- Падумай добра, i ты зразумееш, што я гэтага нiколi не казала. Я толькi казала, што твая мама казала, што ты павiнен садраць з мяне кiпцюрамi мой панцыр, - сказала Няспешная.
- А што будзе, калi я здзяру з цябе панцыр? - асцярожна спытаўся Ягуар i пацягнуў носам паветра.
- Не ведаю, бо да гэтага часу нiхто яшчэ не здзiраў з мяне панцыра, але кажу табе праўду: калi ты хочаш паглядзець, як я паплыву ад цябе, - кiнь мяне, калi ласка, у ваду.
- Я табе не веру! - сказаў Плямiсты Ягуар. - Мама мая казала адно, а ты казала, што яна казала другое, i цяпер усё ў мяне так пераблыталася, што я не ведаю, дзе ў мяне хвост, дзе галава. А цяпер ты сказала простыя словы, якiя я разумею, i гэта блытае мяне болей за ўсё. Мама вучыла мяне, каб я кiнуў аднаго з вас у ваду, i таму што ты кажаш, што табе хочацца ў ваду, ясна, што табе не хочацца ў ваду. Дык скачы ж у мутную ваду ракi Амазонкi. Жыва!
- Добра, я скочу, але ведай: мама твая будзе вельмi незадаволена. Калi ласка, не кажы ёй, што я не казала табе, што яна казала...
- Калi ты скажаш яшчэ хоць адно слова пра тое, што казала мая мама!.. ускрыкнуў Ягуар, але не паспеў дагаварыць, бо Чарапаха як нi ў чым не бывала нырнула ў мутную ваду ракi Амазонкi.
Доўга яна плыла пад вадою i выплыла на бераг, дзе яе чакаў Злючка-Калючка Вожык.
- Мы ледзь не загiнулi! - сказаў Вожык. - Не падабаецца мне гэты Ягуар. Што ты сказала яму пра сябе?
- Я сказала яму праўду. Я шчыра сказала яму, што я Чарапаха, але ён не паверыў, прымусiў мяне скочыць у ваду i вельмi здзiвiўся, калi ўбачыў, што я i сапраўды Чарапаха. Цяпер ён пайшоў скардзiцца сваёй мацi. Ты чуеш?
Было чуваць, як сярод хмызняку i дрэў, над мутнай ракой Амазонкай, раве Ягуар i клiча да сябе мацi Ягуарыху. I яна прыйшла.
- Ах, сыночак, сыночак! - загаварыла яна, зграбна памахваючы грацыёзным хвастом. - Ты, здаецца, рабiў такое, чаго табе не трэба было рабiць.
- Я сустрэў над ракою аднаго звярка i хацеў выдрапаць яго з-пад панцыра; ён сам сказаў, - што ён хоча гэтага, вось цяпер у мяне ўся лапа ў стрэ-э-э-эмках!
- Ах, сыночак, сыночак! - сказала мацi, зграбна памахваючы грацыёзным хвастом. - Па гэтых стрэмках, якiя ўпiлiся ў тваю лапу, бачу я, што гэта быў Вожык. Табе трэба было кiнуць яго ў ваду.
- У ваду я кiнуў другога звярка. Ён сказаў, што яго завуць Чарапаха, але я не паверыў яму. А выявiлася, што гэта i сапраўды была Чарапаха. Яна нырнула ў ваду, у мутную раку Амазонку, i болей я не бачыў яе. I вось я астаўся галодны, i думаю, што нам трэба перасялiцца адсюль у iншыя месцы. Тут, на мутнай рацэ Амазонцы, усе звяры такiя разумныя. Мне, небараку, не справiцца з iмi.
- Ах, сыночак, сыночак! - сказала яго мацi, зграбна памахваючы грацыёзным хвастом. - Слухай уважлiва i запомнi, што я скажу. Вожык згортваецца ў клубок, i яго калючкi тырчаць ва ўсе бакi. Па гэтых адзнаках ты заўсёды пазнаеш Вожыка.
- Не падабаецца мне гэтая старая, ах як не падабаецца! - сказаў Злючка-Калючка Вожык. - Што яшчэ яна скажа яму?
- А Чарапаха не можа згортвацца, - гаварыла далей Ягуарыха, зграбна памахваючы грацыёзным хвастом. - Чарапаха ўцягвае галаву i ногi пад панцыр. Па гэтых адзнаках ты заўсёды пазнаеш Чарапаху.
- Не падабаецца мне гэтая старая, ах як не падабаецца! - сказала Чарапаха Няспешная. - Нават Плямiсты Ягуар i той не забудзе такой простай лекцыi. Ах, Злючка-Калючка, як шкада, што ты не ўмееш плаваць!
- Хопiць клапацiцца аба мне, - адгукнуўся Злючка-Калючка. - Табе таксама сяго-таго не хапае. Падумай: як было б цудоўна, каб ты ўмела згортвацца ў клубок! Ах, i ў якую бяду мы папалi! Прыслухайся, што кажа Ягуар!
А Плямiсты Ягуар сядзеў над мутнай ракой Амазонкай, высмоктваў з лапы калючкi i цiха мармытаў:
- Хто згорнецца клубком,
Той завецца Вожыкам.
Хто ў вадзе паплыве,
Той Чарапахай завецца.
- Гэтага ён нiколi не забудзе, нават пасля дожджыку ў чацвер! - сказаў Вожык.