Так, седзячы, размаўлялі яны пра сёе-тое, а Карпы ў той час у хаце не было. Ужо і змрок. У пакоі пацямнела. Ноч была цёплая, неба чыстае. Паветра такое ціхае, што, здаецца, волас не паварушыцца на галаве. Пасля вячэры, бо надвор’е было цудоўнае, парабкі пайшлі начаваць у поле, пры конях; іншыя ж – у адрыну на свежае сена. У хаце толькі Агапка не магла закончыць прыемнае размовы са сваімі бацькамі. Ціха было ўсюды, толькі раз-пораз патрэскваў кнот свечкі, якая дагарала. Агапка раздзьмухала агонь і кінула на яркія жарынкі-вугольчыкі свянцоных зёлак. Адразу ж з-за сцяны данёсся як бы шум раптоўнага ветру, і бляск прабег па хаце. Задрыжалі ўсе.
– Вось ён, – паведаміла ўстрывожаная Агапка. Змоўклі і, мовячы пацеры, чакалі, што будзе далей. Ля печы стаялі гаршкі. Адзін з іх падлятае ўгору, падае на падлогу і рассыпаецца на дробныя чарапкі. Збан з квасам, які стаяў на лаве, ускоквае на стол, а са стала кідаецца на зямлю і разлятаецца на друзачкі. Кот перапалохаўся, заіскрыліся вочы, і ён, пырхаючы, схаваўся пад лаваю. Рознае хатняе начынне пачало лятаць з кута ў кут.
Гарасімава жонка зняла з сябе медны крыжык (колісь высвенчаны пры адпушчэнні грахоў у Юхавічах у час Юбілею[53]).
– Няхай ён будзе тваім абаронцам, – сказала і надзела на шыю дачцэ.
Калі набожная кабета вымавіла гэтыя словы, дробныя, як град, каменьчыкі, вылятаючы з цёмных куткоў, адскоквалі ад сцен; і камяні па некалькі фунтаў выляталі з-за печы, аднак бацькі і дачка, заклікаючы на дапамогу Прачыстую Маці, цэлымі выбеглі за дзверы.
Сабралася ўся чэлядзь ды са страхам і здзіўленнем паглядалі на хату. З вокан і ад сцен ляцелі камяні рознай велічыні; ніхто туды і наблізіцца не адважваўся. Усе, стоячы, пазіралі на гэтую праяву і не ведалі, што рабіць.
Мінулася поўнач, заспяваў певень. Тая страляніна крыху супакоілася. Аднак ніхто не адважваўся ўвайсці ў хату. Чэлядзь чакала ўзыходу сонца на падворку, а Агапка пайшла з бацькамі да іхняга жытла.
Калі сонца было ўжо высока (выгналі ў поле жывёлу, і парабкі, адны з косамі, іншыя з сохамі, выйшлі на работу), прыязджае Карпа. Дом пусты. Сустрэў адну толькі кабету, якая прыйшла з поля, убачыўшы, што вяртаецца гаспадар. Пытаецца ў яе:
– Што тут чыніцца і дзе жонка?
Кабета апавядае яму, як усё было. Карпа перапалохаўся, змяніўся з твару.
– Яна мяне загубіла, – закрычаў ён і адразу пайшоў да чараўніка Парамона.
Вестка пра здарэнне ў той самы дзень разышлася па ўсёй ваколіцы. У панскім маёнтку адны паверылі, што ўсё гэта ад сілы шатанскае, іншыя ж смяяліся, кажучы, што тут проста нейкае свавольства. Гарасім паведаміў пра ўсё пробашчу, просячы, каб ён гэтага ж дня прыехаў да Карпавае сядзібы і пасвянціў небяспечны дом, у якім завёўся шатан.
Адвячоркам цікаўны люд папрыходзіў з усяе воласці, каб пабачыць тыя дзівы. Прыйшоў аканом і з ім шмат маладых ды смелых хлопцаў з маёнтка, якія, не верачы ў моц шатанскую, спадзяваліся, што зловяць якога-небудзь свавольніка. Колькі з іх, не зважаючы ні на што, нават адчынілі дзверы і хацелі ўвайсці ў хату, але не паспелі стаць на парозе, як усе з крыкам кінуліся назад, бо камень выцяў аднаго з іх так, што хлопец ледзьве апрытомнеў. Люд, паглядаючы на гэтыя дзівы, стаяў здалёк ад дома, а камяні штораз гусцей сыпалі адтуль.
Карпа ад роспачы змяніўся ўвесь і, быццам непрытомны, праклінаючы жонку, суседзяў і лёкаяў, хацеў уварвацца ў хату, але яму не дазволілі. Парамон, што стаяў побач, шаптаў нешта, але сваімі чарамі ўжо не мог дапамагчы. Пан К. Г., апанаваны цікаўнасцю, таксама прыехаў і, не адважваючыся наблізіцца да хаты, загадаў акружыць сядзібу і чакаў, які канец будзе гэтым жахам.
А вось і ксёндз у капеланскім уборы прыехаў. Учыніў ён святы абрад і, калі са свянцонай вадою хацеў наблізіцца да сцен, – імгненна ўвесь дом ахапіла полымя, і хутка будынак рухнуў.
Здзіўлены люд, гледзячы на гэткую помсту злога духа, паціскаў плячыма. І кожны з тых, хто быў тут пры поўнай свядомасці, з трывогаю пакідаў на месцы, дзе стаяў дом, ужо толькі вуголле і дымныя галавешкі. Ксёндз вяртаўся дадому ўзрушаны, шкадуючы аб неразумнасці свае паствы. Калі адыходзіў Парамон, дык лаяў, трасучы галавою, нешчаслівага Карпу: «Добра дурню: як паслаў, так і выспаўся». Па ўсёй ваколіцы, у простай хаце і ў панскім палацы, доўгі час гаварылі пра гэтае здарэнне.
Карпа невядома дзе падзеўся пасля таго страшнага пажару. Знік і ўжо больш не наведваў ні сваіх прыяцеляў, ні цесця, ні жонкі. Рознае пра яго думалі. Адны меркавалі, што ён злыгаўся з ліхадзеямі, якія пераганялі крадзеных коней з Беларусі пад Пскоў ці да Вялікіх Лук. Дык пан паслаў арандара Хаіма на зведы. Іншыя сяляне казалі, што сустракалі Карпу ў роспачы, і ад іхняга голасу ён, як дзікі, уцякаў у лес.
Прайшло колькі тыдняў. Шукаючы качак, нейкі паляўнічы з выжлам ішоў ля берага возера. Дзень быў нейкі хмарны, хвалі біліся аб бераг. На пяску ля самае вады здалёк убачыў ён чараду груганоў. Стрэліў. Груганы паляцелі і схаваліся ў пушчы. Падышоў бліжэй – і бачыць выкінуты вадою труп, які хваля яшчэ пакрывала пенаю. Адразу ж ён паведаміў у маёнтак. Далі знаць у суд. Цяжка было пазнаць, чыё гэта цела, але вопратка і пярсцёнак на руцэ далі магчымасць апазнаць Карпу.
Так няшчасны скончыў сваё жыццё. Без малітваў і без ксяндза там жа на беразе труп закапалі.
Тут падарожны змоўк.
– Скажы ж, – просіць пан Завальня, – а што сталася з Агапкаю?
– Агапка колькі гадоў жыла пры бацьках, ад смутку і спалоху ўвесь час хварэла. Пасля смерці бацькоў і яна згасла, як свечка. Няхай пануе на небе. У сваім дабрачынным і цнатлівым жыцці была яна прыкладам усім кабетам нашае ваколіцы. Хоць было гэта даўно, аднак і цяпер там, дзе яна са слязьмі палівала кветкі, зелянеюць вішні і яблыні, і краскі тыя кожную вясну найпрыгажэй цвітуць, дзяўчаты ў святочныя дні плятуць з іх вянкі і аздабляюць абраз Прачыстае Маці.
– Чаму ж ты не ажаніўся з ёю, калі яна была ўжо ўдавою? – спытаўся пан Завальня. – Ты ж яшчэ раней кахаў яе. Меў бы найлепшую жонку. А добрая жонка – скарб найдаражэйшы, бо дзе ў хаце каханне і згода, там і блаславенне Божае. Вось і я жыву сяк-так, дзякуючы Богу, а ўвесь гэты лад у гаспадарцы зрабілі разам з маёю нябожчыцай.
– Пасля таго смутнага вяселля я прасіў пана, каб дазволіў мне пайсці ў чужую старонку, дзе лягчэй набыць грошы дзеля гаспадаркі ды на падаткі. А яшчэ меркаваў, што, як буду далёка, хутчэй забуду на ўсё тое, што доўга стаяла ў мяне перад вачыма і наводзіла смутак. Я блукаў колькі гадоў па Расіі, ля Ноўгарада і Старое Русы, і быў нават пад самым Пецярбургам, увесь час робячы самую цяжкую работу там, дзе вялі дарогі праз багны і дзікія лясы; капаў глыбокія канавы, часам увесь дзень стоячы ў вадзе. Усё гэта, дзякуй Богу, вытрываў, не падарваў здароўя і вярнуўся дадому з грашыма, і тут мне расказалі пра тое страшнае здарэнне з Карпай і пра смерць нешчаслівае Агапкі.
– А ці жыве Парамон?
– Памёр без споведзі, і магіла яго ў полі без крыжа.
– А што, Янка, ці падабаюцца табе нашы простыя апавяданні? Яны праўдзівыя, і іх лягчэй зразумець, чым гісторыі пра даўніх паганскіх багінь і бажкоў, пра якіх ты мне апавядаў. Такую байку ніхто не запомніць, хіба толькі чалавек вучоны.
– Я люблю падобныя апавяданні. Шмат у гэтай народнай фантазіі Божае праўды.
Калі пан Завальня размаўляў са мною, дык між чэлядзі чуваць былі такія словы: «Вот добры так добры, усю ноч бы ня спаў да слухаў».
– Ну, будзем жа зараз слухаць, – сказаў Завальня, – што нам раскажа твой таварыш. Але здарэнні з твайго жыцця. страшныя і цікавыя.[54]
Апавяданне другое. Зухаватыя ўчынкі
– Ведаў і я ў сваім жыцці такога чалавека, што быў падобны да Карпы, і за тое ж мусіў ён пакутаваць. Цяпер свет сапсаваны, шмат людзей зухаватых ды лайдакоў, гатовых на ўсё злое, а хто ім што добрае кажа – і слухаць не хочуць.