Вось прачнуўся наш лагер: кашляюць, смяюцца, закурваюць, мыюцца жоўтай, як халодны чай, балотнай вадой. Хто сухар грызе, хто высек крэсівам ці з кухні прынёс агонь i цешыцца, ратуецца ад камароў маленькім вогнішчам, а хто зброю аглядае.
Ноч скончылася, але дзень яшчэ не пачаўся — савіня пара перагукнуцца цераз увесь лагер, абгаварыць ці высмеяць кагосьці.
У камандзірскім буданчыку быццам i няма нікога. «Камандзірка» паяўляецца перад намі ўжо адзетая i прычасаная. Наўзбоч ідзе да бочкі з вадой, ціха, быццам пабудзіць каго баіцца, мыецца пад дрэвам. Часцей за ўсё ў акуратных боціках i шэрым нямецкім світэры, які не закрывае яе худзенькую шыю, але нечакана ўзялася аднекуль яшчэ i чорная сукенка — такая прасторная вузенькім плячам, такая шаўковая, недарэчная. Ёй хацелася перад намі быць як мага больш дарослай, а выглядала яна ў гэтай доўгай сукенцы яшчэ больш безабароннай. I асабліва гэтая роўная i непрыемная, такая чужая жаночая бялюткасць, бель, што праступала праз чорны шоўк!
Воч не ўзніме, губы сцятыя, твар заспаны i нясвойскі — «камандзірка»! Але хто-небудзь, хто сталей, дабрэй, пакліча ці паздароўкаецца — яна ўздрыгне, уся зачырванеецца спалохана-радасна, a вузенькія прыўзнятыя плечыкі так i ходзяць, перамагаючы збянтэжанасць, няёмкасць.
Але калі Касач у лагеры, забывае яна i пра нас, i пра сябе. Бачыць толькі яго. Як трымціць цень, ловячы сонечны промень, што насцігае яго, — вось-вось пасвятлее, растане ў ім — так успыхвала, святлела яна, калі паблізу быў Касач.
Мы збіраемся на аперацыю: агульнае пастраенне атрада на парослай дробнымі хмызамі паляне. Усе стаяць, толькі мы, ездавыя, сядзім на тачанках, высока, нам усё відаць. Некалькі сваіх камісарскіх слоў гаворыць перад строем Шардыка. Як помню яго, заўсёды ён хадзіў з перавязанай рукой ці забінтаванай галавой: надта старанна адшуквалі кулі гэтае маленькае, рухавае цела. Косця-начштаба аднойчы растлумачыў, чаму так адбываецца:
— Шустры ты надта, камісар. За ўсіх усюды паспець хочаш. Пад дажджом бегчы — усе кроплі збярэш, i свае i не свае. Прывык у калгасе — ад акна да акна. Не, няхай кожны сваё сам знае!
Касач слухае камісараву прамову, апусціўшы галаву, пра нешта думаючы ці проста чакаючы, калі трэба будзе даваць агульную каманду.
Глаша з хозузводаўскімі i лёгкараненымі чакае, я бачу, як яна чакае ягонага позірку (я нават злаваў на яго часам, так яна чакала, а ён сярдзіта не заўважаў гэтага). Урэшце Касач узняў галаву i паглядзеў у яе бок. Неасцярожна доўга глядзеў, пра нешта сваё думаючы. Перавёў позірк на камісара. Але было позна ўжо: Глаша, нібы яе паклікалі, рушыла на сярэдзіну паляны. I як назнарок, на ёй тая самая сукенка — доўгая, недарэчна шаўковая.
Увесь атрад назіраў за дзіўнымі яе, зачараванымі рухамі. Камісар змоўк i з папрокам зірнуў на Касача. Косця-начштаба засмяяўся, сказаў нешта.
Я абмёр, бачачы, як Глаша ідзе на сярэдзіну паляны, не заўважаючы ні раптоўнай цішыні, ні змрочнага за ўсмешкай твару Касача. Але раптам заўважыла — нібы на вострае наступіла. Стала, агледзелася спалохана, як чалавек, што раптоўна ўбачыў сябе на крызе, якая адышла ад берага. Касач адвярнуўся, а яна пабегла ў лес.
Калі я што i любіў у ёй у тую пару, то менавіта гэтую яе закаханасць у Касача. Водгаласам, так сказаць.
У дзяцінстве такім жа вось чынам закаханы быў у брата сваёй аднакласніцы. Ён быў для мяне жывой копіяй, адбіткам сваёй сястры. Тыя ж вочы, той жа рот, а не бянтэжышся — глядзі, колькі хочацца. Хлапчукі здзекаваліся з бязвольнага i плаксівага сына прыезджага настаўніка, а я апекаваў яго, абараняў. Ён жа, адчуваючы незразумелую маю ад яго залежнасць, у сваю чаргу капрызіў ca мной — гэткі тыран! Але гэта рабіла яго яшчэ больш падобным на сястрычку i яшчэ больш хінула да яго. З ім я мог, быццам незнарок, назваць імя той дзяўчынкі, уголас назваць пры ўсіх, галоўнае, уголас — у гэтым была ўся справа, асаблівая слодыч.
Вось так, здаецца, i Глашу напачатку ўспрымаў. Амаль так. Але яна не заўважала патаемнай, змоўніцкай дабрыні маёй, апякунства, нашага трайнога саюзу не заўважала. Да самай сустрэчы на той паляне, дзе чырвоныя конікі разлятаюцца, пырскаюць з-пад ног.
…Гэтыя іскры, гэтыя жвавыя кропкі на чорным экране маёй слепаты — іншы раз мне здаецца, што гэта не асколачкі болю, што яны адтуль, з нашай паляны. На паляне я быў i раней, не раз шукаў свайго «Герынга», але чырвоных конікаў не заўважаў, хаця, вядома, яны там былі ўсё лета.
А лета ўжо на сконе: вільготны i цёплы лес прапах грыбамі, чарніцамі, густой гніллю, як старая варыўня. Пастуквае дзяцел. Спачатку здаецца — далёкі кулямёт. Услухаешся — не, блізка, дзяцел стараецца. Бой будзе толькі пад раніцу. Непасрэдны мой начальнік Сашка сядзіць у лагеры, змазвае кулямёт, мой жа клопат — коні, калёсы. Нешта сур'ёзнае, калі пойдуць тачанкі. У кустах цераз паляну бачу шэрую спіну нашай прыпражной. Значыцца, i «Герынг» недзе тут. Я заняўся арэхамі. Ix столькі завязалася, што можна ўсляпую, вобмацкам рваць: нахіліш галіну i камечыш падсохлае, трохі скручанае, калючае ў далоні лісцё, пакуль не намацаеш цвёрдую цяжкую гронку. Ад зялёнай арэхавай мякаці ў роце кісла, халаднавата.
Арэшнік спачатку завёў мяне ў цёмныя лясныя нетры, а затым вывеў, выштурхнуў на паляну, ужо ў другім яе канцы. I тут я пачуў плач: жаночы, потым дзіцячы…
Я ўжо бачу Глашу — яна ляжыць пад дубам, бачу яе дрыгатлівую, пад чорным шоўкам, вузенькую спіну, a ў самога яшчэ недаўменне: дзе ж тое дзіця, што плача? I тут яе глухое жаночае рыданне сталася дзіцячым усхліпам. Ляжыць пад дубам на цвёрдых, выступіўшых з зямлі каранях-рэбрах жанчына ў доўгай шаўковай сукенцы i захліпаецца дзіцячымі слязьмі. Боты пастаўлены ў галавах, i на ix акуратна развешаны, сушацца анучы. А босыя ногі сярдзіта ўздрыгваюць: кусаюць камары ці мурашкі.
Вочы мае прагна i спалохана разглядалі жаночую белізну, застыла праяўленую чорным шоўкам. Глаша раптам села, падціснуўшы ногі, i схапіла боты.
— А, гэта ты…
— Каня шукаю, — растлумачыў я сваё існаванне на свеце.
Як акуратна боцікі з анучамі стаялі каля яе, сплаканай!
Пасля вайны ўжо Глаша ўспамінала: «Іду праз увесь лагер, размаўляю, калі хто зачэпіць, смяюся, рагачу, але сама іду плакаць. Ужо лагер ззаду, ніхто мяне не бачыць, а я ўсё не плачу, спяшаюся на сваю паляну, да дуба: дабегла, сцягваю боты, ладкуюся, анучы развешваю сушыцца — усё цяпер так зручна, добра! — i нарэшце даю волю слязам, што так доўга стрымлівала, таму i салодкім».
Toe, што Глаша спалоханая, заплаканая, — якая там прыгажосць! — губы распухлі, вочы патухлыя, зласлівыя, — мяне вельмі кранае. Нібы дзеля мяне паблажэла, зліняла знарок, каб мне прасцей было з ёю, лягчэй. Удзячны за такую шчодрую, добрую яе непрывабнасць (нават носам хлюпае, як хлапчук!), я стаю, разважаю наконт заўтрашняга бою. Значыцца, ніштаваты гарнізон, калі мы з тачанкамі ідзём! Гэта добра, што сілу пакажам. Даўно пра блакаду новую пагаворваюць (восень, за ўраджаем палезуць), а атрад наш на самым выступе партызанскай зоны. Трэба раскінуць, пашырыць гэты выступ…
— Я не хаджу на аперацыі,— кажа Глаша, не даслухаўшы маіх разважанняў,— я ж — «камандзірка»!
Глядзіць, нібы гэта я яе абазваў так.
— Ну i дурні!
Я ахвотна згадзіўся. Само сабой, зразумелая справа…
— Ну, i можаце цалавацца са сваім камандзірам. A ў мяне будзе дзіцятка. Вось! Хоць лопніце ўсе ад злосці!
Я спалохана скасавурыўся — нібы гэта зараз будзе. Нешта ва мне ёсць такое, у несамавітай i вялай маёй постаці, i таму Глаша мяне зусім не саромеецца.
— I правільна, — радуюся я, — гэта вы здорава прыдумалі. Вайна скончыцца, a ў вас…
Я мог бы сказаць «у нас»: я ахвотна прымаў яе да нас, у той фантастычны свет, дзе мы з Касачом задушэўныя сябры i нам Глаша не замінае.
— «Здорава!», «прыдумалі!»— перадражніла Глаша мае захапленне. — Дурань ты.
Але глядзіць так, нібы просіць яшчэ раз паўтарыць маю дурасць. А мяне прасіць не трэба.