Стейнбек Джон - Гронкі гневу стр 3.

Шрифт
Фон

Чалавек глянуў на свае запыленыя жоўтыя чаравікі.

— Другіх не было, — сказаў ён. — Што ёсць, тое і носіш.

Шафёр уважліва паглядзеў праз ветравое шкло на дарогу і крыху павялічыў скорасць.

— Далёка выбраўся?

— Ага. Я асіліў бы дарогу да канца, каб капыты не забаставалі.

Шафёр распытваў яго так, быццам вёў тонкі допыт. Закідваў сеткі, ставіў пасткі.

— Шукаеш працы?

— Не. У майго старога тут участак — сорак акраў. Ён арандатар-здольнік, але сям'я наша даўно ўжо ў гэтых месцах.

Шафёр шматзначна паглядзеў на палі ўздоўж дарогі, на палеглую, занесеную пылам кукурузу. З-пад пласта пылу сям-там вызіраў дробны пясчанік. Шафёр сказаў быццам сам сабе:

— Так і сядзіць на сваіх сарака акрах? І пыл яго не засыпаў, і трактары не сагналі?

— Апошні час я з дому вестак не меў.

— Значыць, даўнавата не меў, — сказаў шафёр. У кабіну заляцела пчала і з гудзеннем пачала біцца аб ветравое шкло. Шафёр працягнуў руку і асцярожна пасунуў пчалу да акенца кабіны, і там яе падхапіў вецер. — Здольнікам цяпер хана, — зноў загаварыў шафёр. — Адным трактарам адразу дзесяць сем'яў зганяюць. Трактары такога нарабілі! Заворваюць участак, а арандатара — прэч. Як гэта толькі стары твой утрымаўся? — Яго язык і сківіцы зноў заняліся забытай ужо гумкай, сталі жаваць яе і перакідваць з боку на бок. Кожны раз, як ён адкрываў рот, між губамі ў яго відаць быў язык, які ганяў гумавую жвачку з месца на месца.

— Я даўно не меў вестак з дому. Сам пісаць не люблю, бацька таксама не аматар. — Пасажыр паспешліва дадаў: — Але пісаць мы ўмеем, была б толькі ахвота.

— Працаваў дзе-небудзь? — Зноў такі ж дапытлівы, хітравата дагодлівы і быццам абыякавы тон. Шафёр зірнуў на палі скрозь паветра, якое трымцела ад спёкі, і, засунуўшы гумку за шчаку, каб не перашкаджала, плюнуў у акно.

— Канешне, працаваў, — адказаў пасажыр.

— Так я і думаў. Па руках відаць — мазолістыя. Кірка ці сякера, а то і кувалда. Я такое заўважаю. Ганаруся гэтым.

Пасажыр пільна паглядзеў на шафёра. Колы грузавіка, коцячыся па шашы, напявалі сваю бясконцую песню.

— Цябе яшчэ што-небудзь цікавіць? Дык я раскажу. Чаго табе дарма галаву ламаць.

— Ну вось, ужо і зазлаваў. Я ў чужыя справы не соваюся.

— Я сам усё раскажу. Мне таіць няма чаго.

— Ды кінь ты, не злуй. Проста я люблю да ўсяго прыглядацца. Хутчэй час ідзе.

— Я ўсё раскажу. Зваць мяне Джоўд, Том Джоўд. Бацька таксама Том Джоўд. — Вочы пасажыра заслала смугой, калі ён глянуў на шафёра.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Популярные книги автора