- Той таксама кормiцца жывой рыбай, як i ты. Ён не з тых, што жывяцца падлiнай, i гэта не проста нейкая бадзяга-ненажэра. Зубач прыгожы, шляхетны i анiчога не баiцца. Я забiў, баронячыся, - сказаў стары чалавек уголас, - I зрабiў гэта як след.
"Апроч таго, - падумаў ён, - на свеце кожная iстота нейкiм чынам забiвае iншую. Я жыву, бо лаўлю рыбу, але рыбацтва гэтаксама i знiшчае мяне. Ты жывеш, бо хлопчык цябе ўтрымлiвае, - падумаў ён. - Не трэба аж так сябе ашукваць".
Стары чалавек перагнуўся цераз борт i з лёгкасцю адарваў ад рыбiны (там, дзе хапанула акула) кавалак мяса. Пажаваўшы, ён адзначыў ягоную высокую якасць i добры смак. Цвёрдае, сакавiтае, не жылаватае i не чырвонае ў дадатак. Такое мяса, ведаў ён, найдаражэйшае на рынку. Але мясны пах разыходзiўся ў вадзе, i не было як даць рады, i стары чалавек разумеў, што надыходзiць надта кепскi час.
Вецер дзьмуў устойлiва-роўна, толькi трохi адступiў на паўночны ўсход, i стары чалавек ведаў: гэта азначала, што вецер не аслабне.
Стары чалавек паглядзеў наперад, але не змог убачыць жаданых ветразей, анi корпуса карабля, анi дыму з судна. Адно лятучыя рыбы выляталi з мора каля носа ягонай лодкi i вярталiся справа i злева назад у мора, ды жаўцелi лапiны Затоцкiх водарасцей. Ён не бачыў нават птушкi.
Стары чалавек плыў дзве гадзiны, спачываючы на карме, а часам жуючы кавалачак мяса марлiна, iмкнучыся адпачыць ды захаваць моц, калi заўважыў першую з дзвюх акул.
- Ау, - сказаў ён уголас. Гэтае слова нельга перакласцi i, магчыма, яно ўсяго толькi мiжвольны выгук, як у чалавека, калi цвiк прабiвае яму руку i ўваходзiць у дрэва. - Gаlапоs*, - вымавiў ён.
* Акулы, што нападаюць i на чалавека.
Зараз ён угледзеў другi плаўнiк, што ўзнiмаўся за першым, i пазнаў: тупаносыя акулы. Але, iхнiя карычневыя трохкутныя плаўнiкi ды iмклiвыя рухi хвастом. Яны чулi пах i, узбуджаныя, ашалелыя ад голаду i прагнасцi, то гублялi яго, то зноў знаходзiлi. Але наблiжалiся няўхiльна.
Стары чалавек трывала замацаваў шкот i заклiнiў стырно. Пасля ўзняў вясло з прывязаным да яго нажом. Стары чалавек падымаў вясло, дужа асцярожна трымаючы яго, бо рукам было балюча. Ён сашчапiў i расшчапiў на iм рукi, каб трохi размяць iх. Потым моцна сашчапiў iх, каб яны змiрылiся з болем i не здрыгнулiся, ды назiраў, як падыходзяць акулы. Ён мог бачыць iхнiя шырокiя трохi сплюшчаныя тупаносыя галовы i таксама шырокiя грудныя плаўнiкi з белымi кончыкамi. Гэта былi агiдныя акулы, смярдзючыя, ахвотнiцы да падлы i шчырыя забойцы, здатныя, калi галодныя, кусануць вясло або i стырно лодкi. Гэта былi акулы, што перакусваюць лапы i плаўнiкi чарапахам, калi тыя спяць на паверхнi, а галодныя нападаюць у вадзе на чалавека, нават калi ён анiчуць не пахне рыбiнай крывёй цi рыбiнай слiззю.
- Ау, - вымавiў стары чалавек. - Gаlапоs. Падыходзьце блiжэй, gаlапоs.
Яны падышлi. Але не гэтак, як падыходзiла акула мака. Адна павярнулася i знiкла з поля зроку, нырнуўшы пад човен, i стары чалавек адчуў, як той дрыжыць, калi акула пачала тузаць i шкуматаць рыбiну. Другая сачыла за старым чалавекам жоўтымi шчылiнамi вачэй, а пасля шпарка падплыла, ашчэрыўшы паўкруг пашчы, каб хапануць там, дзе ад рыбiны ўжо быў адкушаны кавалак. Была выразна вiдаць лiнiя, што бегла ад макаўкi галавы на спiну, лiнiя, дзе злучалiся галаўны мозг i спiнны, i стары чалавек усадзiў нож на вясле ў гэтае злучэнне. Выцягнуў i загнаў той зноў, у жоўтыя кашэчыя вочы акулы. Акула адхiнулася ад рыбiны i слiзганула ўнiз, у апошнiя свае хвiлi глытаючы тое, што ўхапiла.
Човен дрыжаў, як i раней, другая акула пад iм распраўлялася з рыбiнай. Стары чалавек адпусцiў шкот, каб човен павярнуў бокам i акула апынулася навiдавоку. Калi стары чалавек убачыў акулу, ён перагнуўся цераз борт i садануў у яе нож. Ён зачапiў iм толькi мяса, скура ў акулы была гэткая цвёрдая, што ён ледзь уткнуў нож.