Не хвалюйцеся, не пераблытаем Як скончым усё лішняе вынесем, і габлюшкі прыбярэм
Я па абедзе жанчын прышлю, каб памылі
А што, у Бычках усё згарэла? Нічога не ўратавалі?
Усё! голас айца Антонія мацнее, і сабакі падхопліваюцца.
На Вербніцу, з-за ліхенькай электраправодкі, у суседніх Бычках згарэла драўляная царква. Таму і вырашылі сустракаць Вялікдзень у недабудаваным храме: на ўсяночную прыдуць бычкоўцы, а ў малой, перабудаванай з трансфарматарнай будкі капліцы, дзе служыць айцец Антоні, можа змясціцца чалавек дзесяць, не болей.
Матухна з кулічамі завіхаецца. Як вызваліцца прынясе вам падсілкавацца. Толькі ж глядзіце айцец Антоні хрысціцца на ўваходныя дзверы, не ў царкве
Ну няўжо не ведаем! гамузам адзываюцца цеслі, і брыгадзір, закаціўшы вочы, ледзь чутна шапоча: «Звеставанне угары, апосталы на зямлі».
Па абедзе мужчыны прымасціліся на лаўжы сухога галля за царквой і прагна, у восем рук, пачалі разбіраць прынесеныя матухнай Пелагеяй пачастункі. Пачастункі былі посныя, і мужчыны з тае нагоды ўголас абураліся («Нават сабакам няма чаго кінуць!»), але, дастаўшы са дна бяздоннай кайстры дзве пляшкі гарэлкі, ураз павесялелі.
Ну, з богам! выдыхнуў праз пару хвілінаў брыгадзір, куляючы чарку.
У торбе знайшлася толькі адна шклянка, таму пілі па чарзе, піхаючы закарузлыя пальцы ў слоік з кіслай капустай.
Тузік і Кузік сядзелі поруч, шоргалі па траве хвастамі, варушылі азадкамі, а ўчуўшы пах гарэлкі ды перакіслай капусты, разам пырхнулі.
Што, не смакуе? гукнуў чарнявы маладзён: ён разліваў гарэлку. Звыкайцеся з трапезай нашай, пасля такіх словаў мужчыны стрымана рагатнулі, а маладзён, адкаркоўваючы другую бутэльку, кіўнуў у бок царквы: Відаць, Бог усё ж такі ёсць.
Ёсць, ды не такі, якім яго малююць, азваўся на тое брыгадзір і, хукнуўшы ў жменю, глынуў другую чарку.
Усё гэта жыдоўскія штучкі, падтрымаў размову трэці мужчына таксама чарнявы і кучаравы, за што атрымаў мянушку Турак. Турак у свой час скончыў педінстытут і на ўсе выпадкі жыцця меў уласную думку. Мы што, славяне, дурнейшыя за жыдоў? Ды наш фальклор куды больш красамоўны. Казку «Лёгкі хлеб» чыталі? Сапраўдная філасофская прыпавесць! Турак глынуў гарэліцы, выцер далонню вільготныя вусны. Адно што жыды пісаць маглі, усё гэта занатавалі. А мы, славяне выпускнік педінстытута махнуў рукой і куснуў салёнага гурка.
Бязбожнік ты, Турак, убіўся ў размову маладзён, гарэць табе ў пекле. І габрэяў дарма крыўдзіш. Што яны табе кепскага зрабілі?
Гуркі былі пераспелыя, і хлопцы сплюнулі пад ногі семкі.
Які ж бязбожнік, калі я перакананы, што Бог ёсць і ён валадарыць светам. Адно што мадэль боскай сутнасці, якую прапануюць папы Турак на хвілю задумаўся, маракуючы, як скончыць фразу, і ў гэты момант з-за царквы выйшлі, несучы ў поліэтыленавых мяхах габлюшкі, дзве старыя жанчыны.
Хаця б далей адышлі пянтосы няшчасныя! гукнула адна з кабет, цеслі нязлосна мацюкнуліся і трэцюю чарку кулялі моўчкі.
Калі, праз гадзіну, падпітыя мужчыны рушылі да хаты, чарнявы маладзён кінуў Тузіку скарынку хлеба і, не да каго не звяртаючыся, запытаў:
А ці ёсць гэта душа ў сабак? і Тузік, нават не нюхнуўшы пачастунку, каротка брахнуў:
Ёсць!
Адвячоркам нібыта бралася на дождж, на даляглядзе пару разоў раскаціста грымнула, але потым усё сціхла, і ўскудлачаная, серабрыстая з краёў хмара няспешна прыхавалася за Бычкоўскім лесам. Наўзамен ёй над лесам паўстала Мілавіца, і ў паветры пранізліва запахла таполевымі пупышкамі.
Адну з таполяў, што расла на цвінтары, учора ссеклі, а галлё ды пацурбалкі па недаглядзе склалі тут жа, ля пня. Цяпер вось брыгадзір цесляроў з чарнявым напарнікам спехам цягаюць цурбакі да плота, аслабаняючы дарогу для хроснага ходу.
Галіны ў зямлю ўторкніце, каб дошак не было бачна, камандуе айцец Антоні, выкопваючы з нетраў святарскіх строяў кішэнны гадзіннік. Ляпнуўшы гадзіннікавым вечкам, бацюхна ўздыхае час ісці ў царкву пераапранацца, а тут яшчэ нічога не гатова.
Тузік з Кузікам круцяцца ля гаспадаравых ног, задаволена вішчаць, а неўзабаве, выцягнуўшы з лаўжа доўгія пруты, пачынаюць іх шкуматаць.
Матухна, сабак прыбяры! гукае айцец Антоні, але матухна не чуе у яе сваіх спраў па горла: жанчына махае камусьці рукой, а потым бяжыць пераймаць пажарніка, які нясе вогнетушыльнікі.