Коллектив авторов - Дванаццаць актаў (зборнік) стр 4.

Шрифт
Фон

 Вось урод, яна ж дзіця дзіцем, яна і не разумее, што ён зрабіў.

Зрэшты, што ён зрабіў, расказалі Іры хлопцы, якія ўжо ў першым класе ведалі болей, чым ім трэба было.

Дораша Іра абыходзіла пятай дарогай, і заўважыўшы недзе рудую шапку з хвастом, уцякала чуйдух. І ён не чапаў яе, адварочваўся, сыходзіў, відаць, памятаючы дамову паміж маці і Ірынымі бацькамі. Але потым усё часцей і часцей стаў трапляцца Іры на вуліцы, і ўжо не адварочваўся, разглядаў тымі самымі, чорна-чырвонымі, сумнымі і цяжкімі вачыма.

Іра перастала спаць, па начах ёй здавалася, што пад ложкам затаіліся зялёныя ватныя коўдры, яны растуць, растуць, абдымаюць яе і душаць, душаць. Асабліва справы зрабіліся кепскія, калі Дораш падсцярог яе каля клуба, схапіў, запхнуў у дрывотню і ўсё аблапаў, а потым, прыціснуўшы да сцяны, доўга ківаўся на ёй, як «лодачка на моры».

Іра маўчала, сціснуўшыся ад страху і сораму, а Дораш шаптаў ёй на вуха:

 Не бойся, бурацінка мая, маленькая, я табе нічога не зраблю, пакалываемся трохі і пайду. І не расказвай нікому, бо бацькам тваім і так сорамна, праходу не будзе.

Сыходзячы, Дораш сунуў Іры цукерку-смактушку. Цукерка, відаць, даўно валялася ў Дораша ў кішэні, бо ўся прасмярдзела цыгаркамі.

Ноччу, калі Іру душылі зялёныя коўдры, яна прачнулася ад уласнага крыку і зараўла яшчэ болей, пабачыўшы на сваім ложку чорны сілуэт.

 Ціха, гэта я, не бойся,  сказала бабка.  Мы зараз запрагаем і едзем да старой бабы, такой як я.

Да бабы папаездзілі яны доўга. Спачатку старая баба дазваляла бабцы сядзець і глядзець, як яна лечыць Іру ад спугу, а потым казала бабе ісці па дзярэўні пагуляць. У гэтыя сустрэчы старая баба і Іра не толькі гаварылі, але і чай з мёдам пілі, і тварог з мёдам елі, і агуркі з мёдам. У тае бабы ўсё было з мёдам.

Потым Малышчыха сказала:

 Дзетка, а нашто табе канём з бабай ездзіць? Тут 9 кілометраў. Бяры веласапед і ты ў мяне.

 Баба, я Дораша баюся. Ён да мяне падходзіць стаў.

 Дорашу мы дарогу знойдзем. Ты ж ведаеш, дзе яго кошка ляжыць?

 Згніла, баба, з кацянятамі, як дажджы пайшлі. Танька казала. Адна поўсць і косці засталіся, Танька палачкаю калупала.

 Схадзіце туды з Танькаю, папрасі, каб папільнавала, скажы, што хочаш прыкапаць кошку. А пару якіх такіх костачак і поўсці трохі закруці ў салафан і мне прынясі. Толькі адна туды не хадзі, і Таньцы не кажы, чаго ідзеш. Нікому не кажы ні маме, ні бацьку, ні бабе, ані дзеду.

 Ды дзеду кажы, ні кажы, глухі зусім стаў.

Няпроста было Іры адолець агіду і сабраць парэшткі ў салафанавы мяшэчак. Затое з Танькаю яны зрабілі кошцы і тром шкілецікам цудоўную магілу, у каробцы з-пад абутку, выкладзенага золаткам ад цукерак і абклеенай каляровай паперай, і з вялікім «сакрэцікам», на які Танька не пашкадавала брылы з зялёнага шкла, на якой стаяў у іх у зале вазон.

Чарговага разу, калі бабка адвезла Іру да Малышчыхі, а сама пайшла «гуляць па падругах» (адкуль прыходзіла, злёгку клюкнуўшы і развесяліўшыся), тая зачыніла дзверы і на зашчапку, і на ключ.

 Ката прынесла?

 Прынесла.

 А тое прынесла?  Прынесла.

 А дзе ўзяла?

 Падкралася і вырвала, як за клубам п'яны спаў.

 Добра. Точна яго? Перахрысціся!

 Ды яго, яго!

Баба ўзяла спаліла валасы, попел з кацінымі касцямі кінула ў чыгун, дастала з-за абразоў пляшку і паклікала Іру:

 Ну-тка, нясі сюды ручкі.

Малышчыха палівала Іры рукі вадой над чыгуном і шаптала, і вада цякла спачатку шэрая, брудная, а потым сіняя (спуг выходзіў), а потым празрыстая, светлая. Наварыла тае гадасці, нашаптала, засмярдзела ўсю хату. Наліла ў пляшку, заторкнула. Дала Іры бутэльку і нейкі вузлік.

 Дзевачка мая, ты ведаеш, дзе яны жывуць?

 Хто?

 Дораш з маткаю.

 Ну ведаю.

 Дык ты ідзі ўночы туды і пад вузлік закапай ды вадзічкаю гэтай палі. Уночы, цёмначы. Сабаку іхняму хлеба дай, каб не брахаў.

 Не будзе іхні сабака брахаць. Ён сарваўся і ўцёк, бо Дораш яго біў.

 Ну і добра. Толькі сама вылі. Тады баяцца перастанеш, спуг пройдзе, і зялёныя адзіялы пройдуць. Ну, і Дорашу дарогу пакажам.

 Куды, бабо, пакажам?

 Далёка. І не бойся нічога, я за цябе маліцца буду. На во табе крыжык на шыю, са святой зямлі.

Ноччу, калі бацькі паснулі, Іра апранулася, надзела бацькаву рыбацкую куртку і выйшла на вуліцу. Зоры гарэлі ў небе, калыхаліся, свежасцю пахла з усіх кутоў, пабрэхвалі сабакі, але не надта стараючыся, бо Іра была свая. Яна паклала бутэльку ў вялізную бацькаву кішэню, і тая часта біла яе па назе. Ад курткі несла хлебам, якім тата падкормліваў рыб, дзедавым тытунём і няўлоўным пахам роднага дому, які трохі гамаваў страх.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3