Мне здаецца, што сама яна сябе не бачыць сёння, не думае, якая яна — ёй усё роўна.
Нешта сказала, не расплюшчваючы воч. Не помніць, што я аглух, не чую? Ці ёй усё адно, пачуюць ці не, што яна гаворыць. Я не чую, затое пагаварыць рады — пра Касача, канечне. Як я магу яшчэ аддзячыць ёй за тое, што прыйшла, сядзіць ca мной, замест таго, каб яго шукаць, быць каля яго?
Я ведаю пра Касача, вядома ж, болей, чым яна: для жаночага кахання гэтыя гісторыі, магчыма, не маюць таго значэння, як для хлапечай любві. Вось гэта гісторыя: як Касач паявіўся ў лесе i з ім яшчэ сямёра ваеннапалонных, а ix павялі расстрэльваць як шпіёнаў, падасланых. Сашка лаяўся i плакаў ад крыўды i злосці, Косця-начштаба ўсё прасіў пакурыць (i калі ішоў, i калі яму капаў), астатнія быццам не верылі, што гэта сур'ёзна. А Касач раптам сказаў з напалову выкапанай магілы:
— Калі я цябе вось так буду, не скачы. Дамовіліся?
Моцна так сказаў, але невядома да каго. (Не ведаю, ці здолеў бы ён сам растлумачыць, што меў на ўвазе? Нейкая горкая, прытоеная думка наогул, а не папрок ці пагроза. Не мог жа ён ведаць, што зараз пачнецца бой: метраў за дзвесце паявяцца немцы, i ён, Косця, Сашка ў гэтым баі пакажуць сябе так, што праз некалькі месяцаў Касач стане камандзірам роты, а потым i атрада.)
Я ўсё гаварыў, гаварыў, i ўсё пра Касача i пра наш з Сашкам бой каля рэчкі, i ўсюды Касач у мяне быў прыгожы, справядлівы, таму што ён i сябе не беражэ, не шкадуе. Глаша, здавалася мне, уважліва i ca згодай слухала, хаця i не расплюшчвала вачэй. I раптам сказала:
— Замаўчы! Дурненькі.
Я гэта на вуснах яе i ў вачах прачытаў.
Паднялася i пайшла цераз паляну, як i той раз. Нешта ў ix з Касачом здарылася! Я быў ашаломлены гэтай здагадкай. Бо так добра ўсё складвалася, так згодна. Куды ж мне, за кім, калі яны не разам? Без яе для мяне i ён цяпер не той. А без яго гэтая паляна i нашы сустрэчы — зусім іншае нешта, аб чым я не падрыхтаваны думаць: я так звыкся з упэўненасцю, што мы сюды прыходзім, каб Глаша ўслых магла пра яго думаць, а я дапамагаць ёй.
Бой пачаўся адразу i нечакана блізка, нават не за рачулкай, дзе быў насып разбуранай чыгункі, а на нашым баку, ледзь не ў лагеры.
Мы ішлі хвойнікам — ён пах смалою i летнім жвірам. Глаша, адхінаючы голле, пакалола руку — цяпер аблізвала яе прагавіта i смешна. I раптам застыла: умольна глянула на мяне. «Страляюць!» — адразу прачытаў я. Рукой паказала — дзе.
— Моцна?
Яна заківала галавой.
— Аўтаматы?
Значыць, зусім блізка.
Выбухі я пачуў сам, неяк усім целам. Мабыць, міны. Але калі да гранат адразу дайшло — справа дрэнь!
Глаша слухае бой i глядзіць на мяне, чакае, нібы ад мяне залежыць, каб не было таго, што ўжо ёсць. I трэба ж было мне якраз цяпер аглухнуць: глухі, як i сляпы, — усяму адкрыты, безабаронны. Ты, нібы ў клетцы, злоўлены, i хто хоча, можа падысці i разглядваць. Немцы доўга разглядваць не будуць…
Глаша ўхапілася рукамі за мой локаць, па яе дрыготкіх пальцах адчуваю: страляюць зусім блізка, вось… вось!.. Вінтоўку я зарадзіў, трымаю напагатове, азіраюся, але разам з тым я яшчэ помню, думаю i пра тое, што іду пад ручку з дзяўчынай i гэта зараз убачаць, тыя ж немцы ўбачаць. Яшчэ горш (так i падумалася: горш!), калі ўбачаць нашы зубаскалы. А раптам Касач?
Пальцы на маім локці сціскаюцца, уздрыгваюць ад блізкіх стрэлаў i выбухаў, напаўголаса я ўдакладняю:
— Кулямёты, аўтаматы? Так?
Глаша вачамі паказала ўгору: э, нават самалёты! Значыць, блакада, не іначай. Цяпер галоўнае да сваіх трапіць, не застацца адным. Глаша ці то вядзе мяне, ці то вісіць на мне сярод не чутных мне стрэлаў: у галаве ў мяне свой шум, грукат, пусты, бессэнсоўны. Мы стараемся так абысці страляніну i крыкі (пасля Глаша казала, што i галасы нямецкія чула, каманду), каб трапіць у лагер. Усё правей бяром, каб не нарвацца, каб зайсці ў лагер з другога боку. Але колькі мы ні ідзём, ні бяжым, бой усё не застаецца ззаду: Глаша паказвае, што ён наперадзе, збоку, наўкруг. Я ўжо злуюся, мусіць, блытае, дзе страляніна, а дзе толькі рэха. Адарваў яе пальцы ад сябе i паказаў, каб ішла ззаду: яшчэ, яшчэ адстань! Я накіраваўся проста на лагер. Азірнуўся: Глаша слухмяна брыла ззаду, вінавата, квола ўсміхнулася. Я міжволі ёй адказаў, i яна ўзрадавалася, тут жа дагнала мяне. Зноў абхапіла руку. Нешта мянялася i перамянілася ўжо ва мне, паміж намі. Я сябе цяпер другім бачу, i гэты другі ўжо не цырымоніцца: ён ратуе Глашу, цяпер гэта галоўнае, а бянтэжацца, саромяцца няхай іншыя!
Раптам сасна, да якой мы падыходзілі, якраз перад вачамі нашымі пырснула белымі трэскамі, нема i страшна, нібы знутры ўзарвалася. Глаша ўжо ўпала i мяне за крысо пінжака цягне да зямлі. А сосны ўзрываюцца — белае клочча, нібы пена, вырываецца з-пад кары. Разрыўныя кулі! Але адкуль б'юць, не зразумець! (Некалі Сашка пра такое расказваў, але там пена была чырвоная, i я нібы сам гэта помню — чырвонае, успененае… Яны брылі з Касачом у пыльных калонах 41-га, i раптам выскачыў на дарогу заяц, немцы-канваіры імпэтна-весела адкрылі страляніну па ім, а заадно i па калоне: перад Сашкавымі вачамі вось так, пырснуўшы чырвонай пенай, узарвалася патыліца чалавека, які ішоў наперадзе.)
Б'юць з бярэзніку, што метраў за сто ад нас бялее за стваламі соснаў. Я штурхнуў Глашу, паказваючы, каб паўзла, а яна глядзіць, быццам я i сапраўды магу нешта перамяніць у цэлым свеце.
На белай бярозавай сцяне, нібы прасочваючыся, паявіліся цёмныя людскія плямы. Яны адклейваюцца ад белай сцяны i падаюць, адклейваюцца i падаюць, як пад кулямётам, толькі немым. Але ўжо зноў узнімаюцца ў ланцуг.
Глаша, лежачы, глядзіць на мяне, вочы вялікія, безабаронна-сінія, галаву прыўзняла, вось-вось твар таксама ўзарвецца. Чырвоным.
Дрэвы ўсё пырскаюць белай пенай, я нагамі пнуся на Глашын твар, паказваю ёй раз'ятранай мінай, каб паўзла хутчэй за паваленую высахлую елку. I баюся, што твар гэты, павернуты да мяне, узарвецца чырвоным, успененым…
Раптам пачынае ўяўляцца, што толькі твар, вялізныя сінія вочы — Глашыны, а жвавае, таропкае цела — гэта нехта, хто яе самую ж схапіў i валачэ, i таму такі жах, такое маленне ў гэтых вачах.
Немцы прайшлі зусім блізка ад сухой елкі, за якой мы ляжалі. Я нават бачыў, як той, што бліжэй да нас i пад каскай, у стракатым плашчы-накідцы, паглядзеў на паваленую елку i збіўся з нагі — мабыць, падумаў, што трэба зазірнуць за яе ці пастрачыць з аўтамата. Нават патрон у маёй вінтоўцы варухнуўся, здалося, — такі быў гэта момант. Вузкі малады твар яшчэ нейкі час быў павернуты да нас, але немец не застрачыў i не падышоў…
А мы, калі ix не стала відаць, ускочылі на ногі i пабеглі. Бегчы не мела сэнсу i нават небяспечна было: мы ж не ведалі, што, хто перад намі паявіцца праз пяцьдзесят, праз сто метраў, але ў нас прарвалася назапашанае за гэтыя хвіліны пачуццё, жаданне быць як мага далей ад таго месца, дзе мы цяпер. Але вось небяспека мінула тут, затое паўстала, чакаючы, наперадзе…
«Пастаіш — бяда нагоніць, пабяжыш — напрэшся на яе!» — гэта Рубеж любіў паўтараць, Цімох Рубеж — смешны, дзіўны чалавек, з якім мы сустрэліся праз два дні… У нашым аўтобусе ніхто яго не помніць, яны яго не ведалі, Рубяжа. Сышлася мая дарога з ягонай на нейкім невялікім адрэзку, а далей пайшла толькі мая, а яго абарвалася. Мусіць жа, i акрамя нас з Глашай яго помняць, нехта недзе (сям'я ў яго была), але ўсё роўна такое пачуццё, што з жывых толькі я ды Глаша ведаем, што ён быў, i пакуль мы яго ўтрымліваем у сабе — гэта праўда, што ён быў.
Дзіўна, што людзей, якія зараз у аўтобусе, я ўспрымаю як пасрэднікаў, праз ix я звяртаюся, як да жывых, да тых — Косці, Зуёнка, Вядзмедзя, якіх ведаў, бачыў многа год назад. I Косця-начштаба — вось гэты шумны, смяшлівы, i Касач, што маўчыць усю дарогу, i Сталетаў — усе яны як бы проста адтуль, з 25-гадовай далечы. Дзіўна, калі памяць вось так раптам робіцца явай, рэальнымі галасамі… Відушчыя павінны напружвацца, каб у сённяшнім убачыць таго, хто чвэрць веку назад быў «Касачом», «Зуёнкам», «Сталетавым», «Косцем-начштаба». А мне намагання не трэба ніякага: толькі тых, ранейшых, i бачу. A сённяшнія толькі пацвярджаюць, што ўсё — праўда.