Дадаўшы сабе крыху віна, ён ацаніў водар, пакаштаваў з заплюшчанымі вачыма, дачакаўся сапраўднага густу. Добрае. Не сказаць, што выдатнае, але добрае.
Трэцім разам перасоўваючы сталовыя прыборы, ён думаў: “у мяне ёсьць дзьве праблемы. Гэта дачкі, якія ёсьць далёкімі і незразумелымі, як марсіянкі. І яшчэ бацькі – гэта галоўная праблема”. Таму што іх ужо дваццаць гадоў як няма ў жывых.
Незалежна ад таго, ці маліўся ён, ці моўчкі прасіў, ці апантана клікаў, зьбіраючы ўсю сваю волю, пры гэтым навучыўшыся кантраляваць сэрцабіцьцё і неспакойныя думкі, засяродзіўшы ўвагу на зеляніне, што знаходзіцца на бліжэйшым лузе – усё гэта мусіла атрымацца. Бацька і маці як па чарадзействе паўстануць з праху, падымуцца, пройдуць тры кварталы па вячэрнім бульвары і, быццам бы так і мае быць, увайдуць у гэты рэстаран гэтаксама, які і калі…
Божухна, я й шклянку віна яшчэ ня выпіў, падумаў ён і, рэзка разгарнуўшыся, выйшаў, каб падыхаць сьвежым паветрам. Калі ён выйшаў у гэтую летнюю ноч, прычыніўшы ўваходныя дзьверы рэстарацыі, ён пільна разглядаў мейсца, дзе ўдалечыні цямнелі могілкавая брама. Так. Усё амаль гатова. Дакладней сказаць, ён–та гатовы. Але... ці гатовыя яны? Ці правільна абраны час?
Сурвэткі і сталовыя прыборы пісьменна раскладзеныя, добрае віно на стале...ці саслужыць гэта сваю службу?
Хопіць, падумаў ён і перавёў позірк ад далёкае могілкавае брамы на бліжэйшую тэлефонную будку. Ён падыйшоў да дзьвярэй – увайшоў у будку, кінуў у шчыліну дзесяць цэнтаў і набраў нумар.
Голас ягонае дачкі гучаў на аўтаадказьніку. Ён заплюшчыў вочы і моўчкі павесіў слухаўку, адмоўна паківаўшы галавой. Набраў іншы нумар. У другое дачкі наўпрост ніхто не адказваў. Ён павесіў слухаўку, паглядзеў напрыканцы ў бок могілак, якія ў зьнікаючым зьмярканьні ўжо не здаваліся такімі блізкімі, і пасьпяшаўся вярнуцца ў рэстарацыю.
Там паўтаралася тое ж самае: шклянкі, сурвэткі, сталовыя прыборы. Трэба было дакрануцца, пакласьці і пераставіць, каб да кожнага з гэтых прадметаў перацякла ягоная энэргія, каб яны, як і ён сам, пранікліся надзеяй. Задаволена кіўнуўшы, ён заняў сваё мейсца за сталом, уважліва агледзеў сталовыя прыборы, талеркі, шклянкі для віна, зрабіў тры глыбокіх ўдыхі, ягоныя заплюшчаныя вочы былі сканцэтраваныя, і ён пачаў апантана маліцца ў чаканьні.
Яму было вядома: калі доўга чакаць і горача жадаць...
Яны прыйдуць, сядуць, павітаюцца зь ім, як звычайна: маці пацалуе ў шчаку, бацька схопіць за руку і моцна сьцісьне. У рэшце рэшт гучныя прывітаньні сьціхнуць, і тады можна будзе пачаць развітальную вячэру ў рэстарацыі гэтага мястэчка.
Мінула дзьве хвіліны. Ён чуў, як цікаюць гадзіньнікі на запясьці. І больш нічога. Мінула яшчэ хвіліна. Ён засяродзіўся. Пачаў маліцца. Сэрца грукала зусім ціха. І зноў нічога. Яшчэ хвіліна. Ён прыслухоўваўся да свайго дыханьня. Зараз, ён падумаў. Зараз, чорт пабяры. Давай жа!
Сэрца ў яго моцна загрукала.
Дзьверы ў залю адчыніліся.
Ён не падымаў галавы, затаіў дыханьне, не расплюшчыўшы вочы.
Хтосьці накіроўваўся да ягонага століка. Хтосьці спыніўся. Хтосьці глядзеў на яго зьверху.
– Я ўжо думала, мы ніколі больш не дачакаемся ад Цябе запрашэньня на вячэру, – сказала яму маці.
Калі ён расплюшчыў вочы, яна як раз нахілілася пацалаваць яго ў лоб.
– Колькі гадоў, колькі зім! – Бацька схапіў яго за руку і моцна паціснуў. – Як маешся, сынку?
Сын падскочыў, ледзь не перакуліўшы шклянку.
– Выдатна, Тату. Прывітаньне, Маці! Сядайце, што ж Вы, сядайце, божухна, сядайце!
Чамусьці яны так і засталіся стаяць. Усе зьдзіўлена глядзелі адзін на аднаго, быццам аглушаныя, пакуль...
– Не хвалюйся, тут усе свае, – сказала маці . – З таго моманту, як мы цябе паклікалі. Мы...