Вінцэсь Мудроў
Забойца анёла
Аповесці і апавяданні
© Мудроў В., 2017
© ПУП «Кнігазбор», 2017
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2017
У лазні
Сакавіцкай парой прыемна пахнуць бярозавыя венікі. Высахлыя на ветры, яны струменяць даўкі водар, шамацяць, калі іх злёгку патрэсці, і гэтым сваім шамаценнем выказваюць гатовасць зараз жа апусціцца ў кіпень і хвацка прыкласціся да распаранага азадка
Перадаўшы прадавачцы дваццаць тысяч, Макар схаваў твар у выпетранае лісце, хапануў ноздрамі паветра, і ад гаркавадурманлівага паху ў яго закружылася галава.
«Як добра пахнуць венікі ля лазні гарадcкой» нарадзіліся ў душы паэтычныя радкі. Макар спыніўся, задзёр галаву, шукаючы рыфму слову «венікі», але ў галаве круціліся толькі «варэнікі», і паэт, плюнуўшы пад ногі, борзда ўзбег па прыступках.
Звычайна на дзённыя сеансы народу ў лазню прыходзіла няшмат, сёння ж каля касы стаяла вялізная чарга.
Макар утрапёна агледзеў натоўп, маракуючы ці варта займаць чаргу, бо квіткоў магло і не хапіць, ды, павагаўшыся, голасна запытаў:
Хто апошні?
Апошнім стаяў недаростак з чырвонай, усё адно як варам апаранай галавой, на макаўцы якой злавесна стаўбурыліся рэдкія валасы.
Не паспеў Макар прыліпнуць да хваста чаргі, як за спінай ягонай прымасцілася яшчэ некалькі чалавек.
Адкуль столькі людзей? сіпата дыхнулі яму ў патыліцу. Ззаду стаяў кучаравы мацак у камуфляжным бушлаце і ў аграмадных вайсковых чаравіках.
Квіты ад ранку не прадавалі, азвалася на тое вірлавокая цыба, што стаяла паперадзе недаростка. Вунь, бачыце, цыба кіўнула ў бок разнасцежанага цеплавузла, штосьці ў іх там зламалася. Кагадзе адрамантавалі.
З цёмнай проймы цеплавузла выпаўзаў, прычым задам наперад, здаравіла-слесар.
Пабачыўшы важкі мужчынскі азадак, цыба знянацку замітусілася, выбегла з натоўпу і, запусціўшы руку між грудзей, выцягнула зумклівы «мабільнік».
Клава, я ў лазні засакатала кабета, ціснучы да вуха слухаўку і пазіраючы на слесара, які збіраў інструмент. Мінулым разам пасля парыльні цэлы кілаграм скінула, цяпер вось думаю яшчэ пару кіло скінуць.
Куды табе скідваць і так худая, як вобла, пачуўся за спінай знаёмы голас.
Ды гэта проста вада выходзіць потам, а тлушч застаецца, прамовіў Макар, і недаростак, азірнуўшыся, працяў яго дапытліва-суровым позіркам.
Ты што, бандэра?
Макар напачатку не зразумеў пытання. Стаяў зніякавелы, і толькі потым уцяміў, што меў неасцярожнасць выдаць фразу па-беларуску. Яшчэ ніколі яго, беларускага паэта, аўтара трох паэтычных зборнікаў, так не абражалі. Паэту у кароткае імгненне стала холадна, потым горача, а пальцы правай рукі міжволі сціснуліся ў кулак.
Лёха, чаму так далёка ад касы? крыкнулі ад уваходных дзвярэй, і да недаростка валюхастай хадой падышоў зладзеяватага выгляду бамбіза. Гэта быў мужчына сярэдняга веку, з нахабнай тыднёвай шчэццю і з арыгінальнай лысінай: яна ў яго пукацілася што тая балканская феска, прычым у атачэнні густых чорна-гудронных валасоў.
Куды плішчыцеся? Чаргу займайце, незадаволена бухнуў за Макаравай спінай усё той жа сіпаты голас, і недаростак з інтанацыяй пераможцы працадзіў: Яшчэ адзін бандэра.
На міг усе сціхлі. Макар адчуў, як людзі ў натоўпе разам згорбіліся, наструніліся, прыціснуліся адно да аднаго. У гнятлівай цішыні злавесна шэрхнулі падэшвы вайсковых чаравікаў. Кучаравы мацак наблізіўся да недаростка, схапіў таго за каршэнь.
Яшчэ адно слова, абгрыздыш, і заляціш вунь туды, мацак тузануў падбароддзем, паказваючы на цеплавузел.
Макар адсунуўся ўбок і спалохана назіраў, як лысы бамбіза, ляснуўшы кулаком правай рукі аб далонь левай, разважліва прамармытаў:
Ну што, хахляра, цябе зараз замачыць ці пасля таго, як памыешся? пудовы кулак быў пазначаны наколкай крыжа і зламанай ружы.
Натоўп загаманіў на ўсе галасы. Цыба, паправіўшы збіты набакір капялюш, з гатовай радасцю ўсклікнула: «Мужчыны знайшлі месца, дзе біцца!» а перапэцканы ржою слесар, махнуўшы дзеля саліднасці развадным ключом, загадна выдыхнуў: «Усё, мальцы разышліся».
Мальцы разышліся, паабяцаўшы сустрэцца пасля лазні. Макар паглядзеў на ўваходныя дзверы.
«А можа, пайсці дахаты? А то ўліпну ў якую гісторыю Пляшак, падобна, з зоны адкінуўся. Пырне фінкай і не скрывеліцца», апанаваны такімі думкамі, Макар уздыхнуў, але потым згадаў, што мыўся месяц назад, а тут яшчэ новы венік набыў што ж яго цяпер сухім дахаты несці? Прыціснуўшы венік локцем, паэт палез у кішэнь па грошы. Чарга рухалася надзіва хутка, і ён ужо быў недалёка ад касы.