У нейкім прыгожым краі, трошкі бліжэй Сонца і трошкі далей ад Месяца, у краі, багатым залатымі нівамі, празрыстымі рэкамі, сінімі азёрамі ды цёмнымі пушчамі... Словам, у тым краі, дзе мы з табою жывём, стаяла, а можа, і цяпер стаіць, адна хата.
А жыў у гэтай хаце селянін па імені Янка. Здаровы, як зубр, добры і не дужа мудры. Было ў яго пяцьдзесят сыноў, сорак валоў і кошка. Ну, можа, не пяцьдзесят сыноў, а тры, не сорак валоў, а два. Але кошка была, гэта ўжо можаце мне паверыць. Пярэстая. З чатырма лапамі. З адным хвастом.
Араў Янка зямлю, пасвіў каровы і хмары. І жыў бы зусім добра, каб не звалілася на яго бяда.
Было гэта даўно. Так даўно, што на Беларусі тады яшчэ вадзіліся чэрці. І ў кожнага з тых чарцей было сваё месца працы.
Адзін жыў у вадзе, пасвіў шчупакоў, лінёў ды акунёў. Быў зялёны і калматы, вельмі падобны на купу твані. Звалі яго Вадзянік.
Другі жыў у лесе, пасвіў аленяў і быў падобны на аброслы мохам пень. Калі сустрэнеш, то і не адрозніш. Звалі яго Лесавік.
Але быў і трэці, што жыў па хатах і пасвіў цвыркуноў. Гэта быў самы шкодны. Рожкі ў яго былі, як у козкі, зубкі, як часначок, хвосцік, як памялцо.
І аблюбаваў гэты чорт Янкаву хату. І не тое каб са злосці шкодзіў, а проста быў свавольнік. Толькі ад тых свавольстваў Янку аж плакаць хацелася. Дзіва што! Ты ж таксама не ад злосці сваволіш? Ну вось, а бацькі часам плачуць. Кепска!
Не стала ў хаце ад чорта спакою. Пазаплятае коням грывы так, што пасля не расчэшаш, а думаюць на сыноў. Вяршкі з малака зліжа, а думаюць на бедную кошку. Часам узімку так завые ў коміне, што ў людзей мароз па скуры, і страшна на двор выходзіць. Ці забярэцца ў комін, з'едзе па ім і насыпле ў капусту сажы.
А то раніцай вынуць з печы пірог і здзівяцца: на пірагу невялічкі адбітак. Гэта чорт на гарачае цеста адпачываць садзіўся. Грэўся з марозу.
Зусім не стала жыцця. Янка ішоў начаваць, нават у холад, на сена ў адрыну. Ледзь бедных дзяцей не памарозіў. І вырашыў урэшце, праз гэтыя чортавы выбрыкі, забіць хату дошкамі і падавацца з дзецьмі, коньмі, валамі і кошкай некуды за свет. Кінуўшы сваю радзіму, цёмныя пушчы, светлыя рэкі ды чыстыя воды. І стала б на Беларусі меней яшчэ адной сялянскай хатай, каб не пачуліся аднойчы вечарам на дарозе цяжкія крокі.
Ішоў павадыр з мядзведзем. Хадзілі яны ад сяла да сяла.
Павадыр песні спяваў і граў на цымбалах. А мядзведзь паказваў, як бабы ваду носяць ды як дзеці гарох крадуць. І гэтым яны з мядзведзем карміліся.
- Здароў, Янка. Ці не пусціш нас з Мішкам пераначаваць? - спытаў павадыр.
- Мне што! Начуйце, - адказаў Янка. - Толькі ж я сам на сене сплю.
- А што такое?
- Ды чорт у мяне ў хаце завёўся. Так сваволіць, што ратунку няма. Верыш, на пірагах адпачывае. У коміне вые. І часам у цёмныя ночы нешта ў падпеччы, як жар, гарыць. Страшна.
- Гэ-э, - сказаў павадыр. - Не ўсе ж такія неразумныя, як твайго бацькі дзеці. Каб гэта павадыр, ды яшчэ з мядзведзем, нейкага там чорта спалохаўся? Не бывала яшчэ такога на свеце.
- То ідзі. Капусты пад'еш. Там яшчэ гаршчок з паранай рэпай ёсць, дык калі нічога за ноч не здарыцца, то раніцай падсілкуешся. А я на сена. Як сцямнее, я ў хату ісці баюся.
Ну вось, пасёрбаў павадыр капусты, пакарміў Мішку ды заваліўся дрыхнуць на лаве. А мядзведзь прымасціўся ля печы і таксама засоп на ўсе насавыя загорткі.
Гэта было так даўно, што тады яшчэ на Беларусі нават бульбы не вадзілася. Сказаць каму - не павераць. Замест бульбы парылі рэпу ці бручку. І вось спіць павадыр і сніць, як ён заўтра смачна будзе рэпай снедаць.
Толькі глухая ноч запала - чорт тут як тут. Скаціўся комінам, узняўшы цэлую хмару сажы, і пачаў у печы, злодзей такі, шнарыць і мацаць. Як кажуць, ты за парог, а ён за пірог. Узняў накрыўку. Павеяла сытым духам.