Вінцэсь Мудроў - Мутны Меконг стр 5.

Шрифт
Фон

- Заходзь, я не сплю!

Сябар няпэўнай хадой уваходзіць, з вохканнем кладзецца на ложак.

- Што, чарговы заход?

- Чарговы. Сам камандзір верталёта пайшоў на віраж.

- А Аўтух дзе?

- Спіць за сталом, - тлумачыць сябар і трасе чупрынай, - ну, што ты пра ўсё гэта думаеш?

- Пра атамны спадарожнік? Нічога не думаю, галава іншым занята. Пра Інфлянцкую вайну разважаю.

- Пра што?!

Я махаю рукой, маўляў, няма ахвоты штосьці тлумачыць.

- Калі што і звалілася, дык, дзякуй Богу, не на нас. А то ўяўляеш - грымнуўся б той спадарожнік у Дзвіну?! - сябар закідвае рукі за патыліцу, з п’янаватай усмешкай глядзіць на столь.

- У якую яшчэ Дзвіну. яна і так засёртая, - няўцямна мармычу ў адказ, і сябрук, прыўзняўшыся на локці, зганяе з твару блазенскую ўсмешку.

- Не сцы, Вінцік, нічога яны табе не зробяць.

Сябруковы словы хаця і не адразу, але дапалі да свядомасці. На мінулым тыдні да мяне ў вагончык убіліся двое ў цывільным і адзін у міліцэйскай форме. Паведамілі, што даўно за мною сочаць і што я, як антысавецкі і нацыяналістычны элемент, мушу неадкладна выехаць на месца сталай прапіскі. Так што калі ліцвінаў маскавіты высялялі на ўсход, дык мне прапануюць ехаць у адваротным накірунку.

- Зробяць - не зробяць, але з Поўначы могуць паперці, - адгукаюся пасля кароткага роздуму.

- Такой бяды. паедзеш дахаты, уладкуешся на працу.

- Лёгка сказаць: уладкуешся. Калі мне тут няма месца, дык хто мяне дома возьме?

- Не драматызуй сітуацыю. Пакуль што ніхто цябе з зямной кулі спіхваць не збіраецца, - голас сябрукоў пасур’ёзнеў і злёгку ацверазеў.

- Адно толькі скажу: калі на наступны дзень па прыездзе пацягнуць на “прафілактыку” - ведай: за табой цікуюць суседзі.

- Вось жа дзіўна. больш года сяджу на Крайняй Поўначы, не лістуюся, ні з кім асабліва не кантактую, дахаты не тэлефаную і ўяўляю небяспеку для савецкай улады.

- Ды нічога ты, Вінцік, не ўяўляеш. Калі савецкая ўлада і скапыціцца, дык гэта дзякуючы савецкім генералам. Я летась на вайсковых зборах быў, і там нам, па страшным сакрэце, паведамілі - колькі ва Узброеных сілах налічваецца танкаў. Астранамічная лічба! А ўрэшце, што ты хацеў? - ся­бар узбівае падушку, пацірае, збіраючыся з думкамі, лабаціну. - Савецкай ўлады не любіш? Не любіш. Камуністаў не паважаеш? Не паважаеш. З ідэяй незалежнасці носішся? Носішся. Таму й патрапіў пад нагляд. Наглядчыкаў таксама можна зразумець: заробкі і спецпайкі атрымліваюць, з жонкамі ды каханкамі ў Крыме адпачываюць. мусяць жа і нейкую працу рабіць. А як будзеш рабіць, калі няма каго ў распрацоўку запускаць? Вось з Полацка сюды і патэфанавалі. - Пасля такога спічу сябар рашчапервае пальцы: - Нас жа, “незалежнікаў”, лічаныя адзінкі. Называю па літарах: А - Арлоў; Бэ - Бяляцкі; Вэ - Вячорка; Гэ - Глобус; Дэ - Дубавец; Е - Ермаловіч, Жэ - Ірэна Жарнасек...

“Незалежніка” на літару “З” сябрук назваць не паспеў, бо рыпнулі дзверы і Алехна ўсхапіўся на ногі. Яшчэ праз імгненне штосьці грукнула на кухні - пада мною нават здрыгануўся ложак, - я таксама усхапіўся, але тут жа лёг, бо пачуў здушанае крахтанне і кароткія мацюкі - гэта Міша з Алехнам валаклі ў суседні пакой Аўтуха, які зваліўся на падлогу.

.Паволі, ціхенька стаў наплываць сон і ўадначас, адагнаўшы на міг дрымоту, узнікла жаданне вырвацца з гэтага мышастага прыцемку, з гэтага паганага блашчычніку, з гэтага задушнага чаду, які апавіў маё жыццё. І я ўбачыў сябе самога - скурчанага, зацкаванага, шкадобы вартага, які спалохана лыпаў вачыма пасля кожнага зычнага ляманту на кухні. Было такое адчуванне, што душа вылецела з-пад сэрца і цяпер глядзела аднекуль збоку на пакінутае цела. І ўжо на самой мяжы - там, дзе сканчваецца ява і пачынаецца сон, - прыгадаў загнаных у маскоўскую няволю палачанаў, і падумаў - як ім там было моташна і, галоўнае, сорамна жыць. І яшчэ ўявіў сябе апошнім ліцвінам, і душа мая некуды паляцела, я нават пачуў свіст у вушах, потым пачала некуды правальвацца, і я размежыў павекі. Перад вачыма паўстала мутнае шкло, за якім - то ўдымаючыся, то злёгку падаючы долу, - разнасцежыўся заліты ружавізною абшар.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги

Популярные книги автора