7. Быў там Лампіс, грубы валапас. Ён таксама сватаў Хлою ў Дрыяса і ўжо шмат падарункаў прынёс, каб прыспешыць вяселле. Але даведаўшыся, што Дафніс ажэніцца з ёю, калі ўладар дазволіць, ён пачаў шукаць спосабу, каб разгневаць супроць іх гаспадара; ведаючы, што таго вельмі радуе сад, надумаў ён як мага яго знішчыць і знявечыць. Калі ссекчы дрэвы, то выдасць стук і яго зловяць; таму надумаўся ён спляжыць кветкі. Ён дачакаўся ночы, пералез цераз агароджу і адны з іх вырваў, другія — паламаў, а рэшту растаптаў, як свіння. І непрыкметна ўцёк.
Назаўтра раніцаю прыйшоў Ламан у сад, каб паліць кветкі вадою з крыніцы. Убачыўшы такое спусташэнне ўсяе мясціны — работа не грабежніка, а толькі ворага! — ён тут жа разарваў свой кароценькі хітон і моцным крыкам пачаў клікаць багоў; так што Міртала, кінуўшы тое, што мела ў руках, выбегла з хаты, і Дафніс, які толькі што выгнаў коз, прыбег; убачыўшы, яны закрычалі, а закрычаўшы, заплакалі.
8. Хоць жальбою кветкам не паможаш, але яны плакалі са страху перад гаспадаром; і чужы б хто, трапіўшы сюды, заплакаў, бо гэтая мясціна была збэшчаная, а ўся зямля збітая ў гразь. А тыя з кветак, што ўцалелі ад руйнавання, і далей цвілі і зіхацелі і былі ўсё яшчэ прыгожыя, нават палеглыя на зямлю. І ўсё яшчэ садзіліся на іх пчолы і няспынна гулі, як бы яны аплаквалі іх. А Ламан у роспачы ўсклікаў: «Бяда гэтым кустам ружаў! Як іх паламалі! Бяда градкам фіялак! Як іх здратавалі! Бяда гіяцынтам і нарцысам! Што за нягодны чалавек вырваў іх! Вернецца вясна, а яны не распусцяцца; будзе лета, а яны красавацца не будуць; увосень нікога яны вянком не прыбяруць. І ты ж, уладару Дыянісе, не злітаваўся над няшчаснымі кветкамі, сярод якіх ты жывеш, на якія ты глядзіш, з якіх часта я табе вянкі плёў і цешыўся імі? Як, як пакажу цяпер гэты сад гаспадару? Што ён скажа, калі гэта ўбачыць? Загадае павесіць мяне, старога чалавека, на першай хвойцы, як Марсія; а можа, і Дафніса, думаючы, нібыта яго козы гэта зрабілі».
9. Яшчэ гарачэйшыя слёзы пры гэтым паліліся, і не кветкі аплаквалі яны, а саміх сябе. І Хлоя аплаквала Дафніса, як бы яго ўжо меліся павесіць, і малілася, каб уладар не прыязджаў, і перажывала цяжкія дні, нібы ўжо бачыла, як лупцуюць Дафніса. І калі ўжо ноч надышла, Эўдрам прынёс вестку, што старэйшы гаспадар прыедзе праз тры дні, а яго сын будзе заўтра. Яны зноў пачалі разважаць над тым, што адбылося, і, падзяліўшыся сваімі страхамі з Эўдрамам, папрасілі ў яго рады; ён, спагадаючы Дафнісу, параіў расказаць усё маладому гаспадару і абяцаў ім сваю дапамогу пры гэтым, бо як малочны брат быў у яго ў пашане. І калі надышоў дзень, яны так і зрабілі.
10. Астыл прыехаў конна, і з ім яго парасіт, таксама конна. У Астыла быў першы пушок на падбародку, а Гнатан — так звалі нахлебніка — даўно ўжо галіў бараду. Ламан з Мірталаю і Дафнісам, прыпаўшы да ног маладога гаспадара, прасілі паспагадаць няшчаснаму старому і адвесці ад яго, ні ў чым не вінаватага, гнеў свайго бацькі; і Ламан тут жа расказаў яму ўсё. Паспагадаў просьбе Астыл, пайшоў у сад і, убачыўшы панішчаныя кветкі, паабяцаў ім, што сам папросіць бацьку дараваць і зверне віну на коней: нібыта яны, прывязаныя там, разгуляўшыся, сарваліся з прывязі, адны кветкі паламалі, другія — здратавалі, трэція — збілі. За гэта Ламан і Міртала пажадалі яму ўсялякага дабра, а Дафніс прынёс гасцінцы: казлянят, сыры, птушак з птушанятамі, гронкі вінаграду на лозах, яблыкі на галінках. Сярод гэтых гасцінцаў было і духмянае лесбаскае віно, з усіх мацункаў найлепшае.
11. Астыл пахваліў гасцінцы і пайшоў паляваць на зайцоў, бо дзяцюк ён быў багаты, жыў заўсёды ў раскошы і прыехаў у вёску, каб зазнаць адменнай уцехі. Гнатан жа, чалавек, які ўмеў толькі есці ды піць, абы набрацца, а набраўшыся, распуснічаць, і ў якога толькі і было ўсяго што губа, чэрава ды тое, што пад чэравам, старанна разгледзеў Дафніса, калі той прынёс свае гасцінцы, і, схільны ад прыроды да хлопцаў, знайшоўшы красу, якой і ў горадзе не знайсці, надумаў узяцца за Дафніса, спадзеючыся лёгка ўгаварыць гэтага казапаса.
Наважыўшыся так, ён пайшоў не з Астылам на паляванне, а туды, дзе пасвіў Дафніс, кажучы, што хоча коз паглядзець, а напраўду — Дафнісам палюбавацца. І, каб расчуліць, ён хваліў яго коз, папрасіў яго сыграць на сірынзе пастушыную песню і сказаў, што ён хутка даб'ецца для Дафніса волі, бо ўсё можа зрабіць.
12. Гнатан, убачыўшы, што прыручыў хлопца, падпільнаваў яго ўночы, калі ён гнаў з пашы коз, і, падбегшы, спярша пацалаваў, а потым папрасіў, каб той дазволіў яму ззаду тое, што козы дазваляюць сваім казлам. Доўга не мог уцяміць Дафніс і нарэшце адказаў, што ён добра ведае, як казлы скачуць на коз, але ніхто ніколі не бачыў, каб казёл ускокваў на казла, а баран замест авечкі — на барана, ні пеўні замест курэй на пеўняў, тады Гнатан, пусціўшы ў ход рукі, хацеў узяць яго гвалтам. Але Дафніс штурхнуў п'янага, які ледзь трымаўся на нагах, паваліў на зямлю і ўцёк, як алянятка, пакінуўшы там ляжаць таго, каго весці дадому пад руку мог мужчына, а не хлопчык.
Больш Дафніс увогуле з ім не вадзіўся і пасвіў сваіх коз то тут, то там, унікаў Гнатана, ахоўваючы сваю Хлою. Ды і Гнатан больш не лез да яго, ведаючы, што той не толькі прыгожы, але і дужы. Чакаў толькі зручнага моманту, каб пагаварыць пра яго с Астылам, і спадзяваўся атрымаць яго ў падарунак ад дзецюка, які любіў адорваць часта і шчодра.
13. Але тады нічога не выпадала зрабіць, бо прыехаў Дыянісафан разам з Клеарыстаю, і скрозь чуўся вялікі галас цягла, службы, мужчын, жанок. Аднак пасля ўсяго склаў доўгую любоўную прамову.
Дыянісафан хоць ужо і быў напалову сівы, але быў высокі і прыгожы і мог бы яшчэ пазмагацца з маладымі, да таго ж багаты, як мала хто, і сумленны, як ніхто. Прыехаўшы, ён у першы ж дзень прынёс ахвяры багам, апекунам палёў — Дэметры, Дыянісу, Пану, німфам, а ўсім, хто быў там, паставіў кратэр віна. У наступныя дні ён аглядваў Ламанаву гаспадарку. Убачыўшы палі ў барознах, гронкі на лозах, сад у цэлай красе — за кветкі Астыл узяў віну на сябе, — ён вельмі ўсцешыўся, пахваліў Ламана і паабяцаў адпусціць яго на волю. Пасля гэтага пайшоў на казіную пашу, каб паглядзець і коз, і таго, хто іх пасвіў.
14. Хлоя, засаромеўшыся і спалохаўшыся такога гурту людзей, уцякла ў лес, а Дафніс стаяў там, апяразаны калматаю казлінаю шкураю, з толькі што пашытаю пастуховаю торбаю цераз плячо, у руцэ адной трымаў свежы сыр, другою прытрымліваў малочных казлянятак; калі Апалон некалі, служачы Лаамеданту, пасвіў быкоў, ён быў такі самы, як тады выглядаў Дафніс. Ён нічога не казаў, а толькі, пачырванеўшы, апусціў вочы, перадаючы гасцінцы; а Ламан сказаў: «Гэта, уладару, пастух тваіх коз. Ты мне перадаў пасвіць пяцьдзесят коз і двух казлоў, а гэты выхадзіў табе сто коз і дзесяць казлоў. Бачыш, якія тлустыя, з густою воўнаю, і рогі ў іх не зламаныя. Ён прывучаў іх да музыкі; пачуўшы сірынгу, яны робяць усё, што трэба».
15. Клеарыста, якая была пры гэтай гаворцы, захацела ўбачыць тое, што ён казаў, і загадала Дафнісу, каб зайграў сваім козам, як гэта ён звычайна робіць, і паабяцала за ігру хітон, хламіду і сандалі. Ён пасадзіў іх, як у тэатры, стаў пад букам, выняў з торбы сірынгу і найперш злёгку дзьмухнуў: козы пасталі і паднялі галавы. Пасля ён зайграў «на пашу»: і козы пасвіліся, апусціўшы ўніз галовы; далей ён выдаў мяккія тоны: козы, сабраўшыся, паляглі. І вось зайграў пранізлівы напеў: козы, нібы да іх набліжаўся воўк, уцяклі ў лес. Праз хвіліну ён выдаў поклічны напеў: выбраўшыся з лесу, яны збегліся каля яго ног. Ніколі не ўбачыш рабоў, каб яны так слухаліся гаспадара. Усе дзіву даліся, а больш за ўсіх Клеарыста, яна паклялася аддаць тыя падарункі пастуху — прыгажуну і да таго ж музыку. Вярнуўшыся ў двор, селі снедаць і Дафнісу таксама са свае яды паслалі.
Ён еў разам з Хлояй, смакуючы гарадскія стравы, і быў у добрай надзеі выпрасіць у гаспадара дазвол на шлюб.
16. А Гнатан, пабачыўшы праяву з козамі, толькі яшчэ больш распаліўся пажадлівасцю, уважаючы, што яго жыццё не жыццё, калі не даможацца Дафніса. Прыпільнаваўшы, калі Астыл праходжваўся ў садзе, завёў яго ў капліцу Дыяніса і пачаў цалаваць яму ногі і рукі. Калі Астыл запытаўся, навошта ён гэта робіць, і загадаў яму расказаць, пакляўшыся дапамагчы, той сказаў: «Гіне твой Гнатан, о ўладару! Ён, які дагэтуль толькі твой стол любіў; ён, які некалі кляўся, што няма нічога лепшага за старое віно, ён, хто цаніў тваіх кухараў вышэй за ўсіх мітыленскіх дзецюкоў, цяпер толькі Дафніса ўважае прыгожым. Я не адведаю ніводнай дарагой стравы, хоць бы колькі ні рыхтавалі кожнага дня мяса, ці рыбы, ці мядовых коржыкаў, а ахвотна зрабіўшыся казою, еў бы траву, лісце, слухаючы Дафнісаву сірынгу, пасучыся пад яго наглядам. Уратуй свайго Гнатана і адолей неадольнага Эраса. Калі ж не, то, клянуся табе маім богам, узяўшы нож і напоўніўшы ўдосталь сваё чэрава ядою, я заб'ю сябе самога перад Дафнісавымі дзвярыма: ты ніколі больш не назавеш мяне сваім Гнатонікам, як ты заўсёды меў звычку жартам называць».
17. Тут ён так заплакаў і зноў пачаў цалаваць ногі дзецюку, які быў і велікадушны і не быў ужо недасведчаны ў муках кахання, а таму і не мог адмовіць і паабяцаў у свайго бацькі выпрасіць Дафніса і ўзяць яго ў горад слугою сабе, а каханкам Гнатану. І каб вярнуць вясёлы настрой таму, ён, пасміхаючыся, спытаўся ў яго, ці не саромеецца ён кахаць Ламанавага сына і так хацець легчы з хлопцам, што пасе козы; і пры гэтым зрабіў міну, што яго гідзіць казліны смурод. Але Гнатан, які ў застоллях распуснікаў вывучыўся ўсялякаму любоўнаму пустаслоўю, не без трапнасці сказаў пра сябе і пра Дафніса: «Ніводнага закаханага, мой уладару, гэта не абыходзіць: у якой бы постаці ён ні знайшоў красу, ён у яе палоне. Праз гэта не адзін кахае расліну, раку, дзікага звера. А, між іншым, хто не паспагадае закаханаму, які мае баяцца каханага? Я люблю цела раба, але красу — вольнага. Ці бачыш, як гіяцынты, яго кудзеры, з-пад броваў вочы блішчаць, як дарагі камень у залатой аправе? Твар яго поўніцца румянцам, рот — зубамі бялюткімі, як слановая косць: які закаханы не хацеў бы сарваць адтуль чыстыя пацалункі? Калі я закахаўся ў пастуха, то гэтым пераймаю багоў. Валапасам быў Анхіс, а яго мела Афрадыта; козы пасвіў Бранх, а яго любіў Апалон; аўчаром быў Ганімед, а яго выкраў Дзеўс. Не грэбуйма хлопцам, якога і козы, як закаханыя, слухаюцца, што мы і бачым; падзякуйма Дзеўсавым арлам, што даюць аставацца яшчэ на зямлі такой красе».
18. Весела пасмяяўся Астыл, асабліва з гэтых слоў, і, сказаўшы, што Эрас з кожнага робіць вялікага сафіста, стаў чакаць зручнага моманту, каб пагаварыць з бацькам пра Дафніса.
Усю гэтую размову ўпотай чуў Эўдрам, які, любячы Дафніса як добрага дзецюка, мучыўся, што такая краса будзе згнюшана Гнатанам, і адразу ўсё расказаў Дафнісу і Ламану. Дафніс, уражаны, вырашыў або адважыцца ўцякаць разам з Хлояй, або памерці, узяўшы і яе сваёй хаўрусніцаю. А Ламан, выклікаўшы Мірталу з хаты, сказаў: «Мы прапалі, жонка. Якраз час раскрыць нашу таямніцу. Прапалі нашы козы і ўсё астатняе; але, клянуся Панам і німфамі, нават калі б меў астацца, як кажуць, валом у стайні, не змаўчу пра Дафнісаву долю, а як знайшоў яго падкінутага, раскажу, як яго гадавалі, адкрыю, што я знайшоў пры ім, пакажу. Хай ведае гэты нягоднік Гнатан, хто такі ён і каго адважваецца кахаць. Дастань мне толькі гэтыя прыкметныя знакі — каб былі пад рукою».
19. Умовіўшыся так, яны вярнуліся ў хату; а Астыл, зайшоўшы да бацькі, калі той быў вольны, папрасіў дазволу ўзяць з сабою Дафніса ў горад, бо ён прыгожы і зашкода яго для работы ў вёсцы, а Гнатан хутка мог бы навучыць яго гарадскім манерам. Бацька ахвотна згаджаецца і пасылае па Ламана і Мірталу, каб абвясціць ім добрую навіну, што Дафніс будзе надалей замест козам і казлам слугаваць Астылу; паабяцаў замест яго даць двух казапасаў. І тут Ламан, калі ўжо збегліся ўсе рабы, усцешаныя, што будуць мець такога прыгожага таварыша, папрасіў слова і пачаў казаць: «Выслухай, о ўладару, ад старога чалавека праўдзівае слова: клянуся Панам і німфамі, што ані не схлушу. Я Дафнісу не бацька, і Міртала не мела шчасця быць яго мацераю. Іншыя бацькі падкінулі дзіцятка, відаць, маючы ўжо даволі большых дзяцей; я ж знайшоў пакінутага і гадаванага маёю казою; калі яна памерла, я пахаваў яе ў садзе, бо любіў яе за мацярынскі клопат. Знайшоў пры ім і прыкладзеныя прыкметныя знакі; прызнаюся, уладару, што іх хаваю; яны сведкі лепшай долі, чым наша. Каб ён быў рабом Астылу, я не супроць, прыгожы слуга прыгожага і добрага ўладара. Але каб з яго згнюшаўся п'яны Гнатан, не магу сцярпець; ён стараецца адвесці яго ў Мітылену, каб зрабіць жанчынаю».
20. Ламан, сказаўшы гэта, замоўк і заліўся слязамі. Калі ж Гнатан, нахабна паводзячы сябе, пачаў пагражаць бойкаю, Дыянісафан, уражаны аповядам, загадаў Гнатану замоўкнуць, кінуўшы на яго суровы нахмураны позірк, і пачаў зноў выпытваць у Ламана, загадаўшы казаць праўду і не выдумваць ніякіх баек, абы затрымаць пры сабе сына. Але Ламан стаяў на сваім, кляўся ўсімі багамі і аддаваў сябе на ўсялякую муку, калі ён хлусіць; і Дыянісафан з Клеарыстаю, якая сядзела побач, пачаў узважваць яго словы: «Навошта Ламану хлусіць, калі ён мог за аднаго двух казапасаў атрымаць? Ды і як бы селянін выдумаў такое? І хіба адразу не было відаць, што ад такога старога і ад непагляднай жанчыны такі прыгожы сын не мог нарадзіцца?»
21. І надумаўся ён больш не гадаць, а зараз жа паглядзець прыкметныя знакі, ці сапраўды яны паказваюць на больш слаўную долю. Міртала пайшла, каб іх прынесці: яны зберагаліся ў старой пастуховай торбе. Калі яна ўнясла іх, Дыянісафан першы паглядзеў і, убачыўшы пурпуровую кашульку, золатакаваную засцежку і кінжальчык з тронкам са слановай косці, голасна ўскрыкнуў: «О ўладару Дзеўсе!» І кліча жонку, каб тая паглядзела. Калі яна зірнула, таксама голасна ўскрыкнула: «Любыя мойры! Ці ж не пакінулі мы гэтага з нашым дзіцем і ці не ў гэтыя мясціны казалі мы Сафрасіні аднесці яго? Гэта ж не якія-небудзь іншыя, а якраз тыя. Любы муж, наша гэтае дзіця, твой сын Дафніс, і бацькоўскіх коз ён пасвіў!»
22. Пакуль яна яшчэ гаварыла, а Дыянісафан цалаваў прыкметныя знакі і плакаў з празмернай радасці, Астыл, уразумеўшы, што Дафніс яго брат, скінуў плашч і пусціўся бегчы ў сад, каб першым пацалаваць Дафніса. А Дафніс, убачыўшы, што да яго бяжыць Астыл, а за ім цэлая грамада, гукаючы: «Дафнісе!», падумаў, што ён хоча яго злавіць, кінуў сваю торбу і сірынгу і панёсся да берага, каб кінуцца ў мора з высокай скалы. І было б амаль нечуванае — зноў страціць Дафніса, ледзь толькі яго адшукаўшы, калі б Астыл не зразумеў гэтага і зноў не закрычаў: «Стой, Дафнісе, нічога не бойся: брат я табе, а бацькі — тыя, што да гэтага дня былі ўладарамі тваімі. Ламан толькі што нам пра казу расказаў і прыкметныя знакі паказаў; абярніся і паглядзі, як усе радуюцца і смяюцца. Але мяне першага пацалуй; клянуся ж німфамі, што не хлушу».