Шмат і іншых паданняў у тым краі кружыць сярод простага люду; у многіх з іх згадваюцца гістарычныя выпадкі, іншыя ж – болей плён фантазіі ды меланхалічнага духу, што вызначае жыхара гэтых дзікіх і лясістых ваколіц; ад прыроды ён здольны да жвавае думкі, уяўленне яго стварае дзіўныя карціны. Асобныя з тамтэйшых простанародных паданняў я перадаў у баладах, змешчаных у трох томіках альманаха «Nіezabudka»,[14] а менавіта: «Дзявочая крыніца»,[15] якая знаходзіцца на поўнач ад горада Полацка, схаваная ў ценю адвечных лясоў; «Дзве бярозы»,[16] якія і цяпер люд паказвае непадалёку ад берагоў возера Шэвіна; «Курганы»;[17] «Русалка»,[18] ўзятая з песні чараўніцы, якая, сумуючы па сваім каханым, спявае:
Бываюць тут часамі ў нядзелю кірмашы; людзі збіраюцца з бліжэйшых вёсак у касцёл. Там на могілках можна бачыць сцэны, якія наводзяць на душу смутак. Вось удава з малымі дзецьмі ля драўлянага крыжа, які стаіць над магілаю яе мужа, а там сіраты над магілаю бацькоў выказваюць сваю журбу голасам, які раздзірае сэрца; калі хто наблізіцца да іх і падслухае іхнія словы, – яны зайздросцяць мёртвым, і гэтыя слёзныя скаргі, здаецца, працялі б і каменныя грудзі. Пасля набажэнства ўсе збіраюцца ў адным месцы, дзе-небудзь паблізу карчмы; тут з’яўляецца некалькі жыдкоў[19] са стужкамі, іголкамі і рознымі блішчастымі аздобамі для адзення; падае голас адмысловая беларуская дуда.[20] Распачынаецца музыка[21] пад адкрытым небам; малады хлопец, і сівы дзед, падхмеленыя гарэлкаю, скачуць да поту, іх радасць часта пераходзіць межы прыстойнасці. А журботныя плачкі, якія нядаўна заліваліся слязьмі над магілаю мужа і бацькі, скачуць пад мелодыю дуды:
Або таксама:
У большасці песень гэтага простага люду, як у словах, так і ў мелодыі, ёсць нешта меланхалічнае, і нават вясельныя песні, дзе маладым зычаць шчаслівага супольнага жыцця, маюць у сабе нейкае пачуццё смутку, як быццам яны не давяраюць будучаму лёсу ў гэтай юдолі плачу… Але вясельныя абрады адметныя рыцарскім запалам; малады, перш чым стаць ля парога бацькоў нарачонае, прывучае свайго каня не баяцца агню і кідацца ў полымя, апасля такое падрыхтоўкі, сабраўшыся ехаць да свае нарачонае, ён і яго дружына надзяваюць чырвоныя шапкі, звешваюць на грудзі чырвоныя хусткі ды імчацца праз горы да дому, дзе іх чакаюць нявеста і госці. Перад варотамі яны спыняюцца; салома шугае полымем, ён і дружына пераскокваюць яе наўскач на ўдалых конях, але і тут яшчэ запаленыя пучкі саломы, якія кідаюць коням у вочы, не дазваляюць заехаць у адчыненыя вароты; яны адольваюць усе перашкоды; малады са схіленай галавою ўваходзіць у хату, сядае за сталом, чуецца песня «Баслоў Бог вяселле іграць»,[22] і тут пачынаецца блаславенне маладых і вясельны баль. Але ў часе таго балю здараюцца розныя незвычайныя выпадкі.
Беларусь, як і іншыя народы, памятае яшчэ некаторых сваіх міфалагічных бажкоў. Русалкі, калі жыта красуе ў полі, з распушчанымі доўгімі валасамі гушкаюцца на бярозах і спяваюць песні; іхні смех адгукаецца ў глыбіні лясоў і трывогай працінае тых, хто збірае грыбы або ягады. Лясны бог – пан дзікіх пустэльняў; каб чалавечны зрок не мог яго ўгледзець, ён пад размаітымі выглядамі хаваецца ў сваіх уладаннях; мінаючы лугі, так змяншаецца, што яго нельга ўбачыць у густой траве; ідучы праз пушчы, раўняецца з самымі высокімі хваінамі. Ён апякун звяроў і лясных птушак. Кажуць, што бачылі велізарныя чароды вавёрак, якіх лясны бажок перапраўляў з аднае пушчы ў другую; ён рабіў гэта, каб выратаваць іх ад агню, бо прадбачыў, у якім баку выбухне пажар.
Урачыстасць Купалы вядома амаль усім славянскім народам. На Беларусі 23 чэрвеня,[23] пасля захаду сонца, адбываецца Купальня, або Свята Купалы; уначы шукаюць скарбаў; самы шчаслівы той, каму пашанцуе сарваць кветку папараці; яго зрок прыкмячае закапаныя ў глыбіні зямлі скарбы, і ён столькі можа мець золата, колькі сам захоча. Кабеты разам з юнакамі і дзяўчатамі каля вогнішчаў са смаловага палення чакаюць усходу сонца, спяваючы песні:
Ды іншыя падобныя песні гучаць у полі, аж пакуль сонца не зайграе на небе.
Ноч Купалы ў тым баку Беларусі поўная незвычайных здарэнняў. На думку простага люду, уся прырода ў гэтую ноч весяліцца. Рыбакі бачаць паверхню возера, пакрытую часам белым, нібы месячным бляскам, і хоць неба яснае і паветра спакойнае, бліскучыя хвалі, удараючы ў берагі, разбіваюцца на кроплі, якія, нібы зоркі, свецяцца ў паветры. І гэтае цудоўнае відовішча на зарослых чаротам берагах абуджае дзікіх качак ды іншых вадзяных птушак, якія, прывабленыя дзівосным свячэннем вады, уздымаюцца тут і там над ясным возерам.
Дрэвы ў лесе таксама могуць пераходзіць з аднаго месца на другое; шумам сваіх галін яны размаўляюць паміж сабою; апавядаюць, што нехта, блукаючы гэтай ноччу ў лесе, знайшоў кветку папараці і бачыў не толькі скарбы, схаваныя ў зямлі, але і незвычайныя дзівы ў прыродзе; разумеў гаворку кожнага стварэння; чуў, як дубы сыходзяцца з розных мясцін і, зрабіўшы кола, гамоняць шолахам галін, прыгадваючы, быццам старыя ваяры, свае гераічныя ўчынкі і даўнія заслугі. Ліпы і бярозы, збіраючыся там, хваліліся сваёй прыгажосцю; сярод іх былі некаторыя, нібыта госці з суседніх садоў, класічна падстрыжаныя і выпрастаныя; тыя гаманілі пра залётнасць дваровых дзяўчат і свавольства панічоў, сведкамі якога яны няраз былі; а гэтыя крыўдныя размовы з пагардаю слухалі задуменныя хвоі і яліны. Ён бачыў вербы, якія, стоячы над рэчкай і ўглядаючыся ў вадзяное люстэрка, пыталіся адна ў аднае, што якой з іх пасуе, – і гэтыя цуды дзеюцца ажно да ўсходу сонца.
Усход сонца пасля гэтае бяссоннае, урачыстае ночы таксама бывае крыху асаблівы. Натоўп люду, што весяліцца ў полі, канчае песні ды танцы і моўчкі скіроўвае вочы да неба, нібы паглядае на сцэну, дзе ўверсе, на палаючай прасторы далягляду, павінна з’явіцца штосьці незвычайнае. Узыходзіць сонца, уздымаецца над гарамі ды лясамі і на вачах усяго люду рассыпаецца ў небе на дробныя зіхатлівыя зорачкі, зноў збягаецца ў адзін агністы шар; яго акружае безліч вясёлкавых кругоў, і ён мігціць, кружачыся вакол свае восі. Гэтая праява паўтараецца некалькі разоў, і такім чынам сонца грае штогод 24 чэрвеня.
Апрача згаданых цудаў, ёсць яшчэ, як мяркуюць жыхары таго краю, чароўныя зёлкі. Разрыў-трава можа дзівосна ўздзейнічаць на жалеза, разрывае нібыта замкі і кайданы ў вязняў; калі каса натрапіць на яе на лузе ў час сенакосу, дык расколецца на некалькі частак. Пералёт-трава, або лятучае зёлка; расказваюць пра яе, што яна мае здольнасць пераносіцца з месца на месца, яе вясёлкавая кветка надзвычай жывая і прыгожая, а ў сваім палёце часам блішчыць, быццам зорачка. Шчаслівы, хто яе сарве, бо не зазнае ён перашкодаў у сваім жыцці, усе яго жаданні неадкладна здзейсняцца, і гэтая зёлка – зёлка шчасця. Людзі, марачы пра шчасце на гэтай зямлі, малююць яго ў розных вобразах; грэкі і рымляне верылі ў сляпую Фартуну, што, круцячы вечнае кола, уздымае людзей пад аблокі і зноў апускае ў бяздонне. Беларускі народ уявіў сабе нейкае лятучае зёлка, гонячыся за якім не адзін збіўся з дарогі і не вярнуўся да свае роднае хаты. І я, шукаючы яе далёка, пакінуў гэтую родную старонку, дзе прайшлі самыя прыемныя дні майго жыцця, і цяпер у паўночнай сталіцы,[24] паглядаючы на тэатр вялікага свету, чытаю кнігу, што часам смешыць, часам прымушае ліць слёзы, і гэта – кніга чалавечых сэрцаў і характараў.[25]
Шляхціц Завальня
Дзядзька мой пан Завальня, досыць заможны шляхціц на загродзе,[27] жыў у паўночным і дзікім баку Беларусі. Яго сядзіба стаяла ў чароўнай мясціне. На поўнач паблізу жылля – Нешчарда, велізарнае возера накшталт марское затокі. Калі ўсходзіцца вецер, ад возера плыве роўны шум і відаць праз вакно, як пакрытыя пенаю хвалі падымаюць угору і зноў кідаюць уніз рыбацкія лодкі. На поўдзень ад дому нізіны зелянеюць кустамі лазы, дзе-нідзе ўзгоркі, парослыя бярозамі і ліпамі, на захад – разлогія лугавіны, і рака бяжыць з усходу – пераразаючы гэтыя ваколіцы, уліваецца ў Нешчарду. Вясна там надзвычай прыгожая, калі па лугах разальецца вада, і ў паветры над возерам і ў лясах зазвіняць галасы птушак, што вяртаюцца з выраю.