I Кракадзiл бiў хвастом, нiбы вяслом, i таксама цягнуў, i цягнуў, i чым больш ён цягнуў, тым даўжэй выцягваўся ў Слонiка нос, i балюча было гэтаму носу страшэн-н-н-н-на!
I раптам Слонiк адчуў, што ножкi яго заслiзгалi па зямлi, i ён закрычаў праз нос, якi зрабiўся ў яго амаль што пяць футаў даўжынёю:
- Хобiдзь! Пакiдзьце! Я больш дзе багу!
Пачуў гэта Двухкаляровы Пiтон, Скалiсты Змей, кiнуўся ўнiз са скалы, абкруцiўся двайным вузлом вакол заднiх ног Слонiка i сказаў:
- О, нявопытны i легкадумны падарожны! Мы павiнны напружыцца колькi можна, бо ўражанне ў мяне такое, што гэты ваенны карабель з жывым вiнтом i бранiраванай палубай, - так велiчаў ён Кракадзiла, - хоча загубiць тваё будучае...
Двухкаляровыя Пiтоны, Скалiстыя Змеi, заўсёды гавораць так.
I вось цягне Змей, цягне Слонiк, але цягне i Кракадзiл. Цягне, цягне, але таму што Слонiк i Двухкаляровы Пiтон, Скалiсты Змей, цягнуць мацней, то Кракадзiл урэшце выпусцiў носiк Слонiка i адляцеў назад з такiм плёскатам, што чуваць было па ўсёй Лiмпапо.
А Слонiк як стаяў, так i сеў i вельмi балюча выцяўся, але ўсё ж паспеў сказаць Двухкаляроваму Пiтону, Скалiстаму Змею, дзякуй, хоць, праўду сказаць, яму было не да таго: трэба было хутчэй заняцца выцягнутым носам - абгарнуць яго халаднаватымi лiстамi бананаў i апусцiць у ваду соннай, мутна-зялёнай ракi Лiмпапо, каб ён хоць крыху астыў.
- Навошта ты гэта робiш? - сказаў Двухкаляровы Пiтон, Скалiсты Змей.
- Выбачайце, калi ласка, - сказаў Слонiк, - нос у мяне страцiў ранейшы выгляд, i я чакаю, каб ён зноў зрабiўся кароценькi.
- Доўга ж табе прыйдзецца чакаць, - сказаў Двухкаляровы Пiтон, Скалiсты Змей. - Проста дзiўна, як некаторыя не разумеюць сваёй выгады!
Слонiк прасядзеў над вадою тры днi i ўсё чакаў, цi не зробiцца яго нос карацейшым. Але нос не рабiўся карацейшым, i - мала таго - з-за гэтага носа вочы ў Слонiка зрабiлiся крыху касымi.
Таму што, мой мiлы хлопчык, ты, спадзяюся, ужо здагадаўся, што Кракадзiл выцягнуў Слонiку нос у сама сапраўдны хобат - якраз такi, якiя ёсць у цяперашнiх Сланоў.
Пад канец трэцяга дня прыляцела якаясьцi муха i ўкусiла Слонiка за плячо, i ён, сам не заўважаючы, што робiць, падняў хобат, стукнуў хобатам муху - i забiў яе насмерць.
- Вось табе i першая выгада! - сказаў Двухкаляровы Пiтон, Скалiсты Змей. Ну, памяркуй сам: мог бы ты зрабiць што-небудзь такое сваiм ранейшым маленечкiм носам? Дарэчы, цi не хочаш есцi?
I Слонiк, сам не ведаючы, як у яго гэта атрымалася, пацягнуўся хобатам да зямлi, сарваў добры пучок травы, шлёпнуў iм аб пярэднiя ногi, каб сцерушыць з яго пыл, i зараз жа сунуў сабе ў рот.
- Вось табе i другая выгада! - сказаў Двухкаляровы Пiтон, Скалiсты Змей. Паспрабаваў бы ты зрабiць гэта сваiм ранейшым маленечкiм носам! Дарэчы, цi заўважыў ты, што сонца пачало надта прыпякаць?
- Бадай што i так! - сказаў Слонiк.
I, сам не ведаючы, як у яго гэта атрымалася, зачэрпнуў сваiм хобатам з соннай, смуроднай, мутна-зялёнай ракi Лiмпапо iлу i шлёпнуў яго сабе на галаву; iл расплыўся мокрай аладкай, i за вушы Слонiку пацяклi цэлыя ручаi вады.
- Вось табе трэцяя выгада! - сказаў Двухкаляровы Пiтон, Скалiсты Змей. Паспрабаваў бы ты зрабiць гэта сваiм ранейшым маленечкiм носам! I, дарэчы, што ты цяпер думаеш наконт грымакоў?
- Выбачайце, калi ласка, - сказаў Слонiк, - але я, сапраўды, не люблю грымакоў.
- А ўсыпаць каму-небудзь iншаму? - сказаў Двухкаляровы Пiтон, Скалiсты Змей.
- Гэта я з радасцю! - сказаў Слонiк.
- Ты яшчэ не ведаеш свайго носа! - сказаў Двухкаляровы Пiтон, Скалiсты Змей. - Гэта проста скарб, а не нос. Усыпле каму хочаш.
- Дзякуй вам, - сказаў Слонiк, - я прыму гэта да ведама. А цяпер мне пара дамоў. Я пайду да мiлых сваякоў i праверу мой нос.
I пайшоў Слонiк па Афрыцы, забаўляючыся i памахваючы хобатам.
Захочацца яму фруктаў - ён зрывае фрукты проста з дрэва, а не стаiць i не чакае, як раней, каб яны звалiлiся на зямлю.