца за дзяўчатамi па пятах,

Па цёмных вулачках праводзячы дахаты.

Але з усiх ваўкоў - такiя

Найгоршыя i самыя лiхiя!

СIНЯЯ БАРАДА

Жыў сабе аднаго разу вельмi багаты чалавек, i былi ў яго дзiвосныя палацы ў горадзе i ў вёсцы, i залаты i срэбны посуд, i мэбля ў карунках, i залачоныя карэты. Але была, на няшчасце, у гэтага чалавека сiняя барада. I такi яна давала яму брыдкi i страшны выгляд, што ўсе дзяўчаты i кабеты, як толькi ўбачаць яго, адразу ўцякалi. А ў адной знатнай панi, ягонай суседкi, былi дзве дачкi - красунi, якiх свет не бачыў. Вось i папрасiў ён гэтую паню аддаць адну дачку за яго замуж, а якую - даў самой выбiраць. Але нiводная дачка не згаджалася быць яму жонкай. Толькi перакiдвалi яго адна адной, ды нiяк не адважвалiся пайсцi замуж за чалавека, у якога была сiняя барада.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора