Урэшце негр, на добрым падпiтку, ажно лез са скуры i аднаго разу змусiў руку старога чалавека, якi тады не быў стары, а быў Сант'ягам Еl Сатреoп*, амаль на тры цалi страцiць раўнавагу.
* Чэмпiён (гiшп.).
Але стары чалавек патрапiў выпрастаць руку, i тая зноў была ўпоравень з супернiкавай. Ён быў упэўнены зараз, што адужаў гэтага цудоўнага хлопца i сапраўднага атлета. I на свiтаннi, калi спрачальнiкi прасiлi абвясцiць, што двубой скончыўся нiчыёй, i рэферы адмоўна круцiў галавой, ён, рашуча намогшыся, стаў хiлiць неграву руку нiжэй i нiжэй, пакуль тая не легла на стальнiцу. Матч распачаўся ў нядзелю ранiцой i скончыўся ранiцой у панядзелак. Багата хто з тых, што бiлiся аб заклад, прасiлi абвясцiць нiчыю, бо яны мусiлi iсцi - у порт грузiць мяшкi з цукрам або на працу ў Гаванскую Вугальную Кампанiю. Каб не гэта, кожнаму рупiла б дачакацца фiнiша. Але ж ён фiнiшаваў, i раней, як хто-кольвек павiнен быў iсцi на работу.
Яго доўга ўсе звалi Чэмпiёнам, а ўвесну быў матч у адказ. Але няшмат грошай ставiлася на кон, i ён лёгка выйграў матч, бо падарваў у негра з Сьенфуэгаса веру ва ўласныя сiлы ў першым паядынку. Пасля ён правёў яшчэ пару матчаў, а потым - нiводнага. Ён вырашыў, што здольны адужаць любога, калi моцна захоча, але гэта шкодна для ягонай правай рукi, якою ён ловiць рыбу. Ён правёў колькi пробных матчаў, дужаючыся левай. Аднак левая рука заўсёды была здраднiцкаю i нiколi не выконвала ягоных загадаў, i таму ён не даваў ёй веры.
"Сонца добра выпалiць ейную хваробу, - падумаў ён. - Яна не павiнна больш дранцвець, хiба што ўначы будзе занадта холадна. Хацеў бы я ведаць, што прынясе гэтая ноч".
Самалёт праляцеў над галавой на сваiм шляху ў Майамi, i ён бачыў, як ягоны цень спудзiў чароды лятучых рыб i тыя шуганулi ўгору.
- Калi гэтулькi лятучай рыбы, дык тут павiнен быць дэльфiн, - сказаў ён i налёг на шнур, каб уведаць, цi нельга трохi падцягнуць рыбiну. Але не, ад напятага - глядзi, каб не парваўся, - шнура ажно адскоквалi кроплi. Лодка паволi кiравала наперад, i ён назiраў за самалётам, пакуль той не знiк з поля зроку.
"Вiдочна, у самалёце дужа нязвыкла, - падумаў стары чалавек. - Цiкава, як выглядае мора з такое высi? Яны павiнны добра бачыць рыбу, калi лётаюць не занадта высока. Я хацеў бы лётаць вельмi павольна на вышынi двухсот сажняў i выглядаць рыбу згары. Калi я хадзiў у мора лавiць чарапах, то забiраўся на салiнг на вяршыню мачты i нават з той вышынi бачыў нямала. Дэльфiны адтуль зелянейшыя, i ты можаш бачыць iхнiя палосы i фiялетавыя плямы, i можаш бачыць увесь касяк, як яны плаваюць. Чаму гэта так, што ўсе борздыя рыбы з цёмных глыбiняў маюць фiялетавыя спiны i, зазвычай, фiялетавыя палосы або плямы? Дэльфiн толькi здаецца зялёным, а ў сапраўднасцi ён залацiсты. Але калi ён прыходзiць кармiцца, добра прагаладаўшыся, фiялетавыя палосы паказваюцца ў яго на баках, як у марлiна. Цi гэта ад злосцi, цi ад большай хуткасцi яны выступаюць?"
Якраз перад тым, як сталася цёмна, а стары чалавек мiнаў вялiзную выспу саргасавых водарасцей, што ўздымалiся i калыхалiся ў светлым моры, як быццам акiян мiлаваўся з некiм пад жоўтаю коўдраю, невялiчкi шнур ухапiў дэльфiн. Ён убачыў яго, калi той скочыў у паветра, сапраўды залаты ў апошнiм праменнi сонца, выгiнаючыся i шалёна матляючы плаўнiкамi ў паветры. Дэльфiн скочыў яшчэ раз, дэманструючы акрабатыку страху, i стары чалавек прабраўся назад на карму i, скурчыўшыся, трымаючы вялiкi шнур ўсёю праваю рукою, цягнуў дэльфiна леваю, наступаючы на штораз даўжэйшы шнур голаю леваю нагою. Калi рыба была ля самай кармы, вар'юючы, кiдаючыся з боку ў бок, стары чалавек перагнуўся цераз карму, уцягнуў яе, зiхотка-залатую, з фiялетавымi плямамi, у лодку. Ейныя скiвiцы сутаргава працавалi, яна кусала i кусала кручок, малоцячы дно чоўна доўгiм пляскатым целам, хвастом i галавою, пакуль ён не агрэў яе па зiхатлiвай залатой галаве i пакуль яна не ўздрыгнула i не супакоiлася.
Стары чалавек зняў з кручка рыбу, насадзiў на яго другую сардзiну i закiнуў шнур.