- Падтрымай мяне за падбародак, Няспешная, - я хачу навучыцца плаваць. Гэта можа спатрэбiцца потым.
- З прыемнасцю! - сказала Чарапаха.
I яна падтрымала Калючку за падбародак, пакуль той боўтаўся ў мутнай рацэ Амазонцы.
- З цябе выйдзе вельмi добры плывец! - сказала яна Вожыку. - А цяпер, зрабi ласку, распусцi ў мяне на спiне тыя шнуркi, якiмi сцягнуты мой панцыр, я паспрабую згарнуцца ў клубок.
Злючка-Калючка распусцiў на спiне ў Чарапахi шнуркi, i Чарапаха пачала так згiнацца i курчыцца, што ёй нарэшце ўдалося крышачку сагнуцца, - не зусiм, а крышачку.
- Вельмi добра! - сказаў Вожык. - Але хопiць, болей не трэба. У цябе нават твар пасiнеў. А цяпер, калi ласка, падтрымай мяне ў вадзе яшчэ разок! Я паспрабую плаваць бокам. Ты казала, што гэта вельмi лёгка.
I Вожык зноў паплыў, - гэта было яго другое практыкаванне. Чарапаха плыла побач з iм.
- Вельмi добра! - сказала яна. - Яшчэ крыху, i ты будзеш плаваць не горш за Кiта. А цяпер, зрабi ласку, распусцi шнуркi на маiм панцыры яшчэ на дзве дзiрачкi, я паспрабую нахiлiцца ўперад. Ты кажаш, што гэта вельмi лёгка. Вось здзiвiцца Плямiсты Ягуар!
- Вельмi добра! - ускрыкнуў Вожык, увесь мокры пасля купання ў мутнай рацэ Амазонцы. - Ты згортваешся так добра - зусiм як мае браты i сёстры. Дзве дзiрачкi, ты кажаш? Добра, толькi не трэба так моцна сапцi, а то пачуе Плямiсты Ягуар. Смялей! Калi ты скончыш, я паспрабую нырнуць i даўжэй пратрымацца пад вадою. Ты кажаш, гэта вельмi лёгка. Вось здзiвiцца Плямiсты Ягуар! Але як стулiлiся шчыткi ў цябе на панцыры! Раней яны былi побач, а цяпер адзiн на другiм.
- Гэта таму, што я згортвалася, - сказала Чарапаха. - Але i ты змянiўся. Раней ты быў падобны на каштанавы арэх, а цяпер зрабiўся нiбы яловая шышка. Усе калючкi склеiлiся i зрабiлiся лускою.
- Няўжо? - ускрыкнуў Вожык. - Гэта таму, што я вымак у вадзе. Вось здзiвiцца Плямiсты Ягуар!
Так да самай ранiцы яны памагалi адно аднаму, а калi сонца паднялося высока над зямлёй, яны селi адпачыць i абсушыцца. I, пазiраючы адно на аднаго, заўважылi, што зрабiлiся зусiм на сябе не падобныя.
Потым яны паснедалi, i Чарапаха сказала:
- Мiлы Вожык, я ўжо не такая, якая была ўчора. Але я думаю, што цяпер мне ўдасца пазабаўляць Ягуара як след.
- Я хацеў сказаць якраз тое ж самае. Слова ў слова! - ускрыкнуў Вожык. Па-мойму, луска лепш за ўсякiя калючкi, да таго ж я цяпер умею плаваць. Вось здзiвiцца Плямiсты Ягуар! Пойдзем i знойдзем яго.
Хутка яны знайшлi Ягуара. Ён усё яшчэ быў заняты сваёй параненай лапай. Калi яны з'явiлiся перад iм, ён так здзiвiўся, што падаўся назад i тры разы перакулiўся цераз свой хвост.
- Добрай ранiцы! - сказаў Злючка-Калючка Вожык. - Як здароўечка вашай дарагой матулi?
- Дзякуй вам, яна вельмi добра сябе адчувае, - адказаў Ягуар, - але прабачце, калi ласка, я дрэнна памятаю вашы iмёны.
- Ах, якi вы няветлiвы! - сказаў Вожык. - Яшчэ толькi ўчора вы прабавалi выдрапаць мяне з панцыра...
- Але ўчора ў цябе не было панцыра. Учора ты быў увесь у iголках. Каму ж гэта i ведаць, як не мне? Паглядзi вось на маю лапу!
- Толькi ўчора, - сказала Чарапаха, - вы загадалi мне кiнуцца ў ваду i ўтапiцца ў мутнай рацэ Амазонцы, а сёння i ведаць не хочаце мяне. Вось якi вы недалiкатны i забыўчывы!
- Няўжо вы забылiся, што сказала вам ваша мацi? - спытаў Злючка-Калючка Вожык. - Яна ж ясна сказала вам:
- Хто згорнецца клубком,
Чарапахай завецца.
Хто ў вадзе паплыве,
Той завецца Вожыкам.
Тут яны абодва згарнулiся ў клубок i як пайшлi качацца вакол Ягуара качалiся, качалiся, качалiся... У таго нават вочы закруцiлiся, нiбы колы ў павозцы.
Ён пабег i паклiкаў сваю мацi.
- Мама, - сказаў ён, - там, у лесе, нейкiя дзiўныя звяры! Пра аднаго ты сказала, што ён не ўмее плаваць, а ён плавае. Пра другога ты сказала, што ён не ўмее згортвацца, а ён згортваецца. I, здаецца, яны падзялiлiся адзеннем.