Шарль Перро - Чарадзейныя казки (на белорусском языке) стр 7.

Шрифт
Фон

А яшчэ iм вельмi было непрыемна, што ён ужо не раз быў жанаты, а што сталася з тымi жанчынамi - нiхто не ведаў.

Каб дзяўчаты маглi пазнаёмiцца з iм трошкi лепей, запрасiў iх Сiняя Барада, разам з мацi i трыма-чатырма сяброўкамi ды некалькiмi хлопцамi з суседзяў, у адзiн свой загарадны маёнтак, дзе гасцявалi яны цэлы тыдзень. Увесь час госцi толькi гулялi цi хадзiлi на шпацыр, палявалi цi лавiлi рыбу, ладзiлi скокi, строiлi банкеты ды балi. Пра сон нiхто i не думаў, i ўсе ночы госцi пацяшалiся, выдумляючы розныя штукi ды жарты. Усё было так добра, што малодшай дачцэ пачало нават здавацца, быццам барада ў гаспадара не такая ўжо сiняя, дый сам ён - чалавек вельмi прыстойны. I вось па вяртаннi ў горад яны адразу згулялi вяселле.

Месяцам пазней сказаў Сiняя Барада сваёй жонцы, што трэба яму па адной важнай справе без адкладу ехаць у вёску - тыдняў, прынамсi, на шэсць. I папрасiў яе не вельмi журыцца, а знайсцi якую забаву: няхай, сказаў, калi захоча, паклiча сябровак, можа, паедзе з iмi за горад, а галоўнае, дзе б нi была, няхай не забывае як след есцi ды пiцi.

- А гэта вось табе ключы, - дадаў ён. - Гэтыя да дзвюх галоўных камораў, гэтыя - да залатога i срэбнага посуду, што ставяць на стол толькi на святы, гэтыя - да куфраў з залатымi i срэбнымi манетамi, гэтыя - да скрыняў з каштоўным каменнем, а гэтым можна адчынiць усе пакоi ў палацы. I вось яшчэ маленькi ключык - да каморкi на нiжнiм паверсе, у самым канцы вялiкага калiдора. Можаш хадзiць паўсюль, усё адчыняць, але ў гэтую каморку ўваходзiць я строга забараняю. Забараняю так, што калi гэта здарыцца, ты павiнна любой бяды чакаць ад майго гневу.

Жонка паабяцала выконваць усё, як было загадана, а Сiняя Барада пацалаваў яе, сеў у карэту i пакацiў.

Суседкi i сяброўкi вырашылi не чакаць, пакуль маладая гаспадыня запросiць iх у госцi, а ўсе прыйшлi самi - так iм карцела паглядзець на багаццi, якiх у яе, па чутках, быў повен дом. Пры мужы яны баялiся да яе прыходзiць, бо iх вельмi палохала яго сiняя барада. А цяпер усе адразу кiнулiся аглядаць пакоi, каморы ды гардэробы, i чым далей, тым болей захаплялiся iх хараством i багаццем. Калi ж яны зайшлi ў кладоўкi, iх захапленню зусiм не стала нi краю нi берагу - чаго там толькi не было: i раскошныя дываны, i пышныя ложкi, i канапы, i шафы, i столiкi, i сталы, i люстры, у якiх можна бачыць сябе з галавы да пят, - адны ў каляровых шкляных рамах, другiя ў срэбных, трэцiя ў залачоных, i ўсе такiя дзiвосныя i такiя прыгожыя, што такiх у жыццi нiхто нiколi не бачыў. Суседкi i сяброўкi безупынку хвалiлi маладую гаспадыню i вельмi зайздросцiлi яе шчасцю. А дзяўчыну зусiм не цешылi ўсе гэтыя скарбы: ёй рупiла хутчэй пайсцi i адчынiць каморку ўнiзе, у канцы калiдора.

Цiкаўнасць настолькi апанавала яе, што яна i не падумала, як няветлiва кiдаць гасцей адных, i цiшком пабегла ўнiз па маленькай патаемнай лесвiцы ды так спяшалася, што ледзь галаву сабе не скруцiла. Каля дзвярэй у каморку яна спынiлася i раптам успомнiла, што муж забаранiў у яе ўваходзiць. "Ах! падумала яна. - Будзе мне лiханька, што я не паслухалася." Але спакуса была такая вялiкая, што дзяўчына не магла ўжо яе адолець: яна ўзяла ключык i дрыготкай рукой адчынiла дзверы ў каморку.

Спачатку яна нiчога не ўбачыла: у каморцы было цёмна, вокны былi зачыненыя. Але праз хвiлiну яна заўважыла, што ўся падлога залiта спечанаю крывёй i ў гэтай крывi адбiваюцца целы нежывых кабет, прыкутых уздоўж муроў, гэта былi жанчыны, з якiмi Сiняя Барада спачатку жанiўся, а потым забiваў адну за адной. Яна ледзь не памерла ад жаху, i ключык, якi яна ўжо выняла, выпаў у яе з рукi.

Калi ж яна нарэшце апамяталася, яна падняла ключык, зачынiла дзверы i паднялася да сябе ў пакой, каб трошкi ачуцца. Але яна была такая перапалоханая, што супакоiцца ёй нiяк не ўдавалася.

Раптам яна заўважыла, што ключык запэцкаўся ў крывi.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора