Валерий Гапеев - Я размалюю для цябе неба стр 7.

Шрифт
Фон

Пасля святочнага абеду ў Сталоўцы адбыліся канцэрт і гульні на Галоўным пляцы, потым усім абвясцілі вольны час — цэлых тры гадзіны да пацямнення Сонца.

— Пойдзем, сынок, — маці паклікала Яўгена за сабой, павяла ўздоўж вуліцы з празрыстымі скрынкамі дамоў кудысьці ад цэнтра горада.

— Куды мы ідзём? — Яўген разгублена азіраўся — здавалася, увесь горад цяпер выходзіў па вуліцах за межы горада. Маці ішлі з сынамі, дочкі — з бацькамі.

— Сёння ж Дзень Прысвячэння, — нагадала маці.

— Я ведаю… Але няўжо не ўсё прайшло?

— Не, не ўсё. Сёння маці з сынамі, а дочкам з бацькамі дазволена пакінуць горад да змяркання. Маці павінны расказаць, навучыць сыноў быць мужчынамі.

А бацькі — дачок…

— Я не пайду з табой, — спыніўся аглушаны Яўген. — Я не пайду.

— Пойдзем, сынок… — ласкава ўсміхнулася маці. — Пойдзем. Я абяцаю табе…

Я абяцаю табе, што ўсё будзе не так…

— Мама!..

— Я цябе вельмі прашу, сынок…

Маці ўзяла Яўгена за руку, і ён пайшоў, даверыўся яе пачуццю, бо яе перапаўняла ў гэты момант незвычайнае хваляванне.

Яны адыходзілі ўжо ад ускраін горада. Шматлікія пары бацькоў і дзяцей веерам разыходзіліся з адной вуліцы далей і далей ад горада.

Ішлі па цвёрдай жаўтлява-шэрай паверхні. Яўген ведаў, што глеба пад іх нагамі стала такой на многія кіламетры ўглыб пры будаўніцтве Купала. Пакрысе на аднастайнай раўніне пачалі трапляцца невысокія скалы. Маці вяла яго ўпэўнена.

Удалечыні зачарнела на жоўтым прасцягу, дзве плямы. Яны падышлі да плям, і Яўген убачыў, што гэта дзве аплаўленыя часткі скал, якія крышку ўзвышаліся над агульнай паверхняй.

Спыніліся. Яўген агледзеўся — горад ляжаў унізе, прама перад імі, чатырма велізарнымі зіхоткімі квадратамі. Чорны будынак Кіравання вырастаў з цэнтра. За спінай Яўгена, у некалькіх гадзінах хады Купал плаўна апускаўся ўніз, зліваўся з шэрай зямлёй. Дзесьці там знаходзіцца Труба Смерці…

— Цяпер, сынок, я раскажу табе тое, што распавяла мне мая мама, а ёй — яе бацька, яму ж — яго мама, і яшчэ раней бацькі перадавалі сваім дзецям, — ціха загаварыла маці. — Не пытай мяне ні пра што, бо за даўнасцю часоў многія словы страцілі для мяне сэнс і значэнне. Я толькі выконваю абавязак маці і волю нашых продкаў. Стань на гэты камень, а я стану на другі.

Маці ўзышла на цёмную пляму. Яўген зрабіў крок да другой плямы і раптам адчуў, што ў маці прапалі эмоцыі. Не, яна, вядома ж, адчувала нешта сама, але ён не адчуваў яе.

У поўнай разгубленасці юнак стаў на гладкую цёмную паверхню — і раптам быццам аглух.

Усе пачуцці зніклі. Не, не яго пачуцці — зніклі чужыя пачуцці. Імгненне таму ён адчуваў увесь горад: бацькоў, настаўнікаў, Мікіту, Ліну — і ўсё раптам знікла. Засталося толькі яго ўласнае здзіўленне і незвычайнае, усё нарастаючае захапленне, запоўнілі сабой ягоную свядомасць. Дык вось як гэта — калі ў табе жыве толькі тваё.

— Што здарылася, мама? — шэптам спытаў Яўген.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги