У руках — чорны заплечнік. Чорныя штаны, шэры балахон. Цёмныя валасы ніжэй плячэй, густыя, крыху завіваюцца, ад скроняў прыхопленыя заколкамі. Сярэдняга росту. Звычайная, карацей. Драбнявы твар. Лелька — што за прозвішча?
На яе глядзелі ўсе, яе вывучалі, яе ацэньвалі, а яна. Яна без відавочнага страху, бы вітаючыся з кожным, аглядала па чарзе нашы твары. Зірнула на мяне. Цёплы? Ну так, цёплы позірк. Яна не надта баялася. Вочы вялікія, цёмныя, выразныя бровы. Вусны нефарбаваныя, але добра акрэсленыя. Нос. звычайны нос, акуратны такі, не бульбінай, не дзюбай. У позірку было. запрашэнне сябраваць, так! Ці адзін я пабачыў? Не, Юрась гэтаксама прачытаў.
За намі з Юрасём у гэтым класе заставаўся ўсяго адзін свабодны стол. Зразумела, туды мусіла сесці новенькая, гэта Ядвіга. Вось ужо і завуч прапанавала ёй:
— Сядай на вольнае месца, — і выйшла з класа, прычыніўшы за сабой дзверы.
Юрась схапіў свой заплечнік, падручнік і сшытак і пераскочыў за стол ззаду:
— Даму нельга пакідаць адну — даме неабходна даць магчымасць выбару!
Новенькая ў адказ крыху сарамліва ўсміхнулася, пайшла да нас, прыпынілася ля мяне.
Я сядзеў, сцяты незразумелым хваляваннем. Не, мне сапраўды неістотна было: за які стол зараз сядзе дзяўчына, бо я зразумеў: галоўнае ўжо адбылося — яна з'явілася ў класе. А 9.18 дзявятага чысла дзявятага месяца.
— Але ж варта не забываць, што дама амаль ніколі не спыняе свой выбар на тым, хто прапануе ёй выбіраць! — гарэзліва і адначасова з дарослай, сур'ёзнай ноткай у голасе і напускным жалем прамовіла новенькая і села за стол побач са мной. — Не прагоніш? — спытала паўшэптам.
— Не, — выціснуў я.
— Якая дарослая разумніца з'явілася сярод нас! — праспявала нейкая дзяўчына, безумоўна, з атачэння Віялеты.
Але новенькая ніяк не адрэагавала на гэту шпільку.
— Як звяртацца да дамы? — Юрась ззаду нахіліўся да нас.
— Па імені, — павярнулася яна да яго. — Лепей — Ядвіся. Для сяброў — Ядзя. Для блізкіх сяброў — Яся.
— А я — Юрась, для сяброў Юр, а мой сябра, якога ты выбрала, — Кірыла, для сяброў — Кір. Ён хоць крыху малахольны, затое надзейны і без выбрыкаў. А я — геній матэматыкі і прадказаў тваё з'яўленне ў класе!
Ядвіся прымружыла вочы (як выявілася, шэра-зялёныя, з густымі вейкамі) і загадкава сказала:
— То я абрала менавіта гэты дзень, магла б яшчэ колькі пралайдачыць. І час — 9.18 — таксама мой выбар!
Яна ўсміхнулася.
Юрась разгублена залыпаў вачыма, разявіў рот, каб нешта сказаць, але тут Ганна Тодараўна паляпала далонню па стале:
— Усё, досыць на сёння матэматычнай містыкі, знаёміцца будзеце на перапынку, Юрась, калі ласка, не перашкаджай весці ўрок. Працягнем.
Так мы пазнаёміліся.
2