Пакуль дапамагаў Мішку падняцца, шар апусціўся яшчэ ніжэй. Нечакана, каля Авадзішынай хаты, ён змяніў кірунак, паляцеў у канец агарода, і бязладны лямант і тупаценне пакрыў трэск сухога дрэва. Гэта трашчаў падгнілы штыкетнік.
- А людцы мае добрыя, а што ж гэта робіцца-а! - прарваў ноч жаночы лямант, які быў заглушаны роспачным гусіным гаганнем.
Нечакана агарод Авадзіхі, па якім бегла чалавечая гурма, асвяціўся зыркім святлом. Мы з Мішкам нават не зразумелі, што здарылася, і застылі на месцы, і толькі, перавёўшы дых, зразумелі, што гэта занялася агнём капешка сена, якая стаяла ў канцы агарода.
Калі мы да яе падбеглі, яна ўжо дагарала, пускаючы ў цёмнае неба вогненныя завітушкі.
- Нічога не чапаць! - крыкнуў нехта пагрозлівым голасам. - Павінна пажарная інспекцыя прыехаць.
Згарэлая капешка патыхала гарачынёй, таму людзі блізка да яе не падыходзілі, і толькі Мішка, закрыўшы рукой твар, пасунуўся да кола агністага прыску, але быў схоплены за каршэнь і адсунуты ўбок.
Мы з сябруком выслізгваем з натоўпу, бяжым прэч ад вогнішча, і Мішка. пры гэтым прыкметна накульгвае.
- Што, нагу вывіхнуў? - пытаюся я.
Мішка зладзеявата азіраецца, узнімае нагу, спрабуе падхапіць пачэплены на мысок чаравіка абадок з рэшткамі згарэлых нітак, і дзьме на апечаныя пальцы. Абадок яшчэ гарачы.
- Усё, разбягаемся, - рашуча загадвае сябар, і дадае: - Калі хто будзе пытацца - кажы, што ў арэхі хадзілі!
Раніцай мяне абуджае бразгат вёдзер у двары і зычны голас Мішкавай маці.
- Ці бачыла ты тое дзіва?
- Не, я ўжо спала. Пачула толькі: бягуць па вуліцы, гарлаюць як ашалелыя. Выскачыла ў адной сарочцы. Думала, хата нечая гарыць, - азвалася маці.
У нашым двары стаіць калодзеж, і ад самага ранку каля яго бразгаюць вёдрамі ды балбочуць жанчыны.
- У Авадзіхі агароджу павалілі, бульбу вытапталі і яблыкі абтрэслі. А яшчэ і капешка згарэла. Авадзіха ўсю ноч галасіла. А карга гэтая клубная як тое ўбачыла ў небе, пабегла да старшыні ў раён званіць. Крычала ў трубку: «Прыязджайце, да нас марсіяне прыляцелі!» Зусім з глузду з’ехала.
- Дык а што там было, у небе?
- А халера яго ведае. Кажуць, шаравая маланка ляцела.
Я салодка, на поўную губу пазяхаю, куляюся на бок і абуджаюся ад абрывістага свісту. Сонца свеціць ва ўсе шчыліны, на даху цвыркаюць вераб’і, а на двары зацята кудахча курыца.
- Ну ты і дрыхнеш, - з дакорам кажа Мішка Канапелька, калі я адчыніў дзверцы гарышча. - Заварылі кашу, - ужо стоена шэпча сябар, узбіраючыся па драбінах. - Юрка Гуль малако прывёз у Азярышча, дык да яго ўвесь малаказавод збегся. Пыталіся: ці бачыў ён марсіянаў? Адваротным рэйсам карэспандэнта прывёз, з раённай газеты. А яшчэ раней участковы прыехаў на матацыкле. Сядзяць зараз у клубе і людзей па чарзе выклікаюць. Пытаюцца - што там ды як. І Мандрычыха каля іх круціцца. Нюрку маю таксама выклікалі. Пра нас з табой пыталіся: дзе мы ўчора ўвечары б^ілі ды што рабілі. Сказала: у арэхі хадзілі. Во... дарэчы... - Мішка піхнуў руку ў кішэнь, - я тут надоечы залез у ляшчыннік, набраў крыху ды схаваў ад Нюркі.
Мішка сыпануў мне ў прыгаршчы арэхаў.
- І Авадзіха ў клубе сядзіць. Сказала, што ёй шкоду аж на сто рублёў нанеслі. Мальцы вунь, чуеш, новы паркан ставяць, - знадворку і сапраўды далятала ляскатанне малатка.
- Прыходзь ўвечары пад аўтобус. Паслухаем - што людзі кажуць. А мы з Нюркай ідзем канюшыну за хатай варушыць - маці загадала.