Пасля ў галаве яго трохi памутнела, i ён падумаў: "Цi гэта я вязу рыбiну, цi рыбiна вязе мяне? Калi б я валачыў марлiна за сабой, пытанняў не было б. Як i тады, калi б рыбiна была ў чоўне, пазбыўшыся ўсяе свае годнасцi". Але яны плылi разам, бок у бок. I стары чалавек вырашыў: "Хай гэта ён вязе мяне, калi яму прыемна так думаць. Я ўдалейшы за яго толькi праз штукарства, а ён не зычыў мне лiха".
Яны плылi паспяхова, i стары чалавек мачыў рукi ў салёнай вадзе ды стараўся захоўваць галаву яснай. Па небе вандравалi высокiя кучавыя воблакi, а над тымi ладна было перыстых, i стары чалавек ведаў, што вецер будзе дзьмуць цэлую ноч. Ён увесь час паглядваў на рыбiну, каб пераканацца, што гэта яму не снiцца. Мiнула гадзiна, пакуль першая акула сягнула на яе.
Акула не была выпадковасцю. Яна выплыла з нетраў вод, калi цёмнае воблака крывi ўтварылася i рассеялася ў глыбозным, з мiлю, моры. Выплыла борзда i без якой-кольвек асцярогi, разламала паверхню блакiтнай вады i апынулася пад праменнем сонца. Пасля яна сiганула назад у мора, ухапiла пах i паплыла тым жа курсам, што i човен з рыбiнай.
Часам акула губляла пах. Але яна адшуквала той зноў або задавальнялася толькi следам яго i адольвала свой шлях шпарка i настойлiва. Гэта была вельмi буйная акула пароды мака, складзеная, створаная плаваць гэтак жа хутка, як сама хуткая рыба ў моры, i ўсё ў яе было файнае апрача пашчы. Спiна такая ж сiняя, як у меч-рыбы, жывот срэбраны, шкура гладкая i прыгожая. Яна была гэтак жа складзена, як меч-рыба, але мела велiзарную пашчу, шчыльна закрытую зараз, калi акула iмклiва плыла ля самай паверхнi, зацята рэжучы ваду высокiм спiнным плаўнiком. Унутры сцiснутай зараз двайной губы ейнай пашчы мелiся восем шэрагаў зубоў, нахiленых усярэдзiну. То не былi звычайныя пiрамiдальнай формы зубы, што мае бальшыня акул. Яны нагадвалi чалавечыя пальцы, загнутыя кiпцюрамi. Амаль што гэткай даўжынi, як пальцы старога чалавека, яны мелi па баках вострыя, што брытва, лёзы. Гэта была рыбiна, створаная жывiцца ўсiмi рыбамi ў моры, якiя былi занадта хуткiя, дужыя i добра ўзброеныя, каб асцерагацца якога iншага ворага. Зараз яна паддала ходу, учуўшы свяжэйшы пах, i ейны сiнi спiнны плаўнiк расцiнаў ваду. Калi стары чалавек убачыў акулу, ён ведаў: гэтая не баiцца анiчога i рабiцьме акурат тое, чаго жадае. Ён падрыхтаваў гарпун i прымацаваў вяроўку i пры гэтым сачыў, як акула наблiжаецца. Вяроўка была караткаватая, той кавалак, што ён адрэзаў, каб прывязаць рыбiну да лодкi, не пашкодзiў бы.
Галава старога чалавека была цяпер ясная, пачуваўся ён здаровым i поўным рашучасцi, але меў мала надзеi. "Гэта было занадта добра, каб не скончыцца", падумаў стары чалавек. Ён глянуў на вялiзную рыбiну, да якой блiзiлася акула. Горш не было б, калi б гэта быў сон. "Я не магу ўтрымаць яе ад нападу на мяне, але, мажлiва, здолею яе ўлавiць. Dепtusо*, - сказаў ён у думках. - Трасца тваёй матары".
* Зубач (гiшп.) - вiд акулы.
Акула iмклiва падплыла да кармы, i калi яна ўхапiлася за рыбiну, стары чалавек убачыў ейны разяўлены рот i дзiўныя вочы, убачыў, як тая рынулася наперад, i пачуў, як ейныя зубы са шчоўканнем секанулi мяса якраз ля хваста. Акулава галава была над паверхняй мора, i спiна ейная паказвалася з вады, i стары чалавек мог чуць, як акула з трэскам iрвала скуру i мяса марлiна, i ён убiў ёй гарпун у галаву, у месцы, дзе лiнiя памiж вачыма перасякаецца з лiнiяй, што пачынаецца ад носа. Але такiх лiнiй у яе не мелася. Была толькi цяжкая завостраная блакiтная галава ды вялiкiя вочы, ды выпнутыя скiвiцы, якiя глыталi, шчоўкаючы, усё, што хапалi. Але тут быў мозг, i стары чалавек ударыў па iм. Ён нанёс удар сваiмi вiльготна-скрываўленымi рукамi, загнаўшы добры гарпун што было змогi. Загнаў яго без надзеi, але з рашучасцю i шчырай злазычнасцю.
Акула перакруцiлася, i стары чалавек убачыў, што ейнае вока нежывое. Потым яна перакруцiлася яшчэ раз, загортваючы сябе ў дзве вяровачныя пятлi.