Як яшчэ не закрычаў: «А, пазнаў, ага!»
Касач рашуча падышоў, пагардліва, як палку, адвёў убок маю вінтоўку.
— Чаму не страляў?
Гульня дык гульня — ён вось якую мне прапаноўвае!
— Я ж адразу пазнаў вас.
— Калі не спыніўся, не назваў пароля — бі!
— Я ж…
— Не мае значэння, — Касач блізка i ўважліва зазірнуў у мой разгублены i пакрыўджаны твар, усміхнуўся: — Двое сутак гаўптвахты.
Мабыць, каб зразумеў, што вайна — гульня сур'ёзная, злая.
Але i тут касачоўцы рабілі, давалі папраўку на характар свайго камандзіра. Удзень на гаўптвахце сапраўды моташна, няўтульна: нары з альховых жэрдак прыбіраюць, стой ці сядзі на кукішках у прамерзлай зямлянцы, дыхай у каўнёр, прапахлы бацькоўскім тытунём… Але затое ноччу! Ноччу ў цябе ўсе прывілеі, падкрэслены клопат каравульнага ўзвода.
Цікава, расказалі Касачу хаця б пасля вайны, як кармілі гаўптвахту ca штабнога катла?
Я сам у гэтым удзельнічаў, калі надаралася стаяць на пасту каля кухні. Стаіш i ведаеш, што неўзабаве з'явяцца. (Брынканне кацялкоў замест пароля.)
— Глядзі добранька, калі пастаўлены! — захліпнецца смяшком які-небудзь Рыжы ці Зуёнак, a ў самога ўжо рукавы закасаны па локаць. Хапае з меншага катла кавалкі мяса, дзьмухае на пальцы, а ты, вартавы, яму яшчэ i кацялкі трымай: адзін — для гаўптвахты…
…Касач сядзіць у мяне за спіной, той жа, але i зусім іншы. Урэшце, я не ведаю які.
Нешта сваё, добрае i благое, аддавалі мы тады гэтаму чалавеку, нешта наша ён нёс у сабе.
А зараз сваё адабралі, узялі сабе, а ён нібы той, ранейшы, але ўжо i другі.
Па-рознаму ўсё гэта людзі пераносяць. Каторыя страшна здзівіліся б i пакрыўдзіліся: быў гаспадар над жыццём i смерцю, а цяпер кожны мае права жыць, быццам цябе i не было над ягонай воляй, лёсам. Іншы жыве i ўсё прымярае: ды ўчора, ды я мог, ды цябе ж!..
Касач не здаецца мне такім. Ён умеў камандаваць. Але не думаю, што ўвесь быў у гэтым. Яго іранічная, часам нават недарэчная ўсмешка — гэта нейкі погляд збоку на тое, што ён рабіў так умела i цвёрда. Бадай, рахункі ў яго былі не з аднымі немцамі, але i яшчэ з чымсьці. З самою вайной, ці што? Ці не таму ён — менш касачовец, чым усе мы: не збліжала яго з людзьмі справа, якую ён так дакладна i цвёрда рабіў. Так, мы яму аддавалі нешта сваё, нёс ён у сабе i наша. Але не вясёлую зухаватасць, як Косця-начштаба, а нешта зусім іншае. Магчыма, чалавечую патрэбу помсціць вайне вайной жа — за тое, што табе выпала з ёю спазнацца. Калі я, вядома, не ўскладняю Касача. Але i спрошчваць яго таксама нельга.
Але ж, праўду сказаць, сённяшняга Касача я i зусім не ведаю.
Усю дарогу ён маўчыць. Разам з Глашай маўчыць. Калі яна яго ўбачыла, на твары яе, магчыма, нічога не адбілася. Тварам людзі вучацца валодаць, але рукі скажуць усё — на маім плячы была яе рука.
Я заўсёды лічыў сябе пачварай, нават калі вочы былі. Быццам можа чалавек з вачамі быць пачварай. Зрэшты, да сустрэчы з Глашай мяне гэта не цікавіла. A калі ў атрад трапіў, дык нават дужа сабе падабаўся. Вінтоўка, граната — партызан! Якой яшчэ прыгажосці ад чалавека трэба!
А потым глянула на гэтага партызана дзяўчынка, засмяялася на ўсю вуліцу — i ўсё перамянілася.
Дзень той выдаўся, бы назнарок, сыры, халодны, шэры. Сена пада мной, якое я ўзяў на залітым паводкаю лузе, таксама было сырое, зляжалае. На высокім, нічым не ўціснутым возе ехаў я вясковай вуліцай, выглядаючы, у якой хаце мне папалуднаваць. I раптам убачыў Касача: вярхом на дужым, злосным жарабку, а за ім — ад'ютант у рамянях i гусарскіх бакенбардах. Пакуль я любаваўся намі, касачоўцамі, неўпрыкмет, лёгка (у думках, вядома) перасадзіўшы Жэньку на свой воз, а сам ускочыўшы на яго каня, я зусім забыў пра свайго шыраказадага «Герынга», а ён, фашысцкая морда, мне i падстроіў. Раптоўна адчуў, што воз нахіліўся, што зараз саслізгну, спаўзу разам з сенам, паволі i непазбежна, якраз у вясковую лужыну.
— Давай, сушэй будзе! — крыкнуў Жэнька, ганьбячы мяне перад Касачом, які сярдзіта на нас азірнуўся. A ўсе мы азірнуліся на гучны смех — дзяўчынкі. Я гатовы быў забіць i сябе, i «Герынга», i гэту рагатуху, якой менавіта ў гэтае імгненне абавязкова трэба было з'явіцца. У вялізныя разбітыя боты, як белыя свечкі ў падсвечнікі, уторкнуты буслянячыя ногі, у гарэзліва адкінутай руцэ — бруднае вядро, на другой руцэ — вялікая, цяжкая, з аўчыны рукавіца (збірае свінням дабро, што коні губляюць), а самой вунь як весела!
Глаша любіць успамінаць гэты выпадак, асабліва весела ёй ад майго абурэння тым, што яна так па-балетнаму трымала сваё вядро. Але, выявілася, развесяліў яе Жэнька, ягонае крыўлянне i бакенбарды, a зусім не я ca сваім возам.
Касач i Жэнька звярнулі ў яе двор — яны таксама вырашылі адпачыць. А мне ўжо было не да таго.
Жыла Глаша з маці, яшчэ маладой, з маладым станам жанчынай, бацьку свайго яна ведала толькі па фатаграфіі, дзе ён на ўвесь рот смяяўся. Аднекуль з Урала прыходзілі ад яго аліменты. А аднойчы прыляцела яшчэ адна фатаграфія з цэлай гронкай гэткіх жа, як у бацькі, усмешак: Вера, Надзя, Любоў — далёкія Глашыны сястрычкі па бацьку. У вёсцы Глашу i яе прыгажуню-маці называлі: «Глашка-дзесяцітысячніца», «Ульяна-дзесяцітысячніца». Пашчасціла ім выйграць "такую суму на аблігацыю — нават у раённай газеце пісалі пра гэта. Вось тады гаспадара дома i закруціла-замуціла, аж на Урал закінула.
Падабаўся Глашы спачатку не Касач, а Жэнька: «Каб толькі не такі рукасты». Яны з Жэнькам сварыліся, аблівалі адно аднаго вадой, амаль біліся i гучна, зласліва апраўдваліся: яна — перад маці, ён — перад камандзірам: «Няхай сам (сама) не лезе!»
Летам сорак трэцяга немцы пачалі бамбіць партызанскія вёскі. Глаша раптам апынулася ў нашым атрадзе. Ульяна ўгаварыла Касача, хоць у нас нават на кухні i ў санчасці былі амаль адны мужчыны. Глашына маці справядліва разважыла, што ў партызанскім лагеры не так небяспечна, як у сямейным, куды яна сама перасялілася з усёю вёскай.
Спачатку каля кухні i ў санчасці пачалі заўважаць кароткавалосую, вузенькую, як лінеечка, дзяўчыну, сарамліва рослую i жвавую. Для сваіх семнаццаці яна была даволі высокая, але з такімі вузенькімі плячамі, ніякавата ўзнятымі ўгору, такія ў яе былі радасна-сінія вочы, што часамі яна здавалася зусім дзеўчанём.
Тое, што прыйшло, прыйшло не адразу — пасля чарговай «блакіроўкі».
Блакада скончылася, мы зноў пачалі заўважаць многае ў свеце. З блакады людзі, атрады звычайна выходзілі, як з пакутлівай хваробы — аслабелыя, але неверагодна прагныя да цішыні, да сну, смеху, галасоў, дзённага святла. Дзень зноў рабіўся днём, а ноч — ноччу, месяц ужо не быў падобны на асвятляючую ракету, а чалавечыя цені — на магільныя ямы.
Вось тады мы i заўважылі, што побач з намі жыве «камандзірка».
Ранейшы наш лагер немцы разбурылі, спалілі, жылі мы ўжо ў другім лесе, спалі не ў зямлянках, а проста пад дрэвамі ці ў «райскіх шалашах» — буданах з яловай кары.
Дняваліш пад раніцу сярод гэтага часовага табара, абкружанага халодна-белымі елкамі з садранай карой, i раптоўна заўважыш, як у крайнім ад дарогі буданчыку вытыркнуцца з-пад кажушка разутыя ногі i тут жа спалохана схаваюцца. Голас Касача ў буданчыку непраўдападобна дабрадушны, а Глашын смех такі раптоўна жаночы, глыбокі.
Калі Касач адлучаўся куды ў гэту пару, праводзілі яго закахана-раўнівыя вочы — мае i Глашыны. А аднойчы нашы з ёю вочы сустрэліся: Касач задумлівым трушком праехаў паўз мяне, я позіркам праводзіў яго i азірнуўся на буданчык. Глаша сядзела, абхапіўшы рукамі кажух на каленях; згубіўшы за дрэвамі Касача, натрапіла позіркам на днявальнага. Не ведаю, што мае вочы сказалі ёй: здаецца — так i быць! — дазволіў i ёй любіць камандзіра. На твары яе мільгануў спалох, i яна схавалася ў буданчыку.
Уставала «камандзірка» цяпер пазней за ўсіх. Але я разумеў, што гэта ад страху перад намі, перад нашымі ўсмешкамі, позіркамі. Усё, чаго Касач, магчыма, i не заўважаў, удвая гняло яе, як толькі наставалі раніца, дзень.