Гэты нос матляўся ва ўсе бакi, але ўсё ж быў нiкуды не варты: хiба можна такiм носам падняць што-небудзь з зямлi?
Але вось у той самы час, даўным-даўно, жыў адзiн такi Слон, або, лепш сказаць, Слонiк, якi быў страшэнна дапытлiвы, i каго, бывала, нi ўбачыць, да ўсiх прыстае з роспытамi. Жыў ён у Афрыцы, i да ўсёй Афрыкi прыставаў ён з роспытамi.
Ён прыставаў да Страўсiхi, сваёй даўгавязай цёткi, i пытаўся, чаму ў яе на хвасце пёры растуць так, а не гэтак, i даўгавязая цётка Страўсiха давала яму за гэта грымака сваёй цвёрдай, як камень, нагой.
Ён прыставаў да свайго даўганогага дзядзькi Жырафа i пытаўся, чаму ў яго на скуры плямы, i высачэзны дзядзька Жыраф даваў яму за гэта грымака сваiм цвёрдым, як камень, капытом.
Але i гэта не стрымлiвала яго дапытлiвасцi.
I ён пытаўся ў сваёй тоўстай цёткi Бегемоцiхi, чаму ў яе такiя чырвоныя вочы, i тоўстая цётка Бегемоцiха давала яму за гэта грымака сваiм тоўстым капытом.
Але i гэта не стрымлiвала яго дапытлiвасцi. Ён пытаўся ў свайго валасатага дзядзькi Павiяна, чаму ўсе дынi такiя салодкiя, i валасаты дзядзька Павiян даваў яму за гэта грымака сваёй махнатай, валасатай лапай.
Але i гэта не стрымлiвала яго дапытлiвасцi. Што б ён нi ўбачыў, што б ён нi пачуў, што б нi панюхаў, да чаго б нi дакрануўся - ён зараз жа пытаўся пра ўсё i зараз жа атрымлiваў грымака ад усiх сваiх дзядзькоў i цётак.
Але i гэта не стрымлiвала яго дапытлiвасцi. I здарылася так, што ў адну прыгожую ранiцу, незадоўга да раўнадзенства, гэты самы Слонiк - назола i прыставака - запытаў пра адну такую рэч, пра якую яшчэ нiхто нiколi не пытаўся. Ён запытаў:
- Што есць у абед Кракадзiл?
Усе спалохана i моцна закрычалi:
- Т-с-с-с-с!
I зараз жа, без лiшнiх слоў, пачалi сыпаць яму грымакi.
Бiлi яго доўга, без перадышкi, але калi скончылi бiць, ён зараз жа падбег да цярноўнiку i сказаў птушцы Калакола, якая там сядзела:
- Мой бацька бiў мяне, i мая мацi бiла мяне, i ўсе мае цёткi бiлi мяне, i ўсе мае дзядзькi бiлi мяне за празмерную маю дапытлiвасць, i ўсё ж мне страшэнна хацелася б ведаць, што есць у абед Кракадзiл?
I сказала птушка Калакола, сумна i горка ўсхлiпваючы:
- Iдзi да берага соннай, смуроднай, мутна-зялёнай ракi Лiмпапо, дзе растуць атрутныя дрэвы, якiя наганяюць трасцу. Там ты даведаешся пра ўсё.
На другi ж дзень, калi ад раўнадзенства нiчога не засталося, гэты дапытлiвы Слонiк набраў бананаў - цэлых сто фунтаў! - i цукровага трысця таксама сто фунтаў! - i семнаццаць зялёных хрусткiх дыняў, узвалiў усё гэта на плечы i, далiкатна развiтаўшыся са сваiмi мiлымi сваякамi, выправiўся ў дарогу.
- Бывайце! - сказаў ён iм. - Я iду да соннай, смуроднай, мутна-зялёнай ракi Лiмпапо; там растуць дрэвы, яны наганяюць трасцу, i я даведаюся ўсё-такi, што есць у абед Кракадзiл.
I сваякi яшчэ раз добра ўсыпалi яму на развiтанне, хоць ён вельмi далiкатна прасiў iх не турбавацца.
I ён пайшоў ад iх, крыху пабiты, але не вельмi здзiўлены. Еў па дарозе дынi, а шкарлупiну кiдаў на зямлю, бо падбiраць гэтыя шкарлупiны яму не было чым.
З горада Грэма ён пайшоў у Кiмберлей, з Кiмберлея ў Хамаву зямлю, з Хамавай зямлi на ўсход i на поўнач i ўсю дарогу частаваўся дынямi, пакуль, нарэшце, не прыйшоў да соннай, смуроднай, мутна-зялёнай ракi Лiмпапо, акружанай якраз такiмi дрэвамi, як казала птушка Калакола.
А трэба табе ведаць, мой мiлы хлопчык, што да таго самага тыдня, да таго самага дня, да той самай гадзiны, да той самай хвiлiны наш дапытлiвы Слонiк нiколi не бачыў Кракадзiла i нават не ведаў, што гэта такое. Уявi ж сабе яго цiкаўнасць!
Першае, што кiнулася яму ў вочы, - быў Двухкаляровы Пiтон, Скалiсты Змей, якi абкруцiўся вакол нейкай скалы.
- Прабачце, калi ласка! - сказаў Слонiк вельмi далiкатна. - Цi не сустракаўся вам дзе-небудзь недалёка адгэтуль Кракадзiл? Тут так лёгка заблудзiцца.