Пасля ён паволi стаў прабiрацца назад на нос. Ён памыў левую руку i выцер яе аб нагавiцы. Пасля пераклаў цяжкi шнур з правай рукi ў левую i памыў правую руку ў вадзе, назiраючы, як сонца апускалася ў акiян i з якiм нахiлам цягнуўся вялiкi шнур.
- Ён плыве, як плыў, - сказаў стары чалавек. Але паназiраўшы, як вада абцякае руку, заўважыў: рух лодкi стаў куды павольнейшы.
- Я звяжу два вёслы разам, упоперак кармы, i гэта замарудзiць вандроўку ўночы, - сказаў ён. - I яму, i мне пара адпачыць.
"Разумней будзе растрыбушыць дэльфiна трошкi пазней, каб зберагчы кроў у мясе, - падумаў ён. - Зраблю гэта пазней i тады ж звяжу вёслы, для тармажэння. Няхай марлiн цешыцца спакоем, не варта яго асаблiва турбаваць на заходзе. Заход сонца цяжкая часiна для рыб".
Ён высушыў руку, трымаючы яе ў паветры, пасля ўхапiў ёю шнур i, расслабiўшыся як мог, даў падцягнуць сябе наперад да борта, гэтак, што на саму лодку прыпадала цяпер напругi не менш, калi не болей, як на яго.
"Я вучуся як спраўляцца з такiм клопатам, - падумаў ён. - Прынамсi, з гэтай часткай работы. I не забудзься яшчэ, што ён не еў з таго часу, як узяў прынаду, i што ён вялiзны i яму трэба шмат ежы. А я з'еў цэлага банiта. Заўтра прымуся за дэльфiна. Ён зваў яго dоradо. Мажлiва, пакаштую ўжо тады, калi буду чысцiць. Яго куды цяжэй есцi, як банiта. Але ж лёгкага нiчога няма".
- Як пачуваешся, рыба? - спытаўся ён уголас. - Я добра пачуваюся, i мая левая рука паздаравела, i я маю запас ежы на ноч i на дзень. Так што цягнi лодку, рыба.
Ён не чуўся напраўду добра, боль ад шнура, якi ўядаўся ў спiну, ужо быў не проста боль - ён нерайшоў у тупую ламоту, якой ён пабойваўся. "Але са мной здаралiся горшыя рэчы, - думаў ён. - Мая рука толькi трошкi парэзаная, а другая ўжо не здранцвелая. Ногi мае ў парадку. Апроч таго, цяпер у мяне ёсць перавага: я маю правiзiю".
Ужо сцямнела, у вераснi па заходзе сонца цямнее хутка. Ён ляжаў, прыхiнуўшыся да шэрых абшарпаных дошак лодкi, адпачываючы ад усёй сваёй стомы. Загарэлiся першыя зоркi. Яму была невядома назва зоркi Рыгель, але ён бачыў яе i ведаў, што неўзабаве выйдуць i астатнiя, i ён будзе з усiмi сваiмi далёкiмi сябрамi.
- Марлiн - таксама мой сябра, - сказаў ён услых. - Гэткага я нiколi не бачыў i не чуў, што ёсць такi. Але я павiнен забiць яго. Добра яшчэ, што нам не трэба спрабаваць забiць зоры.
"Уявi, што было б, калi б чалавек штодня спрабаваў уходаць месяц, падумаў ён. - Месяц жа не стаiць на месцы. А можаш сабе ўявiць, як чалавек штодня палюе на сонца? Мы нарадзiлiся шчаслiвыя", - прыйшоў ён да высновы.
Потым яму стала шкада вялiзную рыбiну, якая не мела чаго есцi. Але яго рашучы намер даканаць марлiна нiяк не паслабеў ад таго шкадавання. "Як багата людзей накормiць ён, - разважаў стары чалавек. - Але цi вартыя яны есцi яго? Ну, безумоўна, не. Няма анiкога, хто быў бы варты спажыць яго, гэтак ён сябе паводзiць, з такiм пачуццём годнасцi".
"Я не дужа разумею гэтыя рэчы, - падумаў ён. - Але добра, што нам не трэба намагацца забiць сонца або месяц, або зоркi. Досыць таго, што мы жывiмся морам i вымаем дух з нашых праўдзiвых сяброў.
А цяпер, - падумаў стары чалавек, - трэба вырашыць з тармажэннем. Яно мае свае хiбы i свае вартасцi. Я магу згубiць гэтулькi шнура, што згублю i марлiна, калi той рване ад мяне, а тормаз - звязаныя адно з другiм вёслы будзе на месцы, i лодка згубiць усю сваю лёгкасць. Вядома, ейная лёгкасць доўжыць нашыя супольныя пакуты, але яна ж - зарука маёй бяспекi, бо ён здатны на вялiзную хуткасць, якою яшчэ нiколi не карыстаўся. Што б там нi было, я павiнен растрыбушыць дэльфiна, каб не сапсуўся, i трохi з'есцi, каб захаваць сiлу.
Зараз я адпачну яшчэ гадзiнку, пагляджу, цi гэткi ж ён моцны, што быў, i цi гэтак жа, як раней, плыве, а потым падамся на карму са сваiм рупескам i цвёрда наважу, што рабiць. Тым часам я магу назiраць, як ён трымаецца i цi нямашака з iм якiх змен.