Рыгору Барадуліну
Жыў сабе год чатырыста назад у беларускім горадзе Рагачове небагаты, але добрага роду дваранін па прозвішчы Гервасій Выліваха.
Быў ён з калена Давойнаў, з клана – Мячоў, а якога герба – за даўнасцю год забылася. Усёй маёмасці яго было – замак-развалюха, некалькі коней веку мафусаілава, латы, ды меч, ды яшчэ шахматная дошка, але затое быў ён багаты сябрамі і неабдзелены жаночай увагай.
Сабою быў дзівосна гожы і пяшчотны, а паводзін – самых заганных. Хобаль, залётнік, піяка, задзіра, біток, бабздыр несамавіты. Не было на ўсёй зямлі беларускай падобнага яму. Ляхі такіх завуць – “завалідрога”, а мы, людзі роду крывіцкага, “адарвірог”, бо некалі, кажуць, такі ў самога Люцыпара рог сілком аддзерлі і зрабілі з яго келіх для пітва. Вады нальеш, і, сілаю самога рога, робіцца гарэлка. Я думаю – байкі гэта.
І сябры ў яго былі адпаведныя. Андрэй Гарбаты з Брачыславічаў, Кірык Балабан з Гультаёў, Галляш Вясна са Свінчуковічаў ды яшчэ Іра Францічак, за пераплёт на служэнне надзелены вёскай Мазурыкі, родам багемец, але п’янюга і бабскі ліслівец – на трох беларусаў.
Толькі ўсёй і працы ў іх было, што цягацца па корчмах і шынкарках ды па навакольных замках, калі гаспадара няма дома, піць віно, як Дняпро п’е Друць, ды дзярбаніць на лютнях і кімвалах багамерзкія песні.
Неяк жылі. Ставілі і бераглі дзяды і прадзеды мёд і віно – і выпіць яго за адно жыццё было цяжкавата нават Выліваху. У лясах была жывая закуска, касулі ды туры. На балотах свіязі, кражныя чагронкі, гразавікі, сярухі, шылахвосці. У рэках судакі, калекі, або балабы, самы, сіклы ды міроны, падусты, выразубы, язі ды галаўні, ляшчы ды бялёзны, страдалы, гусцёркі, свінні вадзяныя, сцярлядкі ды шчупакі.
І з іншым неяк абыходзіліся. У той час Магілеў з Рагачовам нават у Маскву пастаўлялі гатовае адзенне. Краўцоў было – грэблю масці. Так што порты, чугі ды плашчы абыходзіліся танна.
Набяруць гарэлкі, паедуць у лугі, дзіка заб’юць, ды на лаўцах пякуць дзічыну, ды песні гарлаюць – от і ўсё іхняе набажэнства Пану Богу за тое, што даў ім жыццё.
Нораў у гэтай грамады быў Дняпровы – на вярсту пяцьсот сажаняў звіву, – так што ніколі не ведаеш, чаго ад іх чакаць.
Нап’юцца ды, конныя, з кручы ў Дняпро скачуць. Або купяць за тры шэлегі плыт, усцягнуць на яго майно ды бочкі з Божай слязою, захопяць усіх дзяўчат з Вясёлай Слабады дый сплывуць так аж да Лоева. А мужам гарадскім у гэты час хоць ваўком вый.
З Лоева вяртаюцца на конях, мечаных гетманскай клейнай. І кажуць па-рознаму. То – “падарылі”, а то “купілі, плыт спрадаўшы”. Ды яшчэ смяюцца бессаромна, зубы нахабныя прадаюць.
Два разы стараста накладаў непарушную пячатку на іхняе дабро, за нясплату пазычанага. Думаў – сыдуць і ціха стане ў месце. То адзін раз яны – з нявыкруткі – загналі бацьку Палавуса, што дзесяць год са сваёй гайнёю па наваколлі блукаў і якога стараста з войскам спаймаць не мог.
Загналі і забралі ў яго ўвесь скарб.
А другі раз яшчэ мудрэй прыдумалі. Біскуп Смарагд хадзіў па наваколлі, зачыняючы грэцкага абраду цэрквы, а дабро іхняе рабуючы. Ездзіў, пёс касароты, як Мамай: наперадзе сам з войскам, а за ім абоз нарабаваны.
То яны два вазы з футрамі, ваздухамі, залатымі дараносіцамі, ахвярнікамі, крыжамі святымі, дзе пацірамі і дзіскасамі ў яго адбілі ды павялі. Божую зрабілі справу, але не для славы Божай, а для мамоны сваёй. Так і не выкурылі іх з гнёздаў.
У багатых, але пацёртых уборах, светлавокія, заўсёды на падпітку. Вакол лірны гуд і дудны роў. На сёдлах – жанчыны. На плячах – сокалы. У сэрцах – няма Божага страху.
Рагачоўская грамада, усе мужы статэчныя і радцы, дзякуючы ім страцілі чалавечае падабенства. Ужо нібы не чалавечая зборня сядзела ў радзе і на капе, а статак галінастых аленяў. І не глядзелі алені адзін аднаму ў вочы ад вялікага сораму.
Адабралі яны жонак у пана земскага пісара, і ў пана лоўчага, і ў пана старасты, і ў пана кашталяна, і ў пана наглядчыка за бабровымі гонамі. А сам Гервасій Выліваха звёў і паіў вельмі многіх, і нават каханку палкоўніка Чыжа. Палкоўнік спаймаў іх з ліцом і кінуўся быў біць, то яны палкоўніка напаілі пад прымусам і, п’янага, павезлі ў госці да рагачоўскага пробашча, дзе палкоўнік з пробашчавай аканомкай аскароміўся, учыніўшы свальны блуд. Пробашч раніцою, з гарачкі ды болем у галаве пакутуючы, закаціў імшу і на той імшы пана Чыжа пракляў у імя рымскай царквы да дзевятага калена.
А потым здарылася дзіва. Знайшлі на замкавым падвор’і срэбную скрынку, якая ўпала з неба. Так нядаўна ўпала, што яшчэ цёплая была. А ў скрынцы – каштоўнасці. А на скрынцы – надпіс, што ўсё гэта дасылае святы Юры таму з горада, хто не парушыў ніводнага з Божых запаветаў.
Над гэтай скрынкай счапіліся ўсе. І замкавыя вялікія людзі, і касцельныя, і людзі царквы. Кожны хацеў давесці, што гэта яму, а таму іншых усіх паплюжыў і выкрываў. І выявілася, што толькі садомскага граху ў горадзе і не было. І так гэта было брыдка, што сяляне пасля таго цэлы год баяліся ездзіць на торг – калі ўжо там такія начальныя людзі. Ледзь на захірэў горад.
А скрынку тую, як выявілася потым, аб чым і дакумент быў завераны і схаваны ў ларніка1, зрабіў магілеўскі залатар Мацюшка.