Вецер, востры, як наточаны тапор, біў яму ў грудзі, яго дыханне злівалася з дыханнем гор, і гордасць напоўніла Іванаву душу. Ён хацеў крыкнуць на ўсю моц, каб рэха пакацілася з гары на гару, аж да небакраю, каб захістаць мора вяршынь, але раптам адчуў, што яго голас прапаў бы ў тых прасторах, як камарыны піск...
Трэба было спяшацца.
Ушчаміўшы ў шула лучыну, два чалавекі цягалі рэмень, ад гэтага лучына круцілася і скрыпела.
— Слава Ісусу! — павітаўся Іван.
Але яму нічога не адказалі.
Таксама фуркала лучына, і два чалавекі, засяроджаныя і строгія, тым самым рухам цягалі рэмень. Лучына пачынала курэць, і скора маленькі агеньчык выскачыў з яе і запалаў з абодвух канцоў. Старшы аўчар набожна падняў агонь і ўторкнуў у кастрышча, складзенае каля дзвярэй.
— Навекі слава! — павярнуўся ён да Івана. — Цяпер у нас ёсць жывы агонь, і пакуль ён гарэцьме, ні звер, ні сіла нячыстая не возьме скаціны дый нас, грэшных...
І завёў Івана ў стаю, дзе ад парожніх даёнак, дзежак ды голых лавак патыхала запусценнем.
— Заўтра прыгоняць нам скаціну, каб толькі памог Пан Бог усю людзям аддаць, — абазваўся аўчар і расказаў, што Іван павінен рабіць.
Штосьці было спакойнае, нават велічнае ў словах і ў рухах паланінскага гаспадара.
— Міка!.. — гукнуў ён праз дзверы. — Раскладзі барзджэй агонь у стаі...
Тонкі кучаравы Мікола, з поўным жаночым тварам, унёс у стаю агонь.
— Ты ж хто, братка, будзеш — аўчар? — зацікавіўся Іван.
— Не, я — спузар, — паказаў зубы Мікола, — павінен пільнаваць вогнішча, каб не згасла, бо будзе бяда!.. — Ён нават з жахам азірнуўся наўкола. — Дый вады схадзіць да ручая, дый у лес дроў...
Тым часам вогнішча разгаралася. Поўным павагі рухам, як даўнейшы жрэц, падкідваў у яго старшы аўчар сухі ельнік ды свежыя лапкі, і сіні дым лёгка ўзнімаўся над ім, а далей, адкінуты ветрам, чапляўся за горы, перабіраўся праз чорную паласу лясоў і слаўся па далёкіх блакітных вяршынях.
Паланіна пачынала сваё жыццё жывым нязгасным агнём, што меўся яе бараніць ад усяго ліхога. І, нібы ведаючы пра гэта, агонь горда віўся сваім змяіным целам, дыхаў усё новымі клубамі дыму...
Чатыры дужыя аўчаркі, паклаўшы на траву свае кажухі, глядзелі задумліва ў горы, гатовыя ў адну хвіліну ўскочыць на ногі, выскаліць зубы ды натапырыць поўсць.
Дзень ужо гас. Горы мянялі сваё блакітнае ўбранне на ружовыя з золатам рызы.
Мікола клікаў вячэраць.
Тады сышліся ў стаю ўсе аўчары і паселі каля жывога агню, каб спакойна з’есці сваю першую паланінскую кулешу...
Якая ж тая паланінка стала ўвесну вясёлая, калі стрэла гурт авечак з навакольных сёлаў!..
Старшы аўчар, нібы дух паланіны, абходзіць з агнём стойла. Выгляд мае паважны, як у жраца, ногі ступаюць цвёрда і шырока, а дым з галавешкі пырхае за ім крылатым змеем. На вароты стойла, куды маюцца пераходзіць авечкі, аўчар кідае агонь, а сам прыслухоўваецца. Ён чуе ход паланінскі не толькі вухам. Ён сэрцам чуе, як з глыбозных далін, дзе кіпяць рэкі і рвуць берагі, з ціхіх селішчаў і царынак коціцца ўгору, на покліч вясны, жывая хваля жывёлы і пад нагамі ў яе радасна ўздыхае зямля. Ён чуе далёкае дыханне атары, рыканне кароў і ледзь улоўны зык песень. А калі нарэшце паказаліся людзі і ўзнялі ўгору доўгія трамбіты, пазалочаныя сонцам, каб прывітаць паланіну сярод сініх вяршынь, калі забляялі авечкі і шумлівым патокам залілі ўсе загарадзі, старшы аўчар упаў на калені і выставіў рукі ў неба. За ім схіліліся ў малітве аўчары і людзі, што прыгналі скаціну. Яны прасілі Бога, каб у авечкі было гарачае сэрца, як гарачы агонь, які пераступала, каб Божухна міласэрны ратаваў хрысціянскую жывёлу на росах, на водах, на ўсіх пераходах ад усялякага ліха, звера і выпадку. Як памог Бог сабраць жывёлу разам, каб так памог усю людзям аддаць...