Пётр Друждж
Бітва пад Оршай 1514 года
Майму бацьку Уладзіславу
Пераклад з польскай мовы Андрэя Янушкевіча з выдання:
Piotr Dróżdż. Orsza 1514. Warszawa: Bellona, 2000.
У афармленні вокладкі выкарыстаны фрагмент карціны «Бітва пад Оршай» (Нацыянальны музей у Варшаве)
© by Piótr Dróżdż, Warszawa, 2000
© Пераклад і выданне на беларускай мове, афармленне ІП А.М. Янушкевіч, 2014
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016
Прадмова
Бітва з маскоўскім войскам, якая адбылася 8 верасня 1514 г. на палях пад Оршай на Віцебшчыне, была адной з найвялікшых бітваў у тагачаснай Еўропе. Гэтая перамога, атрыманая польска-літоўскім бокам, як і шмат іншых, не была выкарыстана ні ў ваенных, ні ў палітычных мэтах. У Польшчы яна не дачакалася ператварэння ў нацыянальны сімвал. Зрэшты, гэта была перамога перадусім Літвы (і там яна займае пачэснае месца ў гістарычнай традыцыі, пачынаючы ад вяртання незалежнасці ў 1991 г.), хоць польскае войска адыграла ў ёй вырашальную ролю. Шчыра кажучы, сёння не шмат людзей здолее адказаць, калі адбылася Аршанская бітва, тым больш паміж якімі краінамі дайшло да ваеннага канфлікту і з якіх прычын. Менавіта адсюль мая зацікаўленасць гэтай падзеяй.
Ёсць яшчэ адна падстава для напісання гэтай кнігі. Змаганне на палях пад Оршай мела месца ў найцікавейшую эпоху. Гэта час вялікіх перамен ва ўзбраенні і, як наступства у вайсковым мастацтве еўрапейскіх дзяржаў. Польска-літоўская дзяржава ўяўляе сабой асабліва цікавы прыклад. Яна складалася з двух (па меншай меры) народаў і, знаходзячыся на памежжы дзвюх культур Захаду і Усходу, была прасторай сутыкнення розных кірункаў вайсковага мастацтва. У выніку гэтых працэсаў сфарміравалася старапольская вайсковая школа, якая дасягне піку свайго развіцця ў XVII ст.
Калі казаць пра ўзбраенне, то вельмі значныя змены чакалі яго засцерагальна-ахоўныя элементы. Панцырныя даспехі ў поўным камплекце дасягнулі стылістычнай і тэхналагічнай дасканаласці. Праўда, яны ўжываліся ўсё радзей, аднак менавіта закованыя ў іх коннікі зяўляліся галоўнай наступальнай сілай на полі бітвы. Зявіліся новыя і існавалі побач старыя віды шлемаў, з якіх у больш ці менш змененых формах захаваліся ў наступныя стагоддзі капэліны і салады. Салад дачакаўся цікавага прымянення ў найноўшы час. Прызнаны чыста нямецкім узорам, ён паслужыў прататыпам для стварэння Штальгельму баявога шлема нямецкай арміі падчас Першай і Другой сусветных войнаў. Сёння шмат якія ўзброеныя сілы таксама выкарыстоўваюць шлемы, прыбліжаныя формай да Штальгельму. Вялікае кола прыхільнікаў, асабліва сярод польскай лёгкаўзброенай конніцы, здабыў сабе кальчугавы панцыр. Затое ўсё радзей падчас бою паяўлялася тарча (шчыт). Цяжкаўзброеная конніца адкінула яе зусім, перайшоўшы на магутныя панцырныя плыты, якія насіліся на сабе. Кавалерыя, узброеная больш лёгка, па-ранейшаму працягвала ўжываць тарчы. У гэты час паявіўся новы род конніцы, г. зв. страдыёты (пол. racowie; так называлі сербаў, з якіх пачаткова фарміраваліся гэтыя вайсковыя атрады). З цягам часу з іх шэрагаў сфарміруецца знакамітае гусарскае войска. Зараз жа жаўнеры, якія служылі па-рацку, былі самай лёгкаўзброенай групоўкай сярод польскай конніцы і карысталіся тарчамі.
Усё больш распаўсюджанай рабілася агнястрэльная зброя, у гэты час яшчэ вельмі недасканалая. Яе зарадка была вельмі доўгай, а з трапнасцю выходзіла яшчэ горш. Рознага кшталту гакаўніцы, ручніцы і аркебузы выклікалі на пачатку хутчэй страх і перапалох, чым прыводзілі да значных страт у шэрагах непрыяцеля. Зявіліся на свет таксама гарматы. Гэта былі нязграбныя ўродлівыя прыстасаванні, якія цягнулі шматконныя запрэжкі. На мяжы XVXVI стст. артылерыя робіцца сталай удзельніцай баявых сутыкненняў. Менавіта агнястрэльная зброя назаўсёды змяніла характар бітваў у тагачаснай Еўропе. Аднак была важная не столькі сама зброя, колькі ў першую чаргу колькасць тых людзей, якія ўмелі ёю карыстацца. У бітвах усё часцей пачала ваяваць найманая пяхота. Якраз найміты, якія вербаваліся пераважна з ніжэйшых слаёў грамадства, выціскалі шляхецкае паспалітае рушэнне, якое было няздольнае прыстасавацца да новага кшталту вайны. Гэта разумелі ў Заходняй Еўропе і з гэтых прычын праводзілі структурную рэарганізацыю войска.
На жаль, у Польшчы яшчэ доўгі час лічылі, што паспалітае рушэнне, якое так выдатна сябе праявіла ў перамозе пад Грунвальдам, немагчыма замяніць на вайскоўцаў, хоць і добра падрыхтаваных, але ўсё ж такі больш нізкага паходжання. Апрача гэтага, паўставала праблема фінансавання такога войска. Шляхта заўсёды з вялікімі цяжкасцямі выкладвала грошы на абарончыя патрэбы краіны. Увядзенне падаткаў на войска патрабавала ўхвалення соймам. І часцей адбывалася так, што шляхта пагаджалася на чарговыя падаткі, але ўзамен вымагала новых саслоўных прывілеяў.