— Не твая справа! — агрызнуўся нязлосна Уладзя. — Усё, я на трэніроўку! — крутнуўся і пайшоў.
Уладзя — у камандзе раёна «Што? Дзе? Калі?».
— Як яна аголеная яму прысніцца ці ў рэале яе так пабачыць, каханне скончыцца, — хмыкнуў Юрась.
— Ты чаму так думаеш? — здзівіўся я.
— Таму... Фігурка ў Віялеты далёкая ад ідэалу, бачыў некалі яе ў басейне: ногі хударлявыя, азадак пляскаты... Прапорцыі нявытрыманыя. Не мадэлька, хоць твар прыгожанькі.
— Усё табе прапорцыі...
— Не мне, а прыродзе, чукча, — паблажліва патлумачыў Юрась. — Прапорцыя — аснова прыгажосці і трываласці. У крылцах матылька — залатое сячэнне, адна з фундаментальных прапорцый, таму ён для нас і такі прыгожы!
— А бывае матылёк з рознымі крылцамі? Ну, левая пара — вострыя, правая — круглыя?
— Не бывае! Прырода ідэальна сіметрычная...
— Гэта ў цябе вушы сіметрычныя...
Бо я ведаю — бывае! Той матылёк меў менавіта рознавострыя крылы.
...Гэта здарылася 9 верасня.
Як заўсёды, я выйшаў раней за іх, чакаў, пакуль Юрась сваімі хадулямі адмерае ад свайго дома 97 крокаў (ён даўно іх палічыў!), потым мы разам чакалі ля пад'езда Уладзю (ці ён чакаў нас). Нам да школы — 17 хвілін. Пра колькасць крокаў казаць не буду — у Юрася спытайце, вядома, ён іх палічыў не адзін раз:
— Ад першага класа да сённяшняга дня колькасць крокаў скарацілася на дваццаць тры. Разумееце?
— Гоніш, — млява заўпарціўся я тады. — Сусвет пашыраецца, чуў? Не можа адлегласць стаць меншай.
У той ранак Юрась пабачыў першы сустрэчны аўтамабіль і загадаў нам:
— Нумар! Хуценька сказалі мне нумар, — ды так сур'ёзна, быццам ад тых лічбаў залежала жыццё Сусвету вось тут і цяпер.
— Сам зірні, — хацеў паспрачацца я, але падыграў: — 32-13, дзве тройкі на канцах, сярэдзіна дае тройку. Ну што?
— Што і патрабавалася давесці! — з важнасцю выдаў Юрась. — Разам — дзевяць!
— І што?
— Здарыцца. Сёння.
— Здарыцца, ага, — згадзіўся я і кіўнуў на маўклівага Уладзю: — Віялета дазволіць сёння закаханаму пакласці дрыжачую далонь на сваё калена!