Сельма Лагерлёф - Вайна сусветаў. Чалавек-невідзімка. Пярсцёнак Лёвеншольдаў стр 6.

Шрифт
Фон

Што да мяне, то я помню толькі, што натыкаўся на дрэвы і часта падаў, прабіраючыся праз кустоўе. Нада мною навіс нябачны страх; бязлітасны цеплавы меч марсіянаў, здавалася, замахваўся, бліскаючы над маёй галавою, і вось-вось павінен быў абрушыцца і дастаць мяне. Я выбраўся на дарогу паміж скрыжаваннем і Хорселам і пабег у бок скрыжавання.

У рэшце рэшт я стаміўся ад хвалявання і хуткага бегу, пахіснуўся і ўпаў ля дарогі, непадалёку ад моста цераз канал, каля газавага завода. Я ляжаў нерухома.

Праляжаў я так, мабыць, даволі доўга.

Я прыўзняўся і сеў у поўным недаўменні. З хвіліну не мог зразумець, як сюды трапіў. Я строс з сябе нядаўні страх, як пыл з адзення. Капялюш мой знік, і каўнерык саскочыў з запінкі. Некалькі хвілінаў назад перада мною былі толькі ноч, прастора і прырода, мая бездапаможнасць, страх і блізкасць смерці. І цяпер усё адразу перамянілася, мой настрой быў зусім іншым. Пераход ад аднаго духоўнага стану ў другі адбыўся непрыкметна. Я стаў зноў самім сабою, такім, які я бываў кожны дзень, — звычайны сцірлы гараджанін. Нямая пустка, мае ўцёкі, крылатае полымя — усё здавалася мне сном. Я дапытваўся ў сябе: ці было ўсё гэта на самой справе? Мне проста не верылася, што гэта сапраўды адбылося.

Я ўстаў і пайшоў па крутым пад'ёме моста. Галава не варыла. Мускулы і нервы расслабіліся… Я хістаўся, як п'яны. З другога боку выгнутага аркаю моста паказалася чыясьці галава і паявіўся рабочы з карзінаю. Побач з ім крочыў маленькі хлопчык. Рабочы прайшоў міма, пажадаўшы мне добрай ночы. Я хацеў загаварыць з м і не мог. Я толькі адказаў на яго прывітанне нейкім абыякавым мармытаннем і пайшоў далей па мосце.

На павароце к Мэйбэры цягнік — хвалістая лента белага іскрыстага дыму і доўгая чарада светлых вакон — пранёсся на поўдзень: тук-тук… тук-тук… і знік. Каля варотаў аднаго з дамоў, што ўтваралі так званую «Усходнюю тэрасу», размаўляла ледзь прыкметная група людзей. Усё гэта было так рэальна, так знаёма! Не тое, што там — у полі… Неверагодна, фантастычна! «Не, — падумаў я, — гэтага не магло быць».

Магчыма, я чалавек своеасаблівы і мае адчуванні не зусім звычайныя. Калі-нікалі я мучуся ад дзіўнага пачуцця адчуджанасці ад самога сябе і вакольнага свету. Я быццам знутры назіраю за ўсім аднекуль здалёк, па-за часам, па-за штодзённай барцьбой з яе трагедыямі. Такое адчуванне было вельмі моцнае ў тую ноч. Усё гэта, можа быць, мне проста падалося.

Тут такая ціхамірнасць, а там, за якіясьці дзве мілі, імклівая, лятучая смерць. Газавы завод працаваў з шумам, і электрычныя ліхтары гарэлі ярка. Я спыніўся каля людзей, якія размаўлялі.

— Якія навіны з пусткі? — спытаў я.

Каля варот стаялі двое мужчын і жанчына.

— Што? — перапытаў адзін з мужчын, павярнуўшыся.

— Якія навіны з пусткі? — спытаў я.

— Хіба вы самі там не былі? — спыталі яны.

— Людзі, здаецца, звар'яцелі на гэтым пустыры, — сказала жанчына з-за варотаў. — Што яны там знайшлі?

— Хіба вы не чулі пра людзей з Марса? — сказаў я. — Пра жывых істотаў з Марса?

— Наеліся па горла, — адказала жанчына з-за варотаў. — Дзякуй. — І ўсе трое засмяяліся.

Я апынуўся ў ніякаватым становішчы. Раззлаваны, паспрабаваў расказаць ім пра тое, што бачыў, але ў мяне нічога не выйшла. Яны толькі смяяліся з маіх блытаных фраз.

— Вы яшчэ пачуеце пра гэта! — крыкнуў я і пайшоў дамоў.

Я напалохаў жонку сваім змучаным выглядам. Прайшоў у сталовую, сеў, выпіў крыху віна і, сабраўшыся з думкамі, расказаў ёй усё, што адбылося. Падалі абед — ужо халодны, — але нам было не да яды.

— Толькі адно добра, — заўважыў я, каб супакоіць устрывожаную жонку. — Гэта самыя непаваротлівыя істоты з усіх, якія мне даводзілася бачыць. Яны могуць поўзаць у яме і забіваць людзей, якія падыдуць да іх блізка, але яны не здолеюць адтуль вылезці… Якія яны страшэнныя!..

— Не гавары пра гэта, дарагі! — усклікнула жонка, хмурачы бровы і кладучы сваю руку на маю.

— Бедны Оджылві! — сказаў я. — Падумаць толькі, што, ён ляжыць там мёртвы!

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги