У абедзвюх дзяржавах уладу трымалі і перадавалі далей прадстаўнікі мясцовай магнатэрыі. У Чэхіі ім зяўляўся ў гэты час Іржы Падэбрадскі, звязаны з гусіцкім рухам. Начале Венгрыі стаяў Мацьяш Корвін, сын Янаша Гуньядзі, героя барацьбы з туркамі, саюзніка Уладзіслава Варненскага. Становішча Іржы з Падэбрадаў было нязвыкла цяжкім. Як прыхільніка гусітаў яго паўсюдна не прызнавалі. У дадатак, мэтанакіраваную палітыку супраць яго пачаў рымскі папа Павел ІІ, які імкнуўся вярнуць каталіцкай царкве былыя пазіцыі. Папа пракляў Іржы і звольніў яго падданых ад паслушэнства. Асабліва моцна гэты крок адбіўся ў Сілезіі, дзе ў апазіцыі да караля знаходзіўся, у прыватнасці, Уроцлаў. Нялюбасць да Іржы была тут настолькі вялікай, што сілезцы ўсё часцей аглядаліся ў бок Польшчы, якая магла дапамагчы пазбавіцца ненавіснага манарха. Уроцлаўскія мяшчане з вялікай радасцю ўслухаліся ў весткі аб пераможным завяршэнні Трынаццацігадовай вайны і верагодным хуткім прыбыцці сына Казіміра Ягайлавіча. Ватыкан прапанаваў каралю Польшчы выступіць супраць Іржы і забраць чэшскую карону сабе альбо аддаць яе аднаму са сваіх сыноў. Папскі легат упэўніваў у поўнай падтрымцы каталіцкіх краін і прыхільнасці сілезскіх князёў. Казімір, аднак, не рашыўся на выступленне супраць Іржы. Замест гэтага пэўны час ён стараўся падтрымліваць раўнавагу ў стасунках з чэшскім каралём. Аднак такі стан рэчаў не мог працягвацца вечна. Рымскі папа адмовіўся ад зацвярджэння Торуньскай мірнай дамовы, пакуль Казімір не прыме чэшскай кароны. Польскі манарх доўгі час вагаўся, у рэшце рэшт вырашыўшы стаць пасрэднікам у грамадзянскай вайне, якая шырока разгарэлася ў Чэхіі за гэты час. Жаданне палюбоўнага судзейства было ўспрынята чэшскімі панамі, якія хацелі бачыць у Казіміры свайго караля, як адмова ад чэшскай кароны. З гэтай прычыны частка чэшскіх дыпламатаў накіравалася да венгерскага караля Мацьяша Корвіна з такой жа прапановай. На падставе ўзаемных пагадненняў Корвін абвясціў аб распачынанні барацьбы з каралём Іржы ў мэтах абароны каталікоў. У выніку далейшых дзеянняў ён быў абраны чэшскім каралём.
Становішча Іржы з Падэбрадаў значна пагоршылася. Змаганне ён вёў беспаспяхова, не здолеўшы арганізаваць адпаведнае войска і карыстаючыся толькі малаздатнымпаспалітым рушэннем. Да Корвіна адыйшлі Сілезія, Лужыца і Маравія. Каб захаваць трон да канца жыцця, Іржы вырашыў ажыццявіць выбар Ягелона на свайго пераемніка. Адначасова з прапановай адрачэння ад чэшскай кароны на карысць дынастыі Ягелонаў выйшаў Мацьяш Корвін. Польскі бок, аднак, не пайшоў з ім на пагадненне і вырашыў у рэшце рэшт прыняць прапанову Іржы. Скліканы ў Празе сойм абраў Уладзіслава Ягайлавіча спадкаемцам цяперашняга манарха.
Такі абарот падзей не спадабаўся Мацьяшу Корвіну, які марыў аб злучэнні Чэхіі і Венгрыі. Ён вырашыў здзейсніць гэта любой цаной. Спачатку здавалася, што стан рэчаў спрыяе яму. У 1471 г. памёр Іржы з Падэбрадаў. Становішча Польшчы ў каталіцкім свеце відочна палепшылася, бо знік аргумент праціўнікаў, што Ягелоны звязваюцца з ерэтыкамі. Аднак паявіліся складанасці ў самой Чэхіі. Там як у лагеры прыхільнікаў Корвіна, так і Іржы перамагла ідэя выбару манарха на супольным сойме. Такая пастаноўка пытання азначала адмову ад прызнання раней праведзеных выбараў. Аднак польскія паслы, адпраўленыя на новы элекцыйны сойм у Кутняй Гары, змаглі вырашыць праблему на карысць Польшчы. З праціўнікаў, якія пагражалі польскім і ягелонскім дынастычным планам, найбольш небяспечным, зразумела, зяўляўся Мацьяш Корвін. Аднак ён не меў моцных пазіцый. Шанцы венгерскага караля змяншаліся з-за пагрозлівых чутак, якія зыходзілі з самой Венгрыі. Атрымаўшы іх сурёзныя пацвярджэнні, венгерскае пасольства выехала з Кутняй Гары, не дачакаўшыся элекцыі. У гэтых умовах чэшскім каралём быў абраны Уладзіслаў Ягайлавіч. Гэта адбылося 27 мая 1471 г. У жніўні Уладзіслаў каранаваўся ў Празе. У гэты ж час выбухнула вайна паміж Польшчай і Корвінам. Было прынята рашэнне ўдарыць па венгерскай тэрыторыі.
Ужо некалькі год, па меры развіцця супярэчнасцей паміж Корвінам і польскім кандыдатам на чэшскі трон, Казімір Ягайлавіч шукаў кантактаў з праціўнікамі венгерскага караля. Мэтай была падрыхтоўка грунту для ягелонскай кандыдатуры. Было вядома, што самаўладнае праўленне Мацьяша выклікае ў Венгрыі вострае незадавальненне, асабліва ў магнацкіх колах. Там не падабалася ўвязванне ў чэшскія справы і занядбанне барацьбы з туркамі. На пачатку 1471 г. склалася змова венгерскіх арыстакратаў, на чале якіх стаў даўні паплечнік Мацьяша прымас Янаш Вітэз. Змоўшчыкі планавалі скінуць Корвіна з венгерскага трона і паставіць на гэтае месца каралевіча Казіміра, аднаго з сыноў Казіміра Ягайлавіча. Яны паразумеліся ў гэтым пытанні з польскім дваром. Нягледзячы на вялікую сакрэтнасць, з якой прадпрымаліся ўсе дзеянні, Мацьяшу ўдалося даведацца аб інтрызе. Ён паспрабаваў перахіліць на свой бок частку незадаволеных магнатаў. Адначасова ў Кракаў было адпраўлена пасольства з прапановай пераміря на адзін год. Венгерская дэлегацыя таксама прадставіла план усынаўлення Уладзіслава Корвінам. Кароль Венгрыі пад прысягай абяцаў перадаць чэшскую карону ўсыноўленаму Уладзіславу за кошт прызнання выбару яго на караля Чэхіі. Польскі двор у катэгарычнай форме адкінуў гэтую прапанову. Далейшы лёс чэшскага трону павінна была вырашыць вайна. У Венгрыю быў накіраваны каралевіч Казімір, якому венгерскае пасольства прапанавала карону Святога Стэфана.