- Вы ляжыце зараз. Засніце. А я пайду бабоў назбіраю. Навару ды буду вас карміць.
Дзеці не засынаюць. Тады пайшла кабета, назбірала на полі дробных каменьчыкаў (а іх было сапраўды як бобу), высыпала ў кацёл і паставіла на агонь. Настолькі бедная была хата, што і печкі няма.
Варацца каменьчыкі. Паснулі дзеці. Супакоіліся. Разбудзіць матка, - наядуцца. Варацца каменьчыкі - да канца свету ім варыцца. Да канца свету плакаць матцы.
Ажно ўваходзіць у хату нейкі чалавек. Сам доўгі, кашчавы, з кіем, з торбай, адкуль нейкія травы тырчаць. І вочы пранізлівыя.
- Добры вечар у хату. Пусціце абагрэцца.
- Грэйся, добры чалавек. Толькі пачаставаць цябе няма чым.
- А што ж у катле варыш?
- Гэта, добры чалавек, каб дзяцей прысыпіць да заўтра, - і прыўзняла крышку катла.
- Гэт-та што такое?
- Камні. Муж у войску - можа, й забілі. Прасіла ў суседа чагосьці - не даў. Толькі й засталося на гэтай зямлі беднаму чалавеку каменьчыкі есці.
- Што ж ён?! Дзецям не даў?! Проста дзецям?!
- Не даў.
- Д-добра, - сказаў незнаёмы. - Бяры кацёл. Пайшлі. Прыйшлі на надзел. Незнаёмы паставіў кацёл, азірнуўся: ля хаты Ігнат стаіць. Цікуе. А што гэта яны там робяць? Чаго кацёл прынеслі?
А незнаёмы той быў Вялікі Чараўнік. Толькі чараваць яму ў жыцці дадзена было тысячу разоў і засталіся лічаныя разы. І нічога ён тым сваім чараўніцтвам не дабіўся. Як дагэтуль ішло, так і пасля.
«Але тут, - думае, - здужаю».
Узяў ён з катла жменю каменьчыкаў і са свістам, як з сявенькі, сыпануў па раллі. І яшчэ, і яшчэ, і яшчэ.
- Што ж ты, - паскардзілася Мар'я. - Так загон благі, а ты яшчэ й каменьчыкамі, што сабрала, падсяваеш.
- Маўчы, - сказаў той. - Глядзі, што будзе.
- Так ёй, - сказаў Ігнат. - Таксама мне, дзеці. Ва ўсіх дзеці. Муж на вайне. Гм, таксама мне, страшная штука вайна.
А незнаёмы сыпе і сыпе. Увесь загон каменьчыкамі засеяў Россып. Дзецца няма дзе.
Мар'я плача. Ігнат смяецца. Балаган на кірмашы, і толькі.
- Глядзі, жанчына, - сказаў незнаёмы.