А ты асаблiва не намагайся".
Было ўжо, можна сказаць, папаўднi, лодка паволi плыла тым жа кiрункам. Але зараз яе падштурхоўваў i ветрык з усходу. Стары чалавек у лодцы мякка саслiзгваў з хвалi на хвалю, i нават боль ад шнура ўпоперак спiны здаваўся яму зусiм не пакутлiвы.
Неяк пасля паўдня шнур пачаў узнiмацца зноў. Аднак рыба ўсяго толькi паднялася трохi вышэй. Сонца ўгравала левую руку i плячо старога чалавека, ды ягоную спiну, i, такiм чынам, ён зразумеў, што рыба павярнула на паўночны ўсход.
Зараз, калi ён ужо бачыў яго, ён мог уявiць сабе, як марлiн плавае ў вадзе з распасцёртымi, нiбы крылы, фiялетавымi груднымi плаўнiкамi, кроячы цемру прамым вялiзным хвастом. "Цiкава, што ён бачыць на такой глыбiнi, - падумаў стары чалавек. - Ягонае вока з кулак, у каня яно куды меншае, але той здатны бачыць у цемры. Некалi я зусiм няблага бачыў у цемры, не ў поўнай, вядома. Не нашмат горш за ката".
Сонечная цяпло i тое, што стары чалавек варушыў i варушыў пальцамi, зняло здранцвеласць з левай рукi поўнасцю, i ён пачаў перакладваць на яе ўсё больш работы ды пацепваць мускуламi спiны, каб трошкi перасунуць балючы шнур.
- Калi ты не стамiлася, рыба, - сказаў ён уголас, - дык ты вельмi дзiўная.
Ён чуўся зняможаным i ведаў, што неўзабаве прыйдзе ноч, i стараўся думаць пра iншыя рэчы. Ён думаў пра Вялiкiя Лiгi (для яго яны былi Оrап Ligаs), памятаючы, што "Янкi" з Ню-Ёрка гулялi з дэтройцкiмi "Тыграмi".
"Другi дзень мiнае, як я не ведаю вынiкаў juegos*, - падумаў ён. - Але я не павiнен губляць веры, i я мушу быць вартым вялiкага Дзi Маджыа, якi ўсё робiць дасканала, перасiльваючы нават боль ад пятачнай шпоры. Што гэта за штука: пятачная шпора? - спытаўся ён у самога сябе.
* Спартовыя гульнi (гiшп.).
У нас яе нiколi не бывае. Няўжо ад яе гэтак жа балюча, як ад шпоры байцовага пеўня ў пяту? Наўрад цi я здолеў бы вытрываць гэта або страту вока цi абодвух вачэй ды працягваць змагацца, як тыя байцовыя пеўнi. Чалавек не роўня найлепшым птахам i звярам. Усё ж я ахвотней быў бы той iстотай, што цяпер там, пада мною, у цемрадзi мора".
- Пакуль не завiталi акулы, - сказаў ён услых. - Завiтаюць акулы - Божа, ратуй яго i мяне.
"Як табе здаецца, цi вартаваў бы гэтую рыбiну вялiкi Дзi Маджыа так доўга, як вартавацьму я? - задаў ён сабе пытанне. - Я перакананы, што ён быў бы тут яшчэ лепшы за мяне, бо малады i дужы. Ягоны бацька таксама быў рыбак. Дык цi надта балюча яму ад той пятачнай шпоры?"
- Не ведаю, - уголас вымавiў ён. - Пятачнай шпоры ў мяне нiколi не было.
Калi сонца зайшло, стары чалавек прыгадаў, каб надаць сабе ўпэўненасцi, як некалi ў таверне ў Касабланцы ён дужаўся, чыя рука мацнейшая, з вялiзным неграм з Сьенфуэгаса, якi быў наймацнейшым хлопцам ва ўсiм порце. Яны правялi адзiн дзень i адну ноч, упiраючы локцi ў накрэсленую крэйдай на стале рысу, з выпрастанымi перадплеччамi, намёртва счапiўшы рукi. Кожны намагаўся пакласцi руку другога на стол. Багата хто бiўся аб заклад, людзi заходзiлi i пакiдалi пакой, асветлены газнiцамi, а ён глядзеў на неграву ручышчу, на ягоную кiсць i ў твар яму. Яны змянялi рэферы кожныя чатыры гадзiны пасля першых васьмi, каб суддзi маглi паспаць. Кроў выступiла з-пад ягоных пазногцяў i негравых, i яны пазiралi адзiн аднаму ў вочы i на рукi, i на перадплеччы, i спрачальнiкi прыходзiлi i выходзiлi з пакоя, а то ўсаджвалiся на высокiя крэслы, што стаялi каля сцяны, ды назiралi. Лямпы кiдалi ценi на драўляныя афарбаваныя яскравым блакiтам сцены. Неграў цень быў велiзарны, i ён поўз па сцяне, калi вецер раскалыхваў лямпы.
Рознiца памiж грашыма, што ставiлi на кон, i сумай, якую атрымаў бы пераможца ў закладзе, усю ноч мянялася ў той цi iншы бок, i гледачы напампоўвалi негра ромам i запальвалi яму цыгарэты. Урэшце негр, на добрым падпiтку, ажно лез са скуры i аднаго разу змусiў руку старога чалавека, якi тады не быў стары, а быў Сант'ягам Еl Сатреoп*, амаль