Высачэзны рэгбіст дрыжаў усім целам. Холмс мякка паклаў руку яму на плячо.
Баюся, любая разгадка прынясе вам боль, сказаў ён. Паспрабую з усіх сілаў вас ад гэтага берагчы. Цяпер я нічога сказаць не магу, але спадзяюся, што буду ведаць больш, перш чым пакіну гэты дом.
Дай жа Бог! З вашага дазволу, джэнтльмены, я падымуся да жонкі і зірну, ці няма зменаў.
Ён адсутнічаў некалькі хвілінаў, а Холмс тым часам вярнуўся да агляду дзівосаў на сцяне. Калі гаспадар спусціўся, па яго засмучаным твары мы зразумелі, што паляпшэнняў няма. Ён прывёў з сабой высокую, хударлявую і смуглявую дзяўчыну.
Гарбата гатовая, Далорэс, сказаў Фэргюсан. Прасачы, каб у гаспадыні было ўсё што яна пажадае.
Яна вельмі хварэць, усклікнула дзяўчына, абурана пазіраючы на гаспадара. Яна не прасіць ежа. Яна вельмі хварэць. Яна трэба доктар. Я баяцца быць з ёй адна, без доктар.
Фэргюсан запытальна зірнуў на мяне.
Буду рады дапамагчы.
Спытай, ці згодная гаспадыня ўбачыцца з доктарам Ўотсанам.
Я браць яго. Я не пытаць дазвол. Яна трэба доктар.
Тады я зараз жа пайду з вамі.
Услед за дзяўчынай, што трымцела ад моцнага хвалявання, я падняўся па лесвіцы і прайшоў старым калідорам, у канцы якога ўбачыў масіўныя дзверы, акаваныя жалезам. Зірнуўшы на іх, я падумаў, што калі б Фэргюсан вырашыў уварвацца да жонкі, гэта было б нялёгка. Дзяўчына выцягнула з кішэні ключ, і цяжкія дубовыя створкі зарыпелі на старых завесах. Я зайшоў, і яна паспяшалася за мной, замкнуўшы за спінаю дзверы.
На ложку ляжала жанчына без сумневу, у моцнай гарачцы. Яна была ў паўзабыцці, а калі я зайшоў, падняла спалоханыя, але прыгожыя вочы і з асцярогай зірнула на мяне. Убачыўшы незнаёмца, яна нібыта адчула палёгку і з уздыхам апусцілася на падушку. Са словамі падтрымкі я падышоў да яе і пакуль мераў пульс і тэмпературу, яна спакойна ляжала. Пульс быў часты, тэмпература даволі высокая, і ўсё ж у мяне склалася ўражанне, што прычыны гэтага хутчэй у разумовым і нервовым напружанні, чым у хваробе.
Яна так ляжыць адзін дзень, два дзень. Я баюся яна памерці, сказала дзяўчына.
Жанчына павярнула да мяне пачырванелы прыгожы твар.
Дзе мой муж?
Ён унізе і хоча вас бачыць.
Я не жадаю яго бачыць! Не жадаю! тут яна, відаць, пачала трызніць. О, дэман! Дэман! Што мне з гэтым дяблам рабіць?
Я магу вам неяк дапамагчы?
Не. Ніхто не можа. Усё скончана. Усё знішчана. Што б я ні зрабіла, усё знішчана.
У яе, відаць, пачалася нейкая дзіўная галюцынацыя. Я не мог уявіць шчырага Боба Фэргюсана ў ролі дэмана альбо дябла.
Мадам, сказаў я, ваш муж горача вас кахае. Гэтае здарэнне вельмі яго засмуціла.
Яна зноў падняла на мяне чароўныя вочы.
Ён кахае мяне. Кахае. Але хіба я не кахаю яго? Хіба я не кахаю яго так, што хутчэй ахвярую сабой, чым разабю яго сэрца? Вось як я яго кахаю! І ўсё адно ён падумаў на мяне ён сказаў пра мяне такое
Ён моцна бядуе, але нічога не разумее.
Так, не разумее. Але яму варта давяраць мне.
Не хочаце з ім сустрэцца? прапанаваў я.
Не, не, я не магу забыць ні ягоных жудасных словаў, ні выразу ягонага твару. Не хачу яго бачыць. Ідзіце. Вы нічым мне не дапаможаце. Скажыце яму толькі адно. Я хачу сваё дзіця. Я маю на яго права. Гэта адзінае, што я магу яму перадаць, яна адвярнулася да сцяны і не сказала болей ні слова.
Я спусціўся ў пакой, дзе ля агню ўсё яшчэ сядзелі Фэргюсан і Холмс. Фэргюсан паныла выслухаў аповед пра нашую размову.
Як я магу аддаць ёй дзіця? спытаў ён. Адкуль я ведаю, што можа на яе раптам найсці? Хіба можна забыць, як яна адарвалася ад сына з вуснамі ў крыві? ад гэтай згадкі ён уздрыгнуў. Немаўля ў бяспецы з місіс Мэйсан, з ёй яно і застанецца.
Зграбная пакаёўка, адзіны кавалачак сучаснасці, які мы ўбачылі ў доме, прынесла гарбату. Калі яна падавала яе, дзверы адчыніліся, і ў пакой увайшоў падлетак. Гэта быў мілы хлопец з бледным тварам, светлымі валасамі і неспакойнымі блакітнымі вачыма, якія ўспыхнулі раптоўным полымем хвалявання і радасці, калі спыніліся на бацьку. Хлопец кінуўся наперад і з нязмушанасцю адданай дзяўчынкі абняў яго рукамі за шыю.
Ох, татачка! усклікнуў ён. Я не ведаў, што ты будзеш ужо сёння. Я б цябе сустрэў. Ох, я так рады цябе бачыць!
Фэргюсан, крыху збянтэжаны, мякка вызваліўся з абдымкаў.
Мой любы хлопчык, сказаў ён, пяшчотна гладзячы ільняныя валасы. Я прыехаў рана, бо мае сябры, містэр Холмс і доктар Ўотсан, далі сябе ўгаварыць і прыехалі сюды правесці з намі вечар.