Цi далёка цi блiзка, цi нядаўна цi даўно, на той самай зямлi, на якой мы жывема, дагэтуль жылi нашы дзяды — было ўсё гэта.
Стаяла на беразе хата старога Яся, стаяла з краю пачынка. А Ясь жыў тут даўно, пасiвелi яго валасы, як грушавы квет, i жонка яго ўжо ў зямлю расцi пачынала. Вырасцiлi яны двух сыноў i дужа дачку хацелi мець, а яе не было. Тужылi яны, тужылi, ды тугою справе не паможаш.
Толькi раз неяк пайшла старая Ясiха да блакiтнага возера, сядзела на яго беразе ды ненарокам i заснула. Снiць яна, быццам звесiўся з галiн дрэва вуж з залатою каронаю на галаве, трымае ў роце блакiтную кветку i кажа:
— Бяры, мацi, кветку. Толькi глядзi: спарадзiш дачку — аддай яе мне ў жонкi.
I быццам бы кажа яна яму:
— Дзякую за падарунак-кветку, вуж-залатая галава. Толькi як жа ж без дачкi рашаць. Хай сама рашае…
Прачнулася — у руцэ сiняя кветка зацiснута. Мусiць, са сну адарвала. Цi праўду казаў вуж, цi няпраўду, а не паспеў Ясь збiць i пары поршняў з самай тонкай скуры, як нарадзiлася ў iх дачка i празвалi яны яе Ялiнаю.
Ляцелi гады над лесавою хаткаю, як белыя лебедзi, праходзiлi сiвыя днi зiмы i чырвоныя летнiя днi. Расла дзяўчынка: крынiцы ёй ваду давалi, завiрухi румянiлi, сонейка сагравала.
Расла i выраўнялася ў красуню, якой нат у нашых лясах не знайсцi, не адшукаць. Статная, як ялiна, вочы, як бездань блакiтная, валасы залатыя, вусны чырвоныя. Бiлiся за яе ўжо хлопцы, не шкадуючы сябе. Красуняю была Ялiна.
Дзень летнi пячэ, смуга над зямлёю калыхаецца. Пайшла Ялiна з сяброўкамi да Сiняга возера купацца. А i там усё спiць, нават стракозы селi на чарацiнах i скрыдлышкi склалi. Гарачыня!
Скупалiся сяброўкi, клiчуць яе за сабою, а яна замарудзiлася. Тыя ўжо i на адхiл узышлi, калi выбралася яна з вады i кiнулася да вопраткi. Аж бачыць: ляжыць у яе андараку вуж i галаву адтуль выставiў:
— Аддай мне, вуж, мой андарак.
— Не, не аддам. Прымi ў нядзелю маiх сватоў — тады аддам.
Няма чаго рабiць, давялося паабяцаць.
— Паклянiся, Ялiнка.
— Ну добра-добра. Клянуся.
— Добра ж.
I правалiўся вуж некуды, быццам i не было, а дзяўчына засмяялася i пабегла дадому. А да хаты падыходзiла ўжо невясёлай. Трасца яго ведае, магчыма, i сапраўды сватоў зашле.
Нядзеля надыходзiць — прыбягае з двара брат у страшэннай трывозе. Глянулi — шляху пад вужамi не бачна. Наперадзе вужынага войска паўзе вуж з сiнiм вянком на галаве ды яшчэ й папярок тулава нечым белым перацягнуты, быццам сват ручнiком. Падняўся ён на хвасце i сказаў, б'ючы чалом:
— Дзень добры, бацькi. У вас тавар, у нас гандляр…
Паплакалi бацькi, ды рабiць нечага. Тое, што мацi кветку ад яго, вужа, узяла — гэта яшчэ б паўбяды, ды дрэнна тое, што сама дачка вужынаму каралю абяцала i клятву давала. А клятвы трымацца трэба, хоць лопнi, а зрабi.
Сабралi яны дзяўчыну плачучы, быццам у труну клалi зажыва. I толькi спыталася мацi ў вужа-свата, калi ж яна ў госцейкi прыйдзе, ды той толькi чорнай галоўкаю кiўнуў. Два браты ўзялiся было за сякеры, калi вужы iхнюю сястру вялi, ды як пабачылi, што тых шмат — паступiлiся. Плача Ялiна.