Сельма Лагерлёф - Вайна сусветаў. Чалавек-невідзімка. Пярсцёнак Лёвеншольдаў стр 7.

Шрифт
Фон

Па крайняй меры, жонка мне паверыла. Я ўбачыў, што твар яе стаў смяртэльна бледны, і перастаў гаварыць аб гэтым.

— Яны могуць прыйсці сюды? — паўтарала яна.

Я прымусіў яе выпіць віна і пастараўся пераканаць.

— Яны ледзь-ледзь рухаюцца, — сказаў я.

Я пачаў супакойваць і яе і сябе, паўтараючы ўсё тое, што гаварыў мне Оджылві аб немагчымасці марсіян дастасавацца да зямных умоваў. Асабліва я падкрэсліваў пра цяжкасці, звязаныя з сілай прыцяжэння. На паверхні Зямлі сіла прыцяжэння ўтрая большая, чым на паверхні Марса. Таму кожны марсіянін на Зямлі будзе ў тры разы цяжэйшым, чым на Марсе, а мускульная сіла яго не павялічваецца. Яго цела быццам наліваецца свінцом. Такой была агульная думка. І «Таймс» і «Дэйлі тэлеграф» пісалі пра гэта наступнай раніцай, і абедзве газеты, як і я, не ўлічвалі дзвюх істотных акалічнасцяў.

Атмасфера Зямлі, як вядома, утрымлівае значна больш кіслароду і значна менш аргону, чым атмасфера Марса. Лішак кіслароду, безумоўна, аказваў на марсіянаў жыватворны ўплыў. Гэта было ў процівагу павялічанаму цяжару цела. Да таго ж мы не ўлічылі таго, што пры сваёй высокаразвітай тэхніцы марсіяне ў крайнім выпадку змогуць абысціся і без фізічных намаганняў.

Тым вечарам я пра гэта не думаў, таму мае довады супраць сілы прышэльцаў здаваліся бясспрэчныя. Віно і яда зрабілі мяне за сваім сталом больш смелым. Я адчуваў сябе бяспечна і стараўся заспакоіць сваю жонку.

— Яны дапусцілі вялікае глупства, — сказаў я, пацягваючы віно. — Яны небяспечныя, таму што, мабыць, рэхнуліся ад страху. Можа, яны зусім не спадзяваліся сустрэцца з жывымі істотамі, асабліва разумнымі істотамі.

У крайнім выпадку, падумаў я, адзін добры снарад па яме, і ўсё скончыцца.

Моцная ўзбуджанасць — вынік перажытых хваляванняў, — відаць, абвастрыла мае пачуцці. Я і цяпер вельмі добра помню гэты абед. Мілы, растрывожаны твар жонкі, які бачыўся мне з-пад ружовага абажура, белая сурвэта, серабро і крышталь (у тыя дні нават пісьменнікі і філосафы маглі дазволіць сабе некаторую раскошу), цёмна-чырвонае віно ў шклянцы — усё гэта застыла ў маёй памяці. Я сядзеў за сталом, пакурваючы папяросу для заспакаення нерваў, шкадаваў аб непрадуманым паступку Оджылві і даказваў, што марсіянаў не трэба баяцца.

Гэтак жа магла разважаць якая-небудзь салідная птушка на выспе св. Маўрыкія, адчуваючы сябе поўным гаспадаром свайго гнязда, чакаючы прыбыцця бязлітасных і галодных маракоў.

— Заўтра мы з імі справімся, мая дарагая!

Я не ведаў тады, што пасля гэтага майго культурнага абеду пачнуцца незвычайныя, страшныя падзеі.

Самым неверагодным з усяго дзіўнага і запамінальнага, што адбылося ў тую пятніцу, здаецца мне поўная неадпаведнасць паміж пастаянствам нашага грамадскага ўкладу і пачаткам таго ланцужка падзей, якія павінны былі ў аснове памяняць гэты ўклад. Калі б у тую пятніцу вечарам можна было ўзяць цыркуль і акрэсліць круг радыусам у пяць міляў вакол пясчанага кар'ера каля Ўокінга, то я сумняваюся, ці аказаўся б хоць адзін чалавек за яго межамі (хіба што акрамя сваякоў Стэнта і сваякоў веласіпедыстаў і лонданцаў, якія ляжалі мёртвымі на пустцы), чый настрой і прывычкі не парушылі б прышэльцы. Безумоўна, многія чулі аб цыліндры і разважалі аб ім у вольны час, але ён не рабіў уражання сенсацыі, якою б, скажам, мог быць ультыматум, прад'яўлены Германіі.

Атрыманая ў Лондане тэлеграма бяднягі Гендэрсана пра развінчванне цыліндра была ўспрынята як чутка; вячэрняя газета паслала яму тэлеграму з просьбай прыслаць пацвярджэнне і, не атрымаўшы адказу — Гендэрсан ужо быў мертвы, — рашыла не друкаваць экстрэннага выпуску.

Унутры круга радыусам у пяць міляў большасць насельніцтва не рабіла ніякіх захадаў. Я ўжо апісваў, як паводзілі сябе мужчыны і жанчыны, з якімі мне даводзілася гаварыць. Ва ўсёй акрузе мірна палуднавалі і вячэралі, рабочыя пасля працоўнага дня поркаліся ў сваіх садках, клалі дзяцей спаць, моладзь парачкамі гуляла ў зацішных алеях, вучні сядзелі за сваімі кнігамі.

Вераемна, пра здарэнне пагаворвалі на вуліцах і пляткарылі ў піўных; які-небудзь вяшчун ці відавочца нядаўніх падзей выклікаў дзе-нідзе хваляванне, бегатню і крык, але ў большасці людзей жыццё ішло ўсталяваным з незапомных часоў парадкам: работа, яда, піццё, сон — усё, як звычайна, быццам у небе і не было Марса. Нават на станцыі Ўокінг, у Хорселі, у Чобхеме нічога не змянілася.

На вузлавой станцыі ва Ўокінгу да позняй ночы спыняліся і адпраўляліся ці пераводзіліся на запасныя пуці цягнікі; пасажыры выходзілі з вагонаў ці чакалі цягніка — усё ішло сваім парадкам. Хлапчук з горада, парушаючы манаполію мясцовага газетчыка Сміта, прадаваў вячэрнюю газету. Грукат таварных саставаў, рэзкія свісткі паравозаў заглушалі яго крыкі пра «людзей з Марса». Каля дзевятай гадзіны на станцыю пачалі прыбываць усхваляваныя відавочцы з сенсацыйнымі навінамі, але яны зрабілі не большае ўражанне, чым п'яныя, балбочучы ўсякае глупства. Пасажыры, якія імчаліся ў Лондан, глядзелі ў цемру з вагонных вокнаў, бачылі ў паветры рэдкія іскры каля Хорсела, чырвоны водбліск і цёмную павалоку дыму, якая засціла зоры, і думалі, што нічога асаблівага не здарылася, што гэта гарыць верас. Толькі на ўскрайку пусткі можна было заўважыць пэўную паніку. А на ўскраіне Ўокінга гарэлі некалькі дамоў. У вокнах трох бліжэйшых да пусткі будынкаў свяціліся агні, і жыхары не клаліся спаць да світання.

На Чобхемскім і Хорсельскім мастах усё яшчэ тоўпіліся цікаўныя. Адзін ці два смельчакі, як пасля стала вядома, адважыліся ў цемнаце падпаўзці зусім блізка да марсіянаў. Назад яны не вярнуліся, бо светлавы прамень, накшталт пражэктара ваеннага карабля, час ад часу асвятляў пустку, а следам за ім «крочыў» цеплавы прамень. Шырокая пустка была ціхая і бязлюдная, і ўсю ноч пад зорным небам і ўвесь наступны дзень ляжалі там абгарэлыя непрыбраныя целы. З ямы даносіўся металічны стук.

Такое самае становішча было ў пятніцу вечарам. У скураное покрыва нашай старой планеты Зямлі, атручанай стралой, урэзаўся цыліндр. Але яд толькі яшчэ пачынаў дзейнічаць. Наўкол рассцілалася пустка, а чорныя, скурчаныя трупы, раскіданыя на ёй, былі ледзь бачныя; дзе-нідзе тлеў верас і кустоўе. Далей — пралягала вузкая зона, дзе панаваў перапалох, і за гэту рысу пажар яшчэ не распаўсюдзіўся. У астатнім свеце плынь жыцця кацілася гэтаксама, як яна кацілася з незапомных часоў. Ліхаманка вайны, якая павінна была закаркаваць яе вены і артэрыі, усмерціць нервы і разбурыць мозг, толькі пачыналася.

Усю ноч марсіяне нястомна працавалі, стукалі нейкімі інструментамі, прыводзячы ў гатоўнасць свае машыны; сяды-тады ўзвіваліся ў зорнае неба ўспышкі зеленавата-белага дыму.

К адзінаццаці гадзінам праз Хорсел прайшла рота салдатаў і ачапіла пустку. Пазней праз Чобхем прайшла другая рота і ачапіла пустку з паўночнага боку. Некалькі афіцэраў з Інкерманскіх казармаў ужо раней пабывалі на пустцы і адзін з іх, маёр Ідэн, знік без вестак. Апоўначы камандзір палка паявіўся каля Чобхемскага моста і пачаў распытваць натоўп. Ваенныя ўлады, відаць, зразумелі сур'ёзнасць сітуацыі. К адзінаццаці раніцы, як на наступны дзень паведамілі газеты, эскадрон гусараў і каля чатырохсот салдатаў Кардзіганскага палка з двумя кулямётамі «максім» выступілі з Олдэршота.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги