Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч - Дрэва вечнасці стр 7.

Шрифт
Фон

— Што чуеш, галубка.

І ўсё роўна, як на злосць старым, ён на танцах круціў дзяўчынай так, што аж пасталы разлазіліся.

Аднак не ўсё так складалася, як думаў Іван. Гаспадарка яго руйнавалася, ужо не было каля чаго ўсім увіхацца, і трэба было ісці ў наймы.

Маркота грызла Івана.

— Давядзецца ісці на паланіну, Марычка, — сумаваў ён загадзя.

— Што ж, ідзі, Іванка, — пакорліва адказвала Марычка. — Такая, відаць, наша доля...

І яна каламыйкамі ўпрыгожвала іх разлуку. Ёй было шкада, што надоўга перапыняцца іхнія сустрэчы ў ціхім лесе. Абдымала за шыю Івана і, тулячы да яго твару бялявую галоўку, ціхенька спявала яму над вухам:

— Успомніш?

— Успомню, Марычка.

— Нічога! — суцяшала яна яго. — Ты будзеш, мой родны, аўчарыць, а я сенаваць. Узлезу на капу дый пагляджу ў горы на паланінку, а ты мне затрубі на трамбіце... Можа, пачую. Як туман будзе ападаць на горы, я сяду ды заплачу, што не відаць майго любага. А як у пагодлівую ночку высыплюць на небе зоркі, я буду прыглядацца: якая зорка над паланінкаю — тую бачыць Іванка... Толькі спяваць пакіну...

— Чаму? Спявай, Марычка, не губляй весялосці сваёй, я хутка вярнуся.

Але яна толькі сумна галавой хістала.

ціха абазвалася да яго Марычка.

Марычка ўздыхнула і яшчэ сумней дадала:

— Так і я... Можа, і занядбаю...

Іван слухаў тонкі дзявочы галасок і думаў, што яна даўно ўжо ўсё засеяла каламыйкамі сваімі, што іх спяваюць лясы і сенажаці, пагоркі і паланіны, звоняць ручаі і выспеўвае сонца... Але прыйдзе пара, ён вернецца да яе, і яна зноў пазбірае каламыйкі, каб было чым адбыць вяселле.

Цёплым вясновым ранкам ішоў Іван на паланіцу.

— Слава Ісусу!

— Навекі слава!

Па далёкіх узлобках журыліся ціхія гуцульскія селішчы, вішнёвыя ад яловага дыму, якім пракурыліся наскрозь вострыя стрэшкі абарогаў з пахучым сенам, а ў даліне кучаравы Чарамош злосна пабліскваў сівізною ды свяціўся пад скаламі нядобрым зялёным агнём. Пераходзячы ручай за ручаём, мінаючы хмурыя лясы, дзе часам абзывалася званком карова або вавёрка ссыпала ўніз пад яліну аб’едкі шышак, Іван падымаўся ўсё вышэй. Сонца пачынала пячы, і камяністая дарожка муліла ногі. Цяпер ужо хаты трапляліся радзей. Чарамош расцягнуўся ў даліне, як срэбная нітка, і шум яго не даходзіў. Лясы саступалі месца горным сенажацям, мяккім і густым. Іван плыў па іх, як па кветкавых азёрах, нагінаючыся часам, каб аздобіць капялюш пучком чырвоных смолак або бледным вянком златаквету. Бакі гары западалі ў глыбокія чорныя правалы, у якіх нараджаліся халодныя патокі, куды не ступала чалавечая нага і дзе раскашаваў толькі буры мядзведзь, страшны вораг жывёлы, — «вуйка». Вада пападалася радзей. Затое як прыпадаў ён да яе, калі знаходзіў ручай — той халодны крышталь, што абмываў дзесьці жоўтае карэнне ялін і ажно сюды прыносіў гоман лясоў! Каля такой ручаінкі нейкая добрая душа заўсёды пакідала конавачку ці нават гладышок сыраквашы.

А сцежка вяла ўсё далей, кудысьці ў ламачча, дзе гнілі адна на адной калючыя елкі, без кары і шыгалля, як косткі. Пуста і дзіка было на тых лесавых могілках, забытых Богам і людзьмі, дзе толькі такавалі глушцы ды поўзалі гадзюкі. Тут была цішыня, вялікі спакой прыроды, строгасць і сум. За плячыма ў Івана раслі горы, блакітнелі ўдалечыні. Арол узнімаўся з каменных брылёў, бласлаўляючы іх шырокім размахам крылаў, адчувалася халоднае паланінскае дыханне, і разрасталася неба. Замест лясоў цяпер слаліся па зямлі ядловец, чорны дыван паўзучых ялін, у якім заблытваліся ногі, і мох, які адзяваў камень у зялёны шоўк. Далёкія горы адкрывалі адна за адной свае вяршыні, выгіналі хрыбты, уставалі, як хвалі ў сінім моры. Здавалася, марскія буруны застылі якраз у тое імгненне, калі бура падняла іх з дна, каб кінуць на зямлю і заліць свет. Ужо сінімі хмарамі падпіралі далягляд букавінскія вяршыні, спавіваліся блакітам блізкія Сініца, Дзямброня і Белая Кабыла, курыўся Ігрэц, калола неба вострым спічаком Гавэрла, і Чарнагора цяжкім сваім целам душыла зямлю.

Паланіна! Ён ужо стаяў на ёй, на гэтай высокай лугавіне, укрытай густою травою. Блакітнае мора разгневаных гор аблегла Івана шырокім колам, і здавалася, што тыя бясконцыя сінія валы ідуць на яго, гатовыя ўпасці да ног.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги

Популярные книги автора