А ўжо калi няма нi лягушак, нi казюляк - ён iдзе да сваёй мацi Ягуарыхi, i тая растлумачвае яму, як трэба лавiць чарапах i вожыкаў.
Зграбна памахваючы грацыёзным хвастом, мацi навучала яго:
- Калi, сынок, ты знойдзеш Вожыка, хутчэй кiнь яго ў ваду. Вожык сам сабою выпрастаецца ў вадзе. А калi знойдзеш Чарапаху, выдрапай яе лапай з панцыра.
I ўсё iшло добра, мой мiлы хлопчык.
Была прыгожая ноч на мутнай рацэ Амазонцы. Плямiсты Ягуар убачыў, што пад ствалом паваленага дрэва сядзяць побач Злючка-Калючка Вожык i Чарапаха Няспешная. Выратавацца, уцякаючы, яны не маглi, i вось Злючка-Калючка Вожык згарнуўся клубочкам, бо iнакш ён не быў бы Вожык, а Чарапаха Няспешная ўцягнула ногi i галаву пад свой панцыр, таму што яна была Чарапаха.
Усё iшло як трэба, мiлы мой хлопчык, цi ж няпраўда?
- Слухайце мяне ўважлiва! - сказаў Плямiсты Ягуар. - Тое, што я хачу вам сказаць, мае для вас вялiкае значэнне. Мая матуля вучыла мяне, што калi я ўбачу Вожыка, я павiнен кiнуць яго ў ваду, i тады ён сам сабою выпрастаецца, а калi я ўбачу Чарапаху, я павiнен выдрапаць яе лапай з панцыра. Але хто ж з вас Чарапаха, а хто з вас Вожык, - клянуся маiмi плямамi, не ведаю!
- Цi добра ты хоць памятаеш, што казала твая матуля? - спытаў Злючка-Калючка Вожык. - Цi не наблытаў ты? Можа, Матуля казала табе, што калi ты выпрастаеш Чарапаху, ты павiнен выдрапаць яе з вады, а калi ты зловiш Вожыка, ты павiнен кiнуць яго на панцыр?
- Цi добра ты памятаеш, што казала табе твая матуля? - спытала Чарапаха Няспешная. - Цi не наблытаў ты? Можа, яна казала табе, што калi ты змочыш вадою Вожыка, ты павiнен падрапаць яго лапай, а калi сустрэнеш Чарапаху, ты павiнен падкiнуць яе, каб яна выпрасталася?
- Наўрад цi гэта так! - сказаў Плямiсты Ягуар, але ўсё ж крыху збянтэжыўся. - Будзьце ласкавы, паўтарыце яшчэ раз, што вы сказалi зараз. I калi можна, ясней.
- Калi ты падрапаеш ваду кiпцюрамi, налi яе i выпрастай Вожыкам, - сказаў Злючка-Калючка Вожык. - Запомнi гэта добра, бо гэта вельмi важна.
- Але, - сказала Чарапаха Няспешная, - калi ты выдрапаеш ваду з Вожыка, ты павiнен палiць гэтай вадой Чарапаху. Няўжо ты i гэтага не ведаеш?
- У мяне ад вашай блытанiны плямы на спiне забалелi! - сказаў Плямiсты Ягуар. - Я не прашу ў вас парад, я толькi пытаюся, хто з вас Вожык i хто Чарапаха.
- Не скажу, - адказаў Вожык. - Але, калi хочаш - будзь ласкаў, - паспрабуй вось выдрапаць мяне з майго панцыра.
- Ага! - сказаў Плямiсты Ягуар. - Цяпер я ўжо бачу, што ты Чарапаха. Ты думала, што я не здагадаюся. А я здагадаўся.
I стукнуў Ягуар лапай з усяго маху па Вожыку, але Вожык згарнуўся ў клубочак, i ў лапу Ягуара ўпiлiся вострыя калючкi Вожыка. Гэта было б, бадай, яшчэ нiчога, але, на няшчасце, Ягуар ударам лапы адкiнуў Вожыка далёка-далёка ў лес i не мог знайсцi яго ў кустах, бо было вельмi цёмна. Тады ён сунуў лапу сабе ў рот, але ад гэтага iголкi пачалi калоць яшчэ мацней. Ад болю ён доўга не мог гаварыць, а калi загаварыў, сказаў:
- Цяпер я ўжо бачу, - то была зусiм не Чарапаха. Але як мне даведацца, цi Чарапаха гэта?
I ён пачухаў патылiцу той лапай, якая не была паколата аб калючкi Вожыка.
- Я i ёсць Чарапаха, - прызналася Няспешная. - Твая матуля вучыла цябе правiльна. Яна сказала табе, што ты павiнен ададраць мяне ад майго панцыра. Гэта праўда. Ну, пачынай!
- Толькi што ты казала, што яна казала адно, а цяпер ты кажаш, што яна казала другое! - сказаў Ягуар, высмоктваючы калючкi з лапы.
- Ты кажаш, што я кажу, што яна казала другое, - сказала Чарапаха. - Што ж з гэтага? Бо, калi, як ты казаў, я казала, што яна казала тое, што я казала, то i выходзiць, што я казала тое, што яна казала. А калi ты думаеш, што яна казала, нiбыта ты павiнен выпрастаць мяне лапай, а не кiдаць мяне ў ваду разам з маiм панцырам, - не я вiнавата, цi ж няпраўда?
- Але ж толькi што ты сама казала, што я павiнен выдрапаць цябе лапай з твайго панцыра, - сказаў Плямiсты Ягуар.