У бары шафёр расплаціўся за каву і ўсунуў здачу — дзве пяціцэнтавыя манеты — у проразь ігральнага аўтамата. Цыліндры закруціліся, але нічога не выдалі.
— Яны так хітра зроблены, што ніколі не выйграеш, — сказаў шафёр буфетчыцы.
Яна адказала:
— Аднаму тут вялікі выйгрыш выпаў. Не болей як гадзіны дзве таму. Калі назад праедзеце?
Ужо адчыніўшы дзверы, шафёр адказаў:
— Праз тыдзень ці дзён праз дзесяць. У Талсу еду, а там заўсёды замінка.
Буфетчыца буркліва сказала:
— Мух напусціце. Ідзіце ці дзверы зачыніце.
— Да хуткага, — сказаў шафёр і выйшаў.
Дзверы за ім з грукатам зачыніліся. Стоячы на санцапёку, ён здзіраў абгортку з жавальнай гумкі, грузны, плячысты, ужо з прыкметным жывоцікам. Румяны твар, вочы блакітныя і вузкія, як шчылінкі, ад прывычкі жмурыцца на яркім святле. На ім былі армейскія штаны і чаравікі з высокай шнуроўкай. Паднёсшы жавальную гумку да губ, ён крыкнуў буфетчыцы праз сеткаватыя дзверы:
— Ну дык паводзь сябе добра, а то да мяне ўсё роўна дойдзе.
Буфетчыца стаяла тварам да люстра. Яна нешта буркнула ў адказ. Шафёр паволі пачаў раскусваць гумку, шырока адкрываючы рот і энергічна працуючы сківіцамі. Потым пайшоў да грузавіка, на хаду размінаючы жвачку зубамі, нарэшце засунуў яе пад язык.
Падарожнік, які стараўся ехаць на спадарожных машынах, падняўся з падножкі і скрозь акенцы кабіны паглядзеў на шафёра.
— Можа, падкінеце, містэр?
Шафёр глянуў на бар.
— Хіба не бачыш, што ў мяне на ветравым шкле?
— Ну ясна — бачу… Але прыстойны чалавек заўсёды застаецца прыстойным, нават калі якая-небудзь багатая сволач прымушае яго ездзіць з такой наклейкай.
Шафёр марудна палез у кабіну, разважаючы над гэтымі словамі. Адмовіш, дык не толькі абняславіш сябе, але яшчэ і прызнаеш, што цябе прымушаюць ездзіць з такой наклейкай, пазбаўляючы людской кампаніі ў дарозе. А возьмеш пасажыра, дык прылічыш сябе да людзей прыстойных, якія да таго ж не дазваляюць усякай багатай сволачы распараджацца табой, як ёй захочацца. Ён разумеў, што трапіў у пастку, але выйсця з яе не бачыў. А яму вельмі хацелася быць чалавекам прыстойным. Нарэшце ён зноў глянуў на бар.
— Як-небудзь прымасціся на падножцы да таго вунь павароту, — сказаў ён.
Чалавек нырнуў уніз і ўхапіўся за дзвярную ручку. Матор зароў, счапленне бразнула, і вялізны аўтафургон скрануўся з месца — першая скорасць, другая, трэцяя, потым машына пранізліва заскрыгатала і перайшла на чацвёртую скорасць. Перад вачамі чалавека, што прыпаў да падножкі, з галавакружнай хуткасцю праносілася дарога, зліваючыся ў мутную пляму. Першы паварот быў за мілю ад бара, там грузавік збавіў ход. Чалавек на падножцы выпрастаўся, прачыніў дзверцы і прабраўся ў кабіну. Шафёр зірнуў на яго праз шчылінкі вачэй, не перастаючы жаваць гумку, быццам думкі яго і ўражанні прыводзіліся ў належны парадак з дапамогай сківіц і толькі пасля гэтага пранікалі ў мозг. Яго позірк затрымаўся спачатку на новай кепцы, потым на новым касцюме і нарэшце слізнуў да новых чаравікаў пасажыра. Той усеўся ямчэй, зняў кепку і прамакнуў ёю пот на лбе і падбародку.
— Дзякуй, дружа, — сказаў ён. — А то капыты мае забаставалі.
— Новыя чаравікі, — прамовіў шафёр. У голасе ў яго была тая ж змоўніцкая хітрынка, што і ў позірку. — Хіба ж можна пускацца ў дарогу ў новых чаравіках, ды яшчэ такой спёкай!