- Мне не падабаецца гэта iмя, - сказала яму Габрыела, - але ў нашай сям'i яно традыцыйнае.
У жнiўнi, калi стала асаблiва горача, яна змянiла колер на чорна-белы.
- Антуан не любiў бачыць мяне ў чорным, - растлумачыла яна, крыху саромеючыся.
Аднаго разу вечарам ён запрасiў яе паабедаць за горадам на вольным паветры.
- Антуан з прыемнасцю абедаў у Булонскiм Лесе, там сапраўды цудоўна. Парыж, перамешаны з дрэвамi... Часта, вярнуўшыся з канторы, ён раптоўна прапаноўваў: "Слухай... Хадзем у Лес..." Слаўны быў муж!
- Гэта не вельмi цяжка з такой жанчынай, як вы.
- Чаму?
- А таму, што ў вас ёсць усё: прыгажосць, розум, лагодны характар.
- Не спяшайцеся з вывадамi. Вы мяне не знаеце. Беднаму Антуану я калiсьцi рабiла жудасныя сцэны.
- Няўжо? Нешта не магу вас уявiць у такой ролi.
Яна засмяялася, але, схамянуўшыся, зноў напусцiла на сябе смутак.
- Так, так! Бедны Антуан... Ён быў надзвычай раўнiвы... Упэўненая ў сваёй вернасцi, часам я жартавала з агнём. Мой муж злаваўся; я гэтак жа не давала спуску. Шкадую, што парой крыўдзiла яго... Але часта ён сам быў вiнаваты.
Раптам, у парыве раскаяння, зiрнула на Эцьена са страхам, спадзяваннем i любоўю.
- Божа мой, нашто я вам гэта гавару? Забудзьце... Гэты дзiвосны вечар абуджае давер'е, нават рызыкоўнае... Мне так быў патрэбен, - прамовiла яна з адчаем, - гэтакi вечар, каб ён быў тут... са мною...
У цемнаце пацяклi слёзы. Яна адвярнулася i выцерла вочы.
- Урэшце я маладая, зусiм маладая, i жыццё маё скончана... Я самая няшчасная з жанчын.
Эцьен дакрануўся да яе рукi:
- Не, няпраўда, што для вас усё скончана... Жыццё не такое... Вясна вяртаецца... На кожную пару - свае кветкi... Аддавацца цалкам мiнуламу шкодна для здароўя i неразумна. Гэта значыць, пазбаўляць успамiны iх гуманiстычнай сутнасцi. Толькi так. Бо iх прызначэнне - падтрымлiваць нас у жыццi, а не перашкаджаць нам, умацоўваць наш дух, а не расслабляць яго... Паколькi вы i я, мы абое, былi ў шлюбе шчаслiвыя, мы ведаем добра, што гарманiчны шлюб магчымы... Вы не верыце?
Яна не адымала рукi, глядзела на яго мокрымi ад слёз вачамi, нiбы пыталася, потым закiвала галавой:
- Не, я не веру... Сумна не тое, што адчуваеш сум, а тое, што можна i не сумаваць... Я дала слова быць вернай.
- Я таксама! - адказаў ён жорстка. - Вось таму i боль, што любiм.
Афiцыянт запытаўся, што падаць на дэсерт. Яна заказала трускалкi з цукрам i перавяла размову на тэмы нейтральныя.
Назаўтра яна з'явiлася, як заўсёды, каб разам ехаць на могiлкi. Усю дарогу iм было не па сабе. Шафёр папаўся зласлiвы i гаваркi, увесь час бурчаў на прахожых, на палiцыю, на пагоду. Паглыбленыя ў свой роздум, яны даўжэй, чым звычайна, затрымалiся каля магiл. Выйшаўшы з алеi, яны прайшлi каля кучы камення - мiма разбiтых абелiскаў i плiт, дзе яшчэ можна было прачытаць: "Вечная па...", "Дарагой жон..." Габрыела спынiлася.
- Гэта ўсё з тых участкаў, якiя не даглядаюцца, - сказаў Эцьен. - Калi нябожчыка нiхто не наведвае на працягу пэўнай колькасцi год i магiла разбураецца, яе лiквiдуюць, каб ачысцiць месца для iншых.
- Эцьен, - яна ўпершыню назвала яго па iменi. - Як гэта сумна! Мёртвыя, у якiх нiкога няма, якiх нiхто не шкадуе, памiраюць яшчэ раз.
Ён узяў яе за руку, i яна прытулiлася да яго.
Калi яны вярталiся ў таксi, ён успомнiў пра кнiгу, якую абяцаў ёй даць, i прапанаваў зайсцi да яго. За ўсё iх знаёмства яна толькi цяпер пабачыла яго кватэру. Усюды былi фатаграфii Люсiлi: на сценах, на этажэрцы, на пiсьмовым стале.
- Цi адчуваеце вы, што гэты мёртвы дом ажыў з вашым прыходам? - прамовiў Эцьен.
Яна здагадалася, што ён збiраецца прасiць яе стаць яго жонкай, i падумала, што ў пакоi, дзе яўна прысутнiчае другая, гэта не зусiм зручна.
- Што вы робiце сёння ўвечары? - запытала яна.
- Асаблiвых планаў у мяне няма. Хочаце, паабедаем разам?
Яна кiўнула ў знак згоды, працягнула руку, якую ён пацалаваў, i ў момант знiкла.