Кароль зрабіў выпад - Яноўскі адбіў ягоную палку. Некалькі хвілін яны скакалі адзін вакол другога, саплі. Толькі і было чуваць:
- Я табе, булавешка дурная, ногі ў спіну пазаганяю.
- Я табе, дзядзечка, дам на пазвон.
- Мазгавешку расквашу, галадранец.
- Бач ты, кароль... (Трах-тах!) А ў самога бажок на нітачцы! (Бах!)
- Свіння не нашага бога! (Грук-грук!)
- У мазгаўні вычаўрыла.
У наступны момант ляпнула, як палкай па гарлачу. Вакол зарагаталі, загігікалі. Яноўскі, адчуваючы, як на галаве наліваецца вялізны гуз, утрапёна замахаў палкай, шмякнуў па нечым.
Кароль мякка схіліўся і заараў носам падлогу.
На адзін момант прыўзняў галаву, памацаў далонню размяжулены нос і сказаў ціха:
- Наша ўзяла... і рыла ў крыві.
І лёг на спіну, паказаўшы небу круглы пукаты жывот.
Да яго кінуліся, пачалі завіхацца, але толькі праз некалькі хвілін ён прыўзняўся, сеў за стол і, гледзячы на племенніка, сказаў:
- Заўтра надвячоркам ідзём у наезд.
Праз гадзіну кароль абдымаў пляменніка, ціскаў яго, лез мокрымі вусамі да яго вуснаў:
- Братка ты мой! Хоць ты і тамцюр цара нябеснага, а я цябе люблю, дальбог, люблю... Даю сваё каралеўскае слова - адаб'ём твой маёнтак... Чуеце, чэрці, кароль слова дае!.. Заўтра ж паедзем. Вось толькі судны дзень учыню.
Яноўскі і медыкус пайшлі з залы, не дачакаўшыся канца гулянкі.
Цёмнае-цёмнае неба ляжала над палацам. З адчыненых вокан далятаў да іх шум неўтаймаванай папойкі.
Наступнага дня, ранічкай, ля каралеўскага дома, пад шыбеніцай, сабралася вялікае цыганскае судзілішча. Паставілі высокае крэсла, ля яго сталі два шляхцюкі і два цыганы ў кажухах з доўгімі пугамі на плячы. Сабраўся натоўп, пераважна з егіпецкага племя.
Кісла смярдзела конскім потам, кажухамі, іржавым жалезам. Цыганкі курылі люлькі, часам даючы пасмактаць цыбук мурзатым дзецям. Пасля ўсе прыціхлі. Набліжалася ўрачыстая хвіліна.
Пад спеў труб і грукат старога барабана паважна выйшаў з двярэй кароль Якуб. Сеў, сціскаючы ў правай руцэ нейкі пацямнелы, апраўлены ў золата прадмет.
- Што гэта? - зацікаўлена спытаў Яноўскі ў медыкуса.