16. «Я, дзяўчына, большы за Дафніса, дый я валапас, а ён казапас; і я нагэтулькі лепшы за яго, наколькі каровы лепшыя за козы; і белы я, як малако, валасы залацістыя, як даспелае поле перад жнівом, і выкарміла мяне маці, а не якая жывёла. Ён жа малы і безбароды, як жанчына, і чорны, як воўк. Ён пасе казлоў і пахне пагана, а такі бедны, што і сабакі не пракорміць. Калі яго, як кажуць, паіла сваім малаком каза, то нічым ён ад казляняці і не розніцца».
Гэтак і падобна да гэтага казаў Доркан, а пасля яго — Дафніс: «Мяне выкарміла каза, як Дзеўса. Я пасу коз, і яны большыя, чым Дорканавы каровы; я ані не пахну ад іх, як і Пан, хоць той больш як на палавіну сам казёл. У мяне ўдосталь сыру, і хлеба, спечанага на ражне, і белага віна, а гэта — дастатак заможных сялян. Безбароды я, але такі і Дыяніс; цёмны я, але такі і гіяцынт; Дыяніс жа пераўзыходзіць сатыраў, а гіяцынт — лілеі. Ён жа руды, як ліс, і барадаты, як казёл, а белы, як гарадская жанчына. І калі табе давядзецца пацалаваць каго, то мяне пацалуеш у вусны, а яго — у шчэць на барадзе. І ўспомніш тады, дзяўчына, што цябе выкарміла авечка, а ты такая прыгожая».
17. Далей Хлоя не вытрымала, а ўзрадаваўшыся гэтай пахвале і ўжо даўно маючы ахвоту пацалаваць Дафніса, ускочыла і пацалавала яго, хоць і прастадушна і няўмела, але так, што змагла душу распаліць. Доркан, засмучаны, пайшоў, шукаючы іншай дарогі да кахання; а Дафніс, бы яго не пацалавалі, а ўкусілі, тут жа спахмурнеў і часта ўздрыгваў, не могучы суцішыць сэрца, яму не цярпелася паглядзець на Хлою, а як глянуў — абліўся румянцам. Тады ён першы раз са здзіўленнем заўважыў, што валасы яе залацістыя і вочы ў яе вялікія, як у цялушкі, і твар яе сапраўды бялейшы за казінае малако, — быццам ён толькі што вочы займеў, а ўвесь час дагэтуль быў без іх. Цяпер ён да яды ледзь дакранаўся, а піць калі хто прымушаў, ледзь абмочваў губы. Маўклівы зрабіўся, а раней стракатаў больш за цвыркуноў, вялы зрабіўся, а некалі быў жвавейшы за коз; ён перастаў сачыць за чарадою, кінуў сірынгу; яго твар быў бляднейшы, чым трава ў сухмень. Толькі перад Хлояй быў гаваркі. І калі часам заставаўся без яе, вось так размаўляў сам з сабою:
18. «Што ж гэта зрабіў са мною Хлоін пацалунак? Губы яе мякчэйшыя за ружы і вусны саладзейшыя за мёд, пацалунак вастрэйшы, чым пчалінае джала. Часта цалаваў я казлянят, часта — маленькіх ягнят і тое цялятка, што падарыў Доркан; але гэты пацалунак нешта новае. Дыханне мяне пакідае, сэрца хоча выскачыць, душа замірае, а я ўсё ж зноў бы хацеў цалаваць. Ах, благая перамога: дзіўная хвароба, імя якой я і назваць не ўмею. Можа, Хлоя атруты паспрабавала, перш чым мяне пацалавала? А як жа тады яна не памерла? Як спяваюць салаўі, а мая сірынга маўчыць; як скачуць казляняткі, а я нерухома сяджу; як цвітуць кветкі, а я вянкоў не пляту! Расцвітаюць лілеі і гіяцынты, а Дафніс вяне. Няўжо Доркан неўзабаве будзе выглядаць прыгажэйшым, чым я?»
19. Так пакутаваў і казаў наймілейшы Дафніс, першы раз спазнаючы ў слове і яве каханне.
А Доркан, валапас, закаханы ў Хлою, прыпільнаваўшы, калі Дрыяс паблізу саджаў атожылкі вінаграднай лазы, падышоў з некалькімі адборнымі сырамі і даў іх у падарунак яму як старому прыяцелю з тых часоў, калі Дрыяс яшчэ сам пасвіў; пачаўшы з гэтага, перавёў ён гаворку на жаніцьбу з Хлояй. Калі б яму аддалі яе ў жонкі, ён абяцаў як валапас шмат каштоўных дароў: пару валоў пад плуг, чатыры раі пчол, пяцьдзесят ушчэпаў яблынь, валовую шкуру на падэшвы і штогод цяля, ужо адлучанае ад каровы; так што Дрыяс, спакусіўшыся гэткімі падарункамі, амаль згадзіўся на шлюб. Але калі разважыў, што дзяўчына вартая лепшай долі, і збаяўся, што трапіць у непапраўную бяду, калі ўсё выйдзе наверх, у шлюбе яму адмовіў, перапрасіў яго і названых дароў не прыняў.
20. Доркан, другі раз ашукаўшыся ў сваёй надзеі і намарна страціўшы добрыя сыры, надумаўся ўзяць Хлою гвалтам, калі яна будзе адна. І падгледзеўшы, што яны на перамену гоняць на вадапой свае статкі — аднаго дня Дафніс, другога — дзяўчына, прыдумаў ён акурат пастухоўскую хітрасць.
Ён узяў шкуру вялікага воўка, якога некалі бык, абараняючы сваіх кароў, закалоў рагамі, захінуўся ў яе з галавы да ног, пярэднія лапы нацягнуў на свае рукі, заднія — на ногі ад сцёгнаў да пят, а раскрытая пашча прыкрыла яму галаву, як шлем цяжкаўзброенага ваякі. Прыкінуўшыся як мага найлепш дзікім зверам, ідзе ён да ручаіны, з якой пасля пашы пілі козы і авечкі. У вельмі глыбокай упадзіне была ручаіна, усё месца навокал глушылася цярнінаю, ажынаю, нізенькім ялаўцом і бадзякамі; лёгка мог бы там і сапраўдны воўк ляжаць у засадзе. Схаваўшыся тут, Доркан чакаў, калі надыдзе час вадапою, і меў вялікую надзею, што ён перапалохае сваім выглядам Хлою і яна апынецца ў ягоных руках.
21. Прамінула няшмат часу, і Хлоя пагнала статкі да ручаіны, пакінуўшы Дафніса зразаць зялёныя парасткі на корм казлянятам пасля пашы. Але сабакі, якія беглі тут жа, сцерагучы авечак і коз, і па сабачай звычцы прынюхваліся, учулі Доркана, як ён падпаўзаў, каб напасці на дзяўчыну, голасна загаўкалі і кінуліся на яго, як на сапраўднага воўка; і перш чым ён з перапалоху ўскочыў на ногі, аблажылі яго і пачалі рваць шкуру. Нейкі час ён яшчэ ціха ляжаў у гушчары пад накінутаю шкураю, баючыся адкрыцца; але калі Хлоя, перапалохаўшыся пры першым поглядзе на яго, пачала клікаць Дафніса на дапамогу, а сабакі, сарваўшы воўчую шкуру, упіліся ў яго цела, ён залямантаваў і пачаў прасіць дапамогі ў дзяўчыны і Дафніса, які ўжо прыбег сюды. Тыя зычным воклікам хутка супакоілі сабак, а Доркана, у якога былі пакусаны сцёгны і плечы, павялі да ручаіны, прамылі яму раны ад сабачых зубоў і прыклалі да іх зялёнай вязавай кары, пажаваўшы яе; яны палічылі апрананне ў шкуру за пастухоўскі жарт, і, зусім не гневаючыся, суцешылі яго, і, правёўшы яшчэ трохі пад рукі, адпусцілі дахаты.
22. Доркан, выбавіўшыся з бяды і ўратаваўшыся, хоць і не з воўчай пашчы, як гэта кажуць, а з сабачай, пайшоў загойваць свае раны; а Дафніс і Хлоя мелі шмат клопату, аж да ночы збіраючы коз і авечак: бо спуджаныя воўчаю шкураю і ўзбуджаныя сабачым брэхам адны з іх на скалы ўзбеглі, а другія аж да мора дабеглі. Хоць і былі яны прывучаныя слухацца голасу і на сірынгу супакойвацца, а калі пляснуць у далоні — збірацца, але на той раз страх прымусіў на ўсё забыцца. З цяжкасцю, як зайцоў па слядах, расшуквалі іх Дафніс і Хлоя і загналі ў аборы. Толькі тае начы заснулі яны глыбокім сном і знайшлі ў стоме лекі ад мук кахання.
Але калі зноў прыйшоў дзень, зноў яны цярпелі ў той жа спосаб. Радаваліся, убачыўшыся, журыліся, расстаючыся, нечага прагнулі, але не ведалі, чаго прагнуць. Адно толькі ведалі яны, што яго загубіў пацалунак, а яе — купанне.
23. Распальвала іх і сама пара года. Вясна ўжо канчалася, лета пачыналася, усё было ў росквіце, дрэвы ў пладах, палі ў каласах; усцяж мілае цыкад стракатанне, садавіны салодкае пахкае дыханне ды радаснае авечак бляянне. Можна было б падумаць, што рачулкі, спакойна воды коцячы, спявалі, што вятры сваім подзьмухам па соснах на сірынзе ігралі, што яблыкі ў знямозе кахання долу спадалі, што сонца, закаханае ў красу, усіх раздзявала.
Дафніс, распалены ўсім гэтым, кідаўся ў раку, то плёскаўся ў вадзе, то ганяўся за разгулянаю рыбаю; а часта і піў, як бы хацеў патушыць агонь усярэдзіне. Хлоя ж, падаіўшы авечак і многіх коз, доўга яшчэ ўпраўлялася, каб сквасіць малако; а мухі моцна даймалі і кусалі, калі яна іх праганяла. Пасля яна, умыўшы твар, прыбіралася вянком з хваёвых галінак і, ахінуўшы паясніцу шкурай аляняці, напаўняла посуд віном і малаком, каб разам з Дафнісам выпіць гэтага пітва.
24. Калі ж надышоў поўдзень, вочы іх адразу трапілі ў палон чараў. Бо яна, убачыўшы голага Дафніса, уражаная яго дасканалай красою, знемагала, не знаходзячы ў яго ніякай заганы; ён жа, гледзячы на яе, апаясаную шкураю аляняці, у хваёвым вянку, калі яна яму падавала кубак, думаў, што бачыць німфу з пячоры. Пасля ён хапаў у яе з галавы хваёвы вянок і надзяваў яго на сябе, спачатку пацалаваўшы гэты вянок; яна таксама, калі ён раздзяваўся і купаўся, захіналася ў яго вопратку, спачатку яе пацалаваўшы. Часамі яны кідалі адно ў аднаго яблыкі або прыбіралі адно аднаму галаву, расчэсваючы валасы на прабор. І Хлоя параўноўвала яго валасы з міртам, бо яны былі чорныя, ён жа яе твар параўноўваў з яблыкам, бо ён быў белы і румяны. Ён вучыў яе іграць на сірынзе; але калі яна пачынала дзьмуць, ён выхопліваў у яе і сам губамі перабіраў чароціны; і ўдаючы, што папраўляе яе памылкі, прыдумаўшы прыстойную прычыну, праз сірынгу цалаваў Хлою.
25. Аднаго разу апоўдні, калі ён іграў на сірынзе, а чароды ляжалі ў цяні, Хлоя непрыкметна задрамала. Заўважыўшы гэта, Дафніс адклаў сірынгу, прагна агледзеў яе ўсю — цяпер жа ён ані не саромеўся — і патаемна і разам з тым ціха прашаптаў: «Як гэтыя вочы спяць! Як вусны салодка дыхаюць! Так не пахнуць ні яблыкі, ні кусты. Але я баюся цалаваць: пацалунак раніць сэрца і, як малады мёд, прыводзіць у шаленства. І я баюся пацалункам разбудзіць яе. О гаварлівыя цыкады! Яны не дадуць спаць ёй сваім моцным стракатаннем. Яшчэ і казлы, б'ючыся, ляскаюць рагамі. О ваўкі, баязлівейшыя за лісоў, чаму ж вы іх не схапілі?!»
26. Калі ён так казаў, цыкада, уцякаючы ад ластаўкі, якая хацела яе злавіць, упала Хлоі на грудзі; ластаўка — за цыкадаю, і хоць не змагла яе злавіць, але, гонячыся за ёю, праляцела так блізка, што кранулася сваім крыллем Хлоінай шчакі. Не ведаючы, што з ёю здарылася, Хлоя моцна ўскрыкнула і прахапілася са сну, але, убачыўшы над сабою ластаўку і Дафніса, што смяяўся з яе спалоху, яна супакоілася і працерла ўсё яшчэ сонныя вочы. Цыкада, што схавалася ў Хлоі на грудзях, адазвалася, нібы той, хто шукаў прытулку, дзякаваў за свой ратунак. Зноў Хлоя галосна ўскрыкнула, а Дафніс засмяяўся. І, карыстаючыся нагодаю, прасунуў руку між грудзей і выняў добрую цыкаду, якая і ў яго руцэ не маўчала. Хлоя ўзрадавалася, убачыўшы яе, узяла, і пацалавала, і зноў пасадзіла стракатліўку сабе на грудзі.
27. Усцешыла іх раз туркаўка, прабуркаваўшы з лесу сваю пастушыную песеньку. І калі Хлоя захацела даведацца, што яна такое гаворыць, а Дафніс ёй растлумачыў, расказаўшы вядомую казку: «Была, дзяўчо, адна дзяўчынка, такая прыгожая, як ты, і пасвіла яна ў лесе шмат жывёлы. А была яна пяюха, і кароўкі радаваліся яе спевам, пасвячы іх, яна не мела патрэбы ні біць іх пастуховым кіем, ні пароць ражном; а садзілася пад хвойкаю, прыбіралася ў хваёвы вянок, спявала пра Пана і Пітыс, і каровы, зачараваныя спевам, не адыходзіліся ад яе. Адзін хлопец, што непадалёк пасвіў кароў і ўмеў спяваць гэтак жа, як дзяўчына, заспрачаўшыся з ёю, што лепш спявае, узвысіў свой голас, моцны, як у мужчыны, і мілы, як у дзіцяці, завабіў у свой статак восем яе найлепшых кароў і пагнаў іх. Дзяўчына, засмучоная стратаю жывёлы і няўдачаю ў спевах, моліць багоў, каб далі ёй лепей у птушку абярнуцца, чым дахаты вярнуцца. Багі слухаюцца і ператвараюць яе ў гэтую птушку, якая жыве, як тая дзяўчына, у гарах і гэтак жа прыгожа спявае, як яна. І сёння яшчэ, спяваючы, расказвае яна пра сваё няшчасце, спадзеючыся знайсці сваіх заблуканых кароў».
28. Такія ўцехі даравала ім лета. Але калі была восень у самым росквіце і саспеў вінаград, прысталі ў тыя мясціны тырыйскія піраты на лёгкім карыйскім судне (каб іх за варвараў не палічылі), высадзіліся, узброеныя мячамі і ў паўпанцырах, пачалі рабаваць усё, што траплялася пад рукі: духмянае віно, шмат збожжа, скрылі мёду; пагналі яны і некалькі кароў з Дорканавага статка. Схапілі яны і Дафніса, які блукаў па беразе мора; Хлоя ж як дзяўчына выганяла Дрыясавых авечак пазней, таму што баялася свавольных пастухоў. Убачыўшы прыгожага, дужага дзецюка, які здаўся ім больш вартаю здабычаю, чым нарабаванае на палях, разбойнікі не сталі траціць больш намаганняў ні на коз, ні на іншае дабро ў ваколіцы, а пагналі яго на свой карабель, ён жа ўсё плакаў у роспачы і моцна клікаў Хлою. Яны хутка адвязалі канат і, хапіўшы ў рукі вёслы, адплылі ў адкрытае мора; Хлоя якраз тады выгнала сваю чараду, несучы новую сірынгу ў падарунак Дафнісу. Але бачачы коз, якія ў бязладдзі разбегліся, і чуючы, як Дафніс мацней і мацней гукае яе, яна, не думаючы больш пра коз і авечак, кінула сірынгу і памчала бегма да Доркана прасіць дапамогі.
29. Але той ляжаў цяжка збіты разбойнікамі, ледзь дыхаючы, сыходзячы крывёю. Убачыўшы Хлою, ён адчуў у сабе іскру даўнейшага кахання і прамовіў: «Хлоя, я зараз памру; бязбожныя піраты, калі я змагаўся за сваіх валоў, мяне самога забілі, як вала. Але ты павінна ўратаваць для сябе Дафніса, папомсціцца за мяне, знішчыць іх. Я прывучыў сваіх кароў слухацца гукаў сірынгі і збягацца на яе поклік, нават калі б далёка яны дзе пасвіліся. Дык ідзі ж і, узяўшы гэтую сірынгу, зайграй на ёй тую песню, якой я некалі навучыў Дафніса, а Дафніс цябе; пра ўсё астатняе парупяцца мая сірынга і мае каровы, што апынуліся там. Я дару табе гэтую сірынгу, з якою ў змаганні, хто лепшы, шмат валапасаў і аўчароў перамог. А ты за гэта пацалуй мяне, пакуль яшчэ жывы, і аплач мяне, калі памру. А калі ўбачыш другога пастуха, што будзе пасвіць гэтыя кароўкі, успомні пра мяне».
30. Сказаўшы гэта, пацалаваў яе апошні раз,і разам з гэтым пацалункам і гэтымі словамі адляцела яго душа.
А Хлоя, узяўшы сірынгу і прыклаўшы да губ, зайграла наймацней, як толькі магла; і каровы чуюць песню, пазнаюць і, равучы, кідаюцца ў адным парыве ў мора. Ад раптоўнага скачка карабель нахіляецца на адзін бок, і пад цяжарам кароў марская бездань завірыла, карабель пераварочваецца і тоне, хвалі сышліся над ім. Тыя, што былі там, выскокваюць у ваду, але не ўсе з аднолькаваю надзеяй на ратунак. У піратаў на поясе былі мячы, на грудзях лускаватыя паўпанцыры, а ногі аж да паловы прыкрывалі накаленнікі, а Дафніс, які толькі што пасвіў на лузе коз, быў босы і напаўапрануты, бо гэтай парою было яшчэ горача. Нейкі час піраты яшчэ плылі, але цяжкае ўзбраенне пацягнула іх у бездань; Дафніс жа сваё адзенне лёгка скінуў, але, плывучы, зазнаў мукі, бо раней плаваў толькі ў рэчках. Аднак пасля бяда навучыла, што яму рабіць; ён ірвануўся ў сярэдзіну кароў і, ухапіўшы аберуч дзвюх іх за рогі, рухаўся так без клопату і турбот, нібы кіруючы павозкаю.
Гавяда ж плавае так, як ніводзін чалавек, толькі ўступае вадзяным птушкам і самім рыбам. Ніводная карова пры плаванні не гіне, хіба толькі рог у яе на капытах размокне і адваліцца. Пра гэта сведчаць аж да сёння многія мясціны на моры, якія маюць назву «валовага броду».