Калi стары чалавек зраўняўся з рыбiнай i ейная галава датыкалася да носа лодкi, то ён не мог паверыць у памер гэтага марлiна. Але ён адвязаў вяроўку гарпуна ад бiтэнга, прасунуў яе праз шчэлепы i дастаў са скiвiц, абхапiў ёю меч, потым прасунуў вяроўку праз шчэлепы з другога боку, яшчэ раз схапiў ёю глюгу i, зрабiўшы вузел на двайной вяроўцы, прымацаваў яе да бiтэнга на носе. Пасля перарэзаў вяроўку i пайшоў на карму ўзяць пятлёю хвост. З фiялетава-срэбранай рыба зрабiлася цалкам срэбраная, а палосы мелi цяпер гэткi ж бледна-лiловы колер, што i хвост. Палосы былi шырэйшыя за чалавечую руку з растапыранымi пальцамi, а рыбiна вока глядзела гэтак жа адасоблена, як люстры ў перыскопе або як святы на выяве ў працэсii.
- Гэта быў адзiны спосаб, якiм яго можна было зрабiць, - сказаў стары чалавек. Ён чуўся лепей, выпiўшы вады, i ведаў, што не страцiць прытомнасцi, i галава была ясная. - У такiм выглядзе марлiн заважыў бы больш за паўтары тысячы фунтаў, - меркаваў стары чалавек. - А магчыма, i нашмат болей. Калi разабраць i прадаць дзве трацiны гэтага па трыццаць цэнтаў фунт? Га?
- Каб падлiчыць, мне патрэбны аловак, - сказаў ён. - Галава мая не нагэтулькi ясная. Але, думаю, вялiкi Дзi Маджыа сёння мною ганарыўся б. Я нiколi не меў пятачных шпораў. Але мае рукi i спiна напраўду баляць. Цiкава, што за яна: пятачная шпора? Магчыма, яны ў нас бываюць, а мы пра тое нават не здагадваемся.
Стары чалавек прымацаваў марлiна да носа кармы i да сярэдняй лаўкi. Той быў такi вялiкi, як быццам гэта прывязалi да борта яшчэ адзiн, нашмат большы човен. Ён адрэзаў кавалак шнура ды падвязаў нiжнюю скiвiцу рыбiны да глюгi, каб рот не разяўляўся i яны плылi як найбольш плаўна. Тады ён паставiў мачту i з палкай, якая служыла гафелем, i з аснашчаным гiкам, пад латаным ветразем, што напоўнiўся ветрам, пакiраваў, паўлежачы на карме, сваю лодку на паўднёвы захад.
Яму не патрэбны быў компас, каб вызначыць, дзе паўднёвы захад. Стары чалавек павiнен быў толькi адчуваць пасат, куды той дзьме, i як ветразь яго забiрае. Варта было б закiнуць маленькi шнур з блешняй на iм, можа, удалося б што злавiць ды з'есцi i змачыць губы. Але ён не змог знайсцi блешнi, а ягоныя сардзiны пагнiлi. Тады ён падчапiў бусаком, плывучы, жмут жоўтых Затоцкiх водарасцей i трасянуў iмi. Малыя шрымсы, што былi там, пападалi на дошкi чоўна. Больш за тузiн шрымсаў скакала i перабiрала ножкамi, як пясчаныя блохi. Стары чалавек адшчыкваў iхнiя галовы вялiкiм i ўказальным пальцамi i еў, перажоўваючы шкарлупкi i хвосцiкi. Шрымсы былi малюпасенькiя, але, ведаў ён, спажыўныя, ды i смак яны мелi прыемны.
У старога чалавека яшчэ засталiся два глыткi вады ў бутэльцы, i палову глытка ён выпiў пасля таго, як з'еў шрымсы. Човен плыў няблага, уважаючы на ўсе непазбежныя нязручнасцi, i стары чалавек кiраваў, трымаючы руку на румпелi. Ён мог бачыць рыбiну i павiнен быў адно зiрнуць на свае рукi i адчуць, што спiна яго абапёртая аб карму, каб упэўнiцца, што гэта сапраўды адбылося, што гэта не сон. Адзiн час напрыканцы, калi стары чалавек чуўся страшэнна блага, ён вагаўся: цi не сон гэта? Тады, калi ён убачыў як рыба выходзiць з вады i нерухома вiсiць у паветры, перш як упасцi, стары чалавек быў упэўнены, што стаўся сведкам якойсьцi незвычайнае дзiўнае праявы, i не мог даць ёй веры. Тады ў яго было кепска са зрокам, але цяпер бачыў ён як заўсёды добра.
Цяпер ён ведаў, што гэта не сон, як не сон ягоныя рукi i спiна. "Рукi лечацца хутка, - падумаў ён. - Ранкi пакрывавiлi колькi трэба, а салёная вада iх загоiць. Цёмная вада праўдзiвага затона - найвялiкшы з усiх лекараў. Адзiны мой клопат: каб галава была ясная. Рукi зрабiлi сваю справу, i мы плывём добра. З ягоным завязаным ротам i простым, як свечка, хвастом, мы плывём, як браты".