Хаўстовіч Мікола - Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях (зборнік) стр 6.

Шрифт
Фон

З касцёла Карпа з дружынаю і маладою жонкаю паехаў на паклон да пана, а з маёнтка – да хаты Агапчаных бацькоў. Вяселле было Бог ведае па-якому. Карпа з дзяцінства быў дворскі; звычаі нашы вясковыя яму ўжо здаваліся смешнымі і былі не даспадобы. Не пераязджаў ён на кані праз падпаленую салому, не гаварылі госці ніякіх арацый, не спявалі вясельных песень, не паклікалі нават дудара, і моладзь не патанцавала. Вяселле ў Гарасімавай хаце падобнае было да хаўтураў. І хутка маладая пара з гасцямі паехала адгэтуль да свае хаты, дзе ўжо Карпа кожным учынкам хваліўся сваім дворскім глянцам ды багаццем і хацеў, каб яго ўсе хвалілі.

Паклікаў дудара, кінуў яму, нібы чыноўнік які, колькі срэбранікаў і загадаў граць. Добра заплаціў таксама і кабетам, каб спявалі; з вымушанай ветлівасцю, нібы паніч які, прасіў хлопцаў і дзяўчат скакаць. Не было там шчырасці, а вось ежы і пітва – аж занадта. Чаркі з гарэлкаю амаль без адпачынку пераходзілі з рук у рукі. Шум у хаце, музыка грае, моладзь скача; ён апавядае пра сваю дворскую службу, пра прыхільнасць, якую заслужыў у пана. Адна Агапка – як забітая; было шкада нават на яе глянуць.

На панадворку хоць і цёмна, але ціха. На чыстым небе поўнач. Сітка[47] змяніла сваё становішча. Госці, захмялелыя ад моцных напояў, весяліліся. Нечакана нібыта маланка асвяціла хату і нейкі незвычайны шум пачуўся за сцяною. Пацямнела полымя свечак, усе заціхлі ды пазіралі адно на аднаго. Карпа быццам змяніўся з твару і, як непрытомны, гучна прамовіў: «Прыбыў мой госць» – і адразу ж загаварыў да сваіх сяброў пра нешта іншае. Але пасля гэтага здарэння дзіўная была перамена ў той хаце; кожнага апанаваў нейкі неспакой, некаторыя з прысутных бачылі загадкавыя і страшныя праявы: то на дварэ, то ў цёмных кутках хаты. Аднаму падалося, што нейкае страшыдла, зарослае валасамі, з-за сцяны ўглядаецца ў вакно; другому здалося, што на печы сядзіць нейкі карузлік з велізарнай галавою, чорны, як вугаль; іншы бачыць нібыта таго чарнакніжніка, які вучыў пана штукам шатанскім і золата рабіць. Карпа, убачыўшы трывогу асобных гасцей, смяяўся, казаў, што гэта моцная гарэлка стварыла такія дзівы, загадваў дудару граць і спяваць песні. Сярод гаманы і тлуму забылі пра ўсё.

Адчыняюцца дзверы: уваходзіць чараўнік Парамон. З-пад густых броваў агністым вокам прабег ён па гасцях і, стоячы яшчэ ля парога, так абазваўся:

– Кланем[48] вам, шаноўная дружына! Няхай вашую вясёлую кампанію радасць не пакідае, а маладой пары зычу згоды, любасці, багацця і заўсёды так весела прымаць і частаваць суседзяў і добрых сяброў.

Карпа вітае яго і просіць, каб сядаў на лаве на покуць. Расступаюцца госці, Парамон сядае за стол, спінаю апіраецца аб сцяну і ганарліва разглядвае ўсіх, хто стаіць перад ім. Карпа падносіць яму гарэлкі і закуску.

– А дзе ж твая Гапуля, гаспадыня маладая? Ці яна так занятая, ці, можа, таксама мяне не пазнала? Я пастарэў, а яна маладая вельмі, і ёй яшчэ трэба вучыцца, як жыць на свеце.

Карпа падвёў Агапку. Парамон зірнуў на яе маркотны твар і кажа:

– Не смуткуй, пажывеш, пакахаеш, і добра будзе.

Акім, селянін гэтае самае воласці, падданы пана К. Г., быў колісь з Парамонам у вялікай непрыязні. Будучы ў добрым гуморы, бо не любіў абмінаць чарку, успомніў нязгоды мінулых часоў, заклаў рукі за пояс, адставіў правую нагу і ў такой паставе, стоячы перад Парамонам і гледзячы яму ў вочы, так абазваўся:

– А! Кланем!

Усе паглядзелі на Акіма. Не рады, што ён, захмялеўшы ад гарэлкі, асмеліўся жартаваць з Парамонам. Баяліся, каб не выйшла з гэтага якога няшчасця, бо ўсе і раней верылі ў сілу Парамонавых чараў; верылі, што ён не толькі можа наслаць на людзей розныя хваробы і шаленства, але, калі захоча, дык і цэлае вяселле аберне ў ваўкоў.

Парамон зірнуў на яго са з’едлівай усмешкаю:

– А ты, – кажа здзекліва, – часам так падкрадаешся да панскае або суседскае спіжарні ці туды, дзе беляць палотны, што цябе не толькі вартаўнік не пачуе, але і сабака такога госця не знюхае.

– Га![50] Я добра памятаю, як вінавацілі мяне ў крадзяжы палатна, – адазваўся Акім, – ты варажыў на рэшаце, называючы імёны ўсіх сялян воласці. Рэшата павярнулася на маім імені і на імені Грышкі-дудара. Жонка аканома паверыла тваім чарам, і нас лупцавалі без міласэрнасці. А пасля адкрылася, што мы без віны прынялі тыя пакуты. Подлыя твае ўчынкі, і ў чарах тваіх няма ніякае справядлівасці.

Тут адгукнуўся і дудар Грышка:

– Га! Так, памятаю і я. Варта было б за твае хлуслівыя чары кіем падзякаваць, ды так, каб ты і з зямлі не ўстаў.

Парамон не мог вытрываць, што ману прыпісваюць ягоным чарам. Заіскрыліся вочы, пачырванеў ён увесь, усхапіўся з лавы. Усе перапалохаліся. Карпа хапае яго за плечы ды просіць, каб дараваў ім, бо п’яныя, не памятаюць, што кажуць. Бачачы гэтае бязладдзе, прыбягае Агапка, хапае яго за руку, перапрошвае, што ў іх меў такую непрыемнасць, і просіць прабачыць. Таксама Акіму і Грышку кажа, каб яны забылі пра мінулае і памірыліся з Парамонам. Карпа ставіць на стол гарэлку і вельмі просіць, каб, выпіўшы па чарцы, яны забылі, што было даўней.

Чараўнік крыху супакоены.

– Добра, – кажа, – не турбуйцеся, я паміруся. Няма ў мяне не толькі ахвоты перапыніць забавы ў вашай хаце, але хачу, каб яны зрабіліся яшчэ весялейшыя. Няхай сабе Грышка весела грае на дудзе, а Акім скача, – і з хітраю ўсмешкай дадаў: – Ну, ідзіце, запрашаюць нас гаспадар і маладая гаспадыня выпіць адзін да аднаго па чарцы гарэлкі. Яшчэ пеўні не спявалі: цяпер самы час павесяліцца.

Карпа, Агапка і госці вельмі просяць Акіма і Грышку, каб селі за стол з Парамонам. Акім не адмовіўся ад гарэлкі; дык і Грышка па яго прыкладзе выпіў з Парамонавых рук па кілішку; пасля яшчэ раз паўтарылі.

– Згода! Згода і мір паміж намі, – крычаць госці. – Сталы гнуцца ад пачастункаў, досыць і пітва, і закускі, давайце піць, гуляць, зычачы маладым багацця, здароўя і доўгіх гадоў.

Заспявалі песні. Грышка надзімае свой скураны мех, гучаць музыка і спевы. Моладзь скача. Парамон, задумліва і са здзеклівым тварам, пазірае то на дудара, то на Акіма. Кароткі час працягвалася дружная і вясёлая забава. Але раптам Грышка пачынае нейкага шалёнага казака,[51] госці крычаць, просяць, каб іграў «Цярэшку»,[52] спяваюць: «Цярэшкі біда стала, з кім яго жына спала». Ён не зважае на гэта, нікога не слухае, а ўсё грае ды грае сваё без усякага ладу. Тут Акім выбягае на сярэдзіну і пачынае, як шалёны, скакаць невядома што; дзівяцца ўсе, гледзячы і не разумеючы, што з ім зрабілася: вочы вырачыліся, твар змяніўся. Просяць аднаго і другога, каб адзін пакінуў граць, а другі – скакаць. Нічога не дапамагае. Ніякіх просьбаў не чуюць. Звар’яцелі абодва. Хацелі ўтрымаць – мармыча нешта незразумелае, вырываецца, зноў скача, і дудар грае беспярэстанку. Парамон збоку глядзіць на гэта і гучна смяецца.

– Не рушце іх, – кажа, – няхай павесяляцца. Другі раз не захочуць з кожным задзірацца.

Карпа просіць, каб дараваў ім і загадаў спыніцца.

– Няхай яшчэ пагуляюць, – адказаў Парамон. – Гэта іх навучыць паважаць і шанаваць людзей, разумнейшых за сябе.

Доўга пакутавалі дудар і Акім ад гэтага шалу. Ужо і поўнач мінула, і другі раз певень праспяваў. Нарэшце Грышку пакідаюць сілы: ён выпускае з рук дуду і падае, самлелы, на дол. Акім хістаецца, увесь учарнеў, нібыта перад смерцю. Гэтак задаволіўшыся помстаю, Парамон нешта пашаптаў, даў ім вады і, калі яны супакоіліся, узяў шапку, пакланіўся гаспадарам і пайшоў дадому.

Гэты выпадак парушыў увесь лад. Госці адзін за адным дзякавалі гаспадарам за іх ветлівасць і, зычачы багацця і шчаслівых дзён, выходзілі за дзверы.

Тут пан Завальня перапыніў:

– Кажуць, што некалі даўней, калі людзі больш дбалі аб славе Божай, такіх чараўнікоў палілі на агні або кідалі ў ваду. Чуеш, Янка, што робяць людзі, калі пабратаюцца з д’яблам? На свеце трэба быць асцярожным, чуў я за сваё жыццё шмат пра каго з такіх шкодных чараўнікоў, як Парамон.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3