Хаўстовіч Мікола - Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях (зборнік) стр 7.

Шрифт
Фон

– Можа, дзядзечка, рабіў ён гэта з дапамогаю нейкіх зёлак, можа, дудару і Акіму падліў у гарэлку блёкату ці іншае атруты, ад якой чалавек шалее.

– Не зёлкі такое робяць, а моц шатанская. І шкада, што вучоныя людзі не надта ў гэта вераць. Сам я ведаў аднаго паніча, які пра ўсё так казаў, быццам ніколі не вучыў ні катэхізіса, ні дзесяці прыказанняў Божых. Але што ж далей?

– Пасля свайго вяселля Карпа пачаў жыць не па-нашаму: хутка пабудаваў другі дом з вялікімі вокнамі, завёў сад, дзе цвілі вішні і яблыні, і жыллё яго больш было падобнае да шляхетскае сядзібы, чым да простае хаты. Так зафанабэрыўся, што пасадзіў пад вокнамі такія ж самыя кветкі, як і ў панскім садзе, з якіх аніякае карысці няма. Агапцы забараніў насіць шнуроўку і хустку, а загадаў апранацца ў такія паркалёвыя сукенкі, якія носяць шляхцянкі. Не хацела яна мяняць свайго ўбору. Ведала, што ўсе, бачачы яе ў дворскай вопратцы, будуць называць гультайкаю. Але ўсё ж мусіла пагадзіцца з ягонаю воляю і ў такім уборы палівала кветкі: Карпа меў шмат парабкаў – было каму ісці з сярпом на жніво. Пан бываў у яго на гасцінах. Меў Карпа грошы, меў і павагу, але ці ж у гэтым шчасце?

Заўсёды ён быў неспакойны ў думках сваіх; ніводнаму парабку ніколі не сказаў ласкавага слова, і Агапка не магла яму дагадзіць. Яе рэдкая ўсмешка здавалася яму здзеклівай, яе ціхмянасць ён называў глупствам, яе сціпласць і пацеры, якім навучыла маці, былі яму быццам пакаранне. Аднойчы загадаў, каб ні з адным парабкам не размаўляла, і гневаўся, што яна неруплівая. Бог ведае чаго хацеў.

Часам лаяў сваю жонку, што яна лайдакаватая. Адразу пасля захаду сонца ідзе адпачываць, і не хацеў, каб яна займалася да позняга якой-небудзь работай або малілася. Апоўначы часам уставаў з пасцелі і ля дзвярэй ці праз вакно размаўляў невядома з кім, выбягаў за дзверы і невядома дзе прападаў, аж пакуль певень не заспявае.

Меў ён прыяцеляў, якім даваў грошы і з якімі заліваў свой неспакой гарэлкаю; бывала, што па некалькі дзён не бачылі яго дома.

Аднойчы, калі чэлядзь пасля дзённае працы ўжо адпачывала, Агапка сядзела самотная ў пакоі і чакала мужа. Тут знянацку, нібыта ад маланкі, святло асвяціла сцены. Пасля зноў зрабілася цёмна. На Агапку нападае нейкая трывога. Нібы баючыся чагосьці, паглядае яна ў цёмныя куткі. Кот, пырхаючы, скочыў ад дзвярэй і, натапырыўшыся, застыў сярод хаты, свецячы неспакойным вокам. І тут заходзіць малады мужчына, прыгожа апрануты, на руцэ шмат залатых пярсцёнкаў, падпяразаны шырокім чырвоным поясам. Агапка ўзіраецца ў незнаёмы твар, што здаваўся досыць прыемным, толькі пагляд яго быў праніклівы, і першае ўражанне ад яго было страшнае.

– Кланем маладой гаспадыні, – кажа незнаёмец. – Што ж ты сядзіш такая самотная, нібы сірата якая? Глядзіш мне ў вочы: незнаёмы табе, але я цябе часта бачыў і добра ведаю. А дзе ж Карпа, мужык твой?

– Не ведаю. Трэці дзень, як яго не бачу. Дзесьці ў знаёмых, а можа, паехаў у горад. Чула, нешта такое казаў.

– Што яму рабіць у горадзе? Гуляе сабе, а карыстацца шчасцем не ўмее. Золата і срэбра мае шмат, а якая з яго карысць? Мог бы цуды тварыць. Мог бы збудаваць дом лепшы, чым гэты; такі, пра які старыя апавядаюць у казках, што ўвесь свяціўся золатам і срэбрам ды чыстым золатам быў накрыты. Мог бы сад развесці, як той, дзе спелі залатыя і срэбныя яблыкі, дзе спявалі б райскія птушкі; пад вакном раслі б у яго кветкі, ярчэйшыя, чым зоркі на небе. Вось гэты кот, варкочучы, баяў бы яму старыя дзіўныя гісторыі. З’ехалася б шмат паноў паглядзець на тыя цуды. І ён бы жыў лепш за караля. Ты маладая, прыстойная і разумнейшая за яго, пачынай жа сама гаспадарыць, а я буду табе памагаць, і мы здзівім свет.

Гаворачы гэтак, ён сеў на лаву поруч з ёю.

Агапка, гледзячы яму ў вочы, спыталася:

– Ці даўно ты знаёмы з маім мужам?

– Ведаю яго з дзяцінства. Я вандрую па свеце і служу шчаслівым людзям. Ты шчаслівейшая за іншых, табе хачу шчыра служыць.

– Хто ж ты такі і як тваё імя?

– Навошта табе ведаць маё імя? Я твой прыяцель. Згадзіся толькі на мае жаданні і мае паслугі, а пасля даведаешся пра ўсё. – І, сыплючы золата на зямлю ды гледзячы на Агапку, дадаў: – Бачыш, што я магу.

– Я не хцівая, хачу толькі спакою душы. І няхай мяне апякае Прачыстая Маці Сірацінская.

Ледзь вымавіла імя Маці Божае, – успыхнуў ён полымем і знік у імгненне вока. Агапка з пранізлівым крыкам выбягае за дзверы і падае непрытомная. Ад гэтага крыку прачынаюцца парабкі, бягуць на дапамогу і знаходзяць яе ў сенцах: яна ляжыць як нежывая. Ледзь змаглі вярнуць ёй дыханне. Бяссонная была тая ноч. Не спала Агапка, сядзелі ля яе слугі, хвалюючыся за здароўе пані.

Раніцою вярнуўся дахаты Карпа. Калі яму расказалі пра гэтае здарэнне, змяніўся з твару і з неспакойнымі думкамі доўга паходжваў сюды-туды. Нарэшце падышоў да жонкі, кажа:

– Што ж ты нарабіла? Калі пасеяна, дык трэба і жаць, а інакш – людскі смех і няшчасце.

– Не сеяла я тых злых зярнят, – адказвае яна, плачучы. – Лепей памерці, чым карыстаць з таго жніва.

Ён кінуўся да жонкі з кулакамі, але яна выскачыла за дзверы і схавалася, пакуль не прайшла ягоная злосць.

Карпа зусім занядбаў гаспадарку і рэдка калі пасылаў на паншчыну сваіх парабкаў. Аканом абыякава глядзеў на гэта і ўсё яму дараваў, бо Карпа заявіў пану, што хоча быць вольны, і вялікія грошы абяцаў, каб выкупіць сябе і зямлю, на якой жыў.

Аднойчы ўвечары ў хаце паводле свайго звычаю Карпа ўсхопліваецца, падыходзіць да вакна і сядзіць ля яго задумлівы. Чуваць было, што ён размаўляў сам з сабою. Жонка просіць яго, каб супакоіўся. Карпа толькі адказаў:

– Вярнуся заўтра, – стукнуў дзвярыма і пайшоў невядома куды.

Агапка паклікала да сябе кабету, бо баялася адна начаваць. Ледзь толькі задрамала, чуе, што нехта дакрануўся да яе рукі гарачай далоняю. Глянула і бачыць: той мужчына, што яе нядаўна напалохаў, стаіць, дзіўна апрануты, пазірае на яе, і вочы ягоныя гараць, як дзве свечкі, на галаве шапка і пояс, якім ён падперазаўся, чырвоныя, як вуголле ці распаленае жалеза. Агапка здранцвела ад страху, ледзь руку змагла падняць, каб перажагнацца. І ён умомант знік. Разбудзіла Агапка сваю таварышку і расказала ёй пра гэты прывід. Размаўлялі нейкі час, а калі супакоіліся, – зноў тая здань з’явілася перад імі і зноў знікла, як успомнілі імя Езуса і Марыі. Дык усталі з ложка і, запаліўшы святло, маліліся, аж пакуль певень не заспяваў.

Пасля гэтага здарэння пасылае Агапка перад узыходам сонца да сваіх бацькоў кабету, каб паведаміла пра тыя здані, і прасіла наведаць яе ды параіць, што ёй рабіць у такіх выпадках.

Па ўсёй воласці разышлася пагалоска пра тое, што цмок колькі разоў палохаў Агапку, прыходзячы да яе ў розных абліччах. Карпа ж даводзіў усім, што гэтыя весткі фальшывыя, што ягоная жонка быццам звар’яцела, а можа, д’ябал і прыходзіць да яе за нейкія грахі.

Гарасім са сваёю жонкаю, калі сонца ўжо хілілася да захаду і ў полі скончылі працу, пайшлі пераведаць сваю дачку. Агапка, як убачыла іх праз вакно, з вялікай радасцю выбегла насустрач, прывяла іх у хату і са слязьмі апавядала пра свае пакуты, аб пераменах у мужавым жыцці, аб з‘яўленні ў чалавечым абліччы таго цмока, які яму служыць.

– Ну вось, – адказаў Гарасім, – калі я яшчэ перад вяселлем казаў аканому і іншым дваровым людзям, што Карпа выгадаваў сабе цмока, які дае яму багацце, дык смяяліся і кпілі з мяне, гаварылі: «Грубы, дурны мужык, пляцеш немаведама што». А калі гэта дайшло да пана, дык ён, угневаны, сказаў: «Слухай, хаме, калі ты будзеш малоць гэтую лухту, атрымаеш соцень пяць розгаў і палову галавы агалю, як вар‘яту». Што ж яны цяпер на гэта скажуць?

Маці, плачучы, кажа ёй:

– Хутка збяром з поля, тады пойдзем разам да Прачыстае Маці Сірацінскае. Падгаворвай і яго, каб ішоў з намі і там паспавядаўся. Бог злітуецца. А вось гэта ў мяне свянцоныя зёлкі і касцельнае кадзідла, якімі кожны вечар будзеш акурваць хату, і, можа, дасць Бог, што ўсё наладзіцца.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3