Хемингуэй Эрнест Миллер - Стары чалавек i мора (на белорусском языке) стр 21.

Шрифт
Фон

Вёслы - добрая прыдумка, але зараз гуляць трэба з аглядкай! Гэта яшчэ рыба хоць куды, i я заўважыў, што кручок быў у куце рота, i рот быў шчыльна закрыты. Такой бяды той кручок. Голад - вось што яму дапякае, i тое, што супроць яго якаясьцi незразумелая яму сiла. Спачывай зараз, старэча, а ён хай сабе працуе, пакуль твой чарод не прыйдзе".

Ён адпачываў, як яму здалося, гадзiны дзве. Месяц узышоў на небе позна, толькi па iм ён мог вызначыць час. Дый цi адпачываў ён узапраўды? Стары чалавек, як i раней, нёс на сваiх плячах няспынную цягу рыбы, але ён паклаў левую руку на планшыр лодкi i ўсё больш давяраўся лодцы самой, ейнаму супрацiву рыбiне. "Як было б проста i добра, калi б я мог напяць шнур моцна, падумаў ён. - Але калi марлiн раптоўна толькi падасца ўбок, то парве яго. Я павiнен змякчаць напругу шнура сваiм целам i ў любы час быць гатовы адпусцiць той абедзвюма рукамi".

- Але ты яшчэ не спаў, старэча, - сказаў ён уголас. - Гэта ж палова дня i ноч, i другi дзень, а ты яшчэ не спаў. Ты павiнен вынайсцi спосаб, як трохi паспаць, калi ён спакойна плыве. Не сплючы, у галаве возьме i памутнее.

"Але галава ў мяне ясная, - падумаў ён. - Дужа ясная. Я такi ж ясны, як зоркi, а мы - радня*. I ўсё ж я павiнен паспаць. Зоркi спяць, i месяц, i сонца спiць, i нават акiян спiць часам, у пэўныя днi, калi плынь замiрае, калi ягоная паверхня гладзюсенькая.

* Лiтаральна - браты.

Але не забудзься пра сон, - падумаў ён. - Трэба сябе змусiць, а пасля прыдумай штосьцi простае i пэўнае наконт шнуроў. Iдзi назад i прыгатуй дэльфiна. Гэта занадта небяспечна: прыстасоўваць вёслы для тармажэння, калi ты павiнен спаць".

- Я мог бы абысцiся без сну, - сказаў ён сабе. - Але гэта было б задужа небяспечна.

Ён рачкi стаў прабiрацца назад на карму, намагаючыся не таргануць шнуром, якi трымаў марлiн. "Мажлiва, яго самога зморвае сон, - падумаў стары чалавек. Але я не хачу, каб ён адпачываў. Ён павiнен цягнуць, пакуль не зойдзецца".

Зноў апынуўшыся на карме, стары чалавек павярнуўся гэтак, што адна яго левая рука вытрымлiвала цяпер тое, што раней плечы, i правай рукой дастаў нож з похвы. Зоры зараз свяцiлi зырка, ён выразна бачыў дэльфiна i ўсадзiў лязо нажа ў ягоную галаву, а пасля выцягнуў дэльфiна з-пад кармы. Прыцiснуўшы адной нагой рыбу, не марудзячы, ён разрэзаў яе ад задняга праходу аж да кончыка нiжняй скiвiцы. Потым адклаў нож i трыбушыў рыбу правай рукой, дачыста выбiраючы вантробы i вырываючы шчэлепы. Ён адчуў, што трымае ў руках цяжкi i слiзкi страўнiк, i расцяў яго. Унутры былi дзве лятучыя рыбы, свежыя i цвёрдыя. Ён паклаў iх побачкi, а трыбухi ды шчэлепы кiнуў за карму. Яны патаналi, пакiдаючы ў вадзе святлiсты след. Рыба была халодная, струплявата-шэра-белая ў зорным святле, i стары чалавек аблупiў адзiн бок, прытрымлiваючы правай нагой рыбiну галаву. Пасля перавярнуў рыбу i зняў скуру з другога боку, ды адрэзаў мяса з абодвух: ад галавы ажно да хваста.

Ён кiнуў шкiлет за борт i паглядзеў, цi хоць трохi не закруцiцца вада. Але ўбачыў толькi святло, запаленае яго павольным апусканнем. Тады ён павярнуўся i ўладкаваў дзвюх лятучых рыб усярэдзiне двух рыбных фiле, а пасля, паклаўшы нож назад у похву, памалу дабiраўся назад на нос. Яго спiна была сагнутая ад цяжару шнура ўпоперак яе, а ў правай руцэ ён нёс рыбу.

Там, на носе, ён расклаў на дне лодкi два рыбных фiле i побач - лятучых рыб. Тады перасунуў шнур на плячах на новае месца i зноўку трымаў левай рукой, упiраючыся ў планшыр. Пасля ён перагнуўся цераз борт i памыў лятучую рыбу ў вадзе, назiраючы, з якой хуткасцю вада абцякае руку. Ягоная рука свяцiлася, ён жа чысцiў рыбу. Струмень быў не гэткi моцны, i калi ён выцiраў рабро далонi аб дошкi, часцiнкi фосфару павольна плылi да кармы.

- Ён стомлены або адпачывае, - сказаў стары чалавек.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке